Расея пераняла беларускія практыкі катаванняў палітвязняў – «Русь сидящая»


Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» публікуе спіс палітычных вязняў, у якім цяпер 1397 чалавек. Расейскі спіс палітзняволеных, які вядзе «Мемориал», удвая карацейшы: 739 чалавек, з якіх 429 пераследуюць паводле рэлігійных матываў. Але Крэмль вучыцца рэпрэсіям ва ўладаў Беларусі, апавяла ў эфіры «Вось так» кіраўніца фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава.

«Помещение для нарушителей»
«Памяшканне для парушальнікаў» у калоніі-пасяленні № 2 УФСВП па Маскве. Зеленаград, Расея. 19 ліпеня 2022 года.
Фота: Совет Федерации / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

Колькасць палітвязняў у Расеі вырасла ў 15 разоў з 2014 года, гэта відавочна не канчатковая лічба. Імклівы рост звязаны з узмацненнем рэпрэсіяў і «палачнаю сістэмаю», апавядае Вольга Раманава. Калі сілавік летась выявіў 10 «здраднікаў радзіме», то сёлета не можа выявіць толькі 8 ці 9, гэта будзе пагаршэнне паказнікаў, трэба мінімум 11.

Да таго ж ёсць грамадзяне Украіны, ваеннапалонныя і асуджаныя цывільныя асобы, якіх пакуль не залучаюць у спісы палітычных вязняў. Калі судовых ахвяраў вайны аднясуць да палітзняволеных, колькасць палітычных вязняў вырасце ў разы, але пакуль іхная колькасць невядомая: асуджаных не так проста знайсці ў калоніях, а на судах ім часта прызначаюць адвакатаў, якія не хочуць супрацоўнічаць з праваабаронцамі.

Вольга Раманава, кіраўніца фонду «Русь сидящая». 13 чэрвеня 2024 года.
Скрыншот: Вот Так / Youtube

Яшчэ некалькі гадоў таму расейцаў шакавала, калі беларускія праваабаронцы або палітычныя вязні апавядалі пра ўмовы ўтрымання тых, хто ідзе паводле гэтак званых палітычных артыкулаў: як іх вылучаюць у асобную касту, пазначаюць фарбаю, заліваюць хлёрку ў камеры… Цяпер, падобна, гэтая практыка дабралася і да расейскіх турмаў:

«Напэўна, нас з вамі аб’ядноўвае і савецкае мінулае, ну і, вядома, тое, што Расея ў сэнсе рэпрэсіі ідзе ў фарватары беларускім. І менавіта з Беларусі пайшла практыка, калі палітычным зняволеным вельмі абмежаваны ліміт перадачаў. Я памятаю, у Беларусі пачалося з таго, што перадавалі мяшкі гнілых яблыкаў палітычным, каб быў вычарпаны ліміт. Тое ж пачалося і ў Расеі. Вось цяпер педыятру Надзеі Буянавай, арыштаванай за дыскрэдытацыю расейскай арміі, амаль 70-гадовай, перадалі 20 кілаграмаў солі, спрабуючы вычарпаць ейны ліміт перадачы.

Гэта ўсё пачалося з Беларусі. Ізаляцыя палітвязняў, пераслед іхных адвакатаў – гэта ўсё, безумоўна, вядомыя беларускія практыкі. Яны прыходзяць у Расею».

Спецыяльных метадычак, як яшчэ больш псаваць жыццё палітвязням, няма. Але «турэмныя начальнікі самі ўсё разумеюць», тлумачыць Раманава. Стаўленне да палітвязняў мяняецца ў залежнасці ад пажаданняў вышэйшага начальства і ад палітычнай сітуацыі.

У Расеі пачатку 2000-х да палітвязняў ставіліся з павагай, успамінае праваабаронца. Усё змянілася ў 2014 годзе пасля анексіі Крыму, калі «эйфарыя «русского мира», яго зараза ахапіла ў тым ліку і турмы, і калоніі. І зняволеныя, і турэмнікі паверылі ў гэты «русский мир». Палітвязні ў выніку ператварыліся ў «амерыканскіх наймітаў». З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне стала яшчэ горш.

Цяпер жа Уладзімір Пуцін фактычна ўзнагародзіў адказных за забойства апазіцыянера Аляксея Навальнага. Значыць, мала таго, што гэта можна, дык гэта яшчэ і падтрымліваецца.

Да Навальнага было самае жорсткае стаўленне, але і іншым палітвязням у Расеі ствараюць невыносныя ўмовы. Як і ў Беларусі, раз за разам змяшчаюць у штрафны ізалятар – напрыклад, так робяць з Іллём Яшыным і Уладзімірам Кара-Мурзой. Апошні атрымаў чарговае спагнанне за цытаванне Салжаніцына і Шаламава на судзе.

Рэпартаж
«Да вечара можаш не дажыць». Палітзняволеныя жанчыны заклікаюць любымі спосабамі ратаваць тых, хто застаецца ў турмах
2024.05.21 20:50

Алесь Наваборскі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў