Не толькі Навальны? Хто ў Расеі ў апазіцыі да Пуціна


Расейскія дэмакратычныя сілы лічацца раз’яднанымі і малаколькаснымі. Але хто гэтыя людзі? Звычайна ўспамінаюць забітага Барыса Нямцова і Аляксея Навальнага, які сядзіць у турме. Хто яшчэ ў апазіцыі да рэжыму Пуціна (фармальна і фактычна) і чым яны вядомыя – у матэрыяле Belsat.eu.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галасаванне на з’ездзе партыі «Гражданская платформа» за падтрыманне Уладзіміра Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах 2018 года ў Расеі. Масква, Расея. 25 снежня 2017 года.
Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

Парламенцкая «апазіцыя»

«Единая Россия» мае ў Дзяржаўнай думе большасць, але яна не адзіная парламенцкая партыя. Партыяў у Думе нават больш, чым фракцый: акрамя «Единой России», кампартыі, ЛДПР, «Справедливой России – За правду» і «Новых людей» ёсць адзінкавыя парламентарыі ад «Гражданской платформы», «Партии роста» і «Родины».

Але не варта цешыць сябе гэтай уяўнай шматпартыйнасцю. Сапраўднай апазіцыі ў Дзярждуме няма з 2003 года, калі ліберальны Саюз правых сілаў і сацыял-дэмакратычная партыя «Яблоко» упершыню не прайшлі пяціадсоткавага бар’еру. Увесну 2012 года, падчас шматтысячных пратэстаў, «Справедливая Рассия» (некалі створаная ў Адміністрацыі прэзідэнта як «левая нага» ўлады) гуляла ў фрондзе, але нядоўга. Да наступных выбараў спіс «эсэраў» ачысцілі ад нешматлікіх нязгодных.

Камуністычная партыя (КПРФ) была апазіцыяй толькі ў 1990-х, а ЛДПР і наогул на службе ва ўладаў з 1989 года. «Новых людей» называлі праектам адміністрацыі прэзідэнта і партыяй «Faberlic» – яе ўзначальваюць уладальнікі кампаніі. Пазафракцыйныя дэпутаты таксама не схільныя выступаць супраць рэжыму: «Гражданская платформа» пры канцы 2018 года размяшчала рэкламу супраць «ельцынізму», дэпутат ад «Родины» праславіўся клопатам пра чарапах у дацкіх бардэлях, дэпутата ад умоўна ліберальнай «Партии роста» звязваюць з сілавікамі. Усе яны падтрымалі вайну супраць Украіны.

Такім чынам, легальнай парламенцкай апазіцыі ў Расеі няма ўжо шмат гадоў. Гэта моцна ўскладняе аналогіі з рэвалюцыйнай сітуацыяй ва Украіне як 2004-га, так і 2013–2014 гадоў. Затое нагадвае Беларусь.

Партыя «Яблоко»

Існуе з 1993 года партыя «Яблоко» (названа складзеная з першых літараў прозвішчаў траіх заснавальнікаў) пазіцыянуе сябе як аб’яднаная і дэмакратычная. З «Яблока» выйшлі як вядомыя апазіцыянеры Аляксей Навальны і Ілля Яшын, так і адыёзныя дзяячкі рэжыму Ірына Яравая і Алена Мізуліна (зрэшты, гэтая пабывала сябрай мноства партыяў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыхільнік партыі «Яблоко» з плакатам стаіць перад Дзярждумай падчас адзіночнага пратэсту. Масква, Расея. 11 сакавіка 2020 года.
Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

Лідара «Яблока» Рыгора Яўлінскага часта абвінавачваюць у правадырстве, хоць ён ужо даўно фармальна не з’яўляецца старшынёй партыі (узначальвае федэральны паліткамітэт). З яго рэўнасцю звязваюць рэгулярныя выключэнні з партыі амбітных і перспектыўных палітыкаў, якія прынеслі «Яблоку» поспех – Навальнага, Яшына, Максіма Рэзніка, Максіма Каца і іншых.

Эканаміст і аўтар праграмы «500 дзён», Яўлінскі – аднагодак Уладзіміра Пуціна. Ён атрымоўваў запрашэнні працаваць ва ўрадзе рэфарматараў у 1990-хя але заўсёды іх адпрэчваў, аддаючы перавагу крытыцы збоку. Яўлінскі ўдзельнічаў практычна ва ўсіх прэзідэнцкіх выбарах (часцей за яго балатаваўся толькі скандальны лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі), падчас апошняй кампаніі 2018 года на сустрэчах з выбарнікамі Яўлінскі вінаваціў у экалагічных праблемах залогавыя аўкцыёны 1990-х, шкадаваў аб распадзе СССР, казаў пра Вялікую Айчынную вайну. Ён набраў толькі 1,05 % галасоў, а пасля выбараў купіў у Маскве асабняк на элітнай Рублёўцы, ацэнены на 55 млн рублёў – на грошы ад звязанага з уладамі адвакацкага бюро.

«Яблоко» выступае супраць анексіі Крыму (лічыць, што яго статус і будучыня павінна вызначыць нейкая міжнародная канферэнцыя) і вайны з Украінай. Яўлінскі кажа, што расейцы не зрынулі рэжыму, бо «створаная за 30 гадоў у Расеі дзяржаўная і эканамічная сістэма не дазволіла стварыць грамадзянскую супольнасць», а дэмакратыі ў Расеі не было і ў 1990-х. У развароце Расеі да дыктатуры ён вінаваціць і «дрэнную якасць» заходніх лідараў.

«Яблоко» мае фракцыі ў шэрагу рэгіянальных парламентаў: у Маскве, Санкт-Пецярбургу, у Карэліі, Кастрамской і Пскоўскай вобласцях. Ад партыі абіралі мноства муніцыпальных дэпутатаў. Сябры «Яблока» – галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў, вядомыя рэгіянальныя дэпутаты Барыс Вішнеўскі, Леў Шлосберг, Яўген Бунімовіч і Сяргей Мітрохін (дваіх апошніх часам абвінавачваюць у блізкасці да мэрыі Масквы).

«Яблоко» актыўна рэпрэзентаванае ва ўладзе. Гэтак, чалец паліткамітэту партыі Ігар Арцем’еў 16 гадоў узначальваў Федэральную антыманапольную службу, а з 2020 года працуе дарадцам прэм’ер-міністра. Таксама чалец паліткамітэту Алена Дубровіна ў 1999–2016 гадах уваходзла ў Цэнтрвыбаркам. Адзін з заснавальнікаў партыі Уладзімір Лукін 10 гадоў працаваў упаўнаважаным у правах чалавека (таксама быў прадстаўніком Пуціна ў Кіеве падчас Рэвалюцыі годнасці) і пяць гадоў – сенатарам. Да 2007 года і ў 2011–2016 гадах «Яблоко» атрымлівала дзяржфінансаванне.

У 2021 годзе кіраўніцтва «Яблока» выключыла прыхільнікаў Навальнага з партыі, а іншых «навальністаў» заклікала не галасаваць за «яблычнікаў». Яўлінскі неаднаразова пісаў пра Навальнага артыкулы ў духу крамлёўскай прапаганды, у тым ліку пасля прысуду (напрыклад, сцвярджаў, што расследаванне карупцыі «распальваюць прымітыўную сацыяльную варожасць»). Навальны і палітыка 1990-х – галоўныя мэты крытыкі Яўлінскага (якія дзіўна супадаюць з любімымі мішэнямі Пуціна і прапагандыстаў).

Рэпартаж
Украіна перш за ўсё, а апазіцыя не вінаватая: як прайшоў расейскі антываенны форум у Вільні
2022.12.04 21:18

Што датычыць вайны ва Украіне, Рыгор Яўлінскі неаднаразова заклікаў да спынення агню. У сваім нядаўнім артыкуле на гэтую тэму ён абвінавачвае ўкраінцаў, Еўразвяз, ЗША і апазіцыянераў, якія знаходзяцца ў выгнанні або зняволенні, у жаданні працягваць вайну – нароўні з Крамлём.

Нагадваючы пра наяўную ў РФ ядравую зброю, Яўлінскі піша: «Важна разумець, што ў XXI стагоддзі становішча і дабрабыт дзяржавы і яе грамадзянаў больш залежыць не ад тэрыторый і нават не ад прыродных рэсурсаў, а ад таго, якое месца займае краіна ў свеце». Хоць і не сказаў наўпрост пра неабходнасць прызнання акупацыі частак Украіны.

Падобна Уладзіміру Зяленскаму ў далёкім 2019 годзе, ён заклікае «проста перастаць страляць». Бо «працяг ваенных дзеянняў у любой форме — наступальнай або пазіцыйнай — не абяцае ніякага станоўчага развіцця падзеяў ні для Расеі, ні для Украіны, ні для заходніх краінаў». На думку Яўлінскага, толькі пасля спынення агню «можна абмяркоўваць тэрытарыяльныя пытанні, межы, перамяшчэнне войскаў».

Дзейны старшыня партыі Мікалай Рыбакоў рэгулярна з’яўляецца ў ток-шоў на расейскім ТБ, а лідэар «Яблока» ў Маскоўскай гарадской думе Максім Круглоў лічыць распад СССР прычынай вайны РФ супраць Украіны.

Кампрамісы партыі з уладай звычайна тлумачаць імкненнем захаваць структуры – у партыі «Яблоко» ўпэўненыя, што менавіта яны будуць галоўнымі актарамі перыяду транзіту ўлады ў постпуцінскай Расеі. Найлепшы вынік партыі на федэральных выбарах быў у 1993 годзе – 7,86 %, а апошні – 1,34 %.

За мяжой

З 2013 года ў выгнанні знаходзіцца мільянер Міхаіл Хадаркоўскі. Страціўшы нафтавую кампанію ЮКОС і 10 гадоў жыцця ў калоніях, бізнесовец стварае і фінансуе СМІ, прымае на працу ўчарашніх функцыянераў рэжыму, выступае з заявамі. У яго была свая арганізацыя «Открытая Россия», але расейскія ўлады яе разграмілі, ды і яна не была шматлікай.

Чэмпіён свету па шахматах Гары Каспараў у апазіцыі з сярэдзіны 2000-х, ён рэгулярна праводзіць Форум свабоднай Расеі, але не мае базы прыхільнікаў і можа хіба што займацца лабісцкай дзейнасцю.

Інтэрв’ю
Каспараў: «Ад таго, куды пойдзе Расея, залежыць будучыня XXI стагоддзя»
2022.12.04 21:38

Экс-дэпутат Дзярждумы ад «Справядливой России» Дзмітрый Гудкоў спрабаваў стварыць сваю партыю разам з журналісткай Ксеніяй Сабчак (дачка экс-начальніка Пуціна, кандыдат-спойлер на прэзідэнцкіх выбарах 2018 года), але беспаспяхова. Ён пакінуў Расею ў 2021 годзе, у цяперашні час займаецца лабісцкай працай у ЕЗ у інтарэсах дэмакратычна настроеных расейцаў. Ягоны бацька Генадзь Гудкоў таксама абіраўся ў Думу ад «СР», а раней служыў у КДБ.

Жыве за мяжой і яшчэ адзін экс-дэпутат ад «СР» – Ілля Панамароў. Ён амаль спадчынны палітык – ягоная маці была ў 2000-х сэнатаркаю. У Расеі яго абвінавачваюць у растраце сродкаў, але яму ўдалося атрымаць грамадзянства Украіны і магчымасць пакідаць краіну ў часе вайны.

Панамароў, які галасаваў у Думе супраць анексіі Крыму, насарэч яе падтрымоўваў: «Я лічу, што Крым павінен быць часткай Расеі, што гэта расейская зямля. У мяне няма ніякіх сумневаў ні ў легітымнасці рэферэндуму, ні ў волі пераважнай большасці крымчанаў, ні ў стаўленні да гэтай большасці грамадзянаў Расеі. Але я лічу, што мы павінны быць наогул усе разам – і ўкраінскі народ, і беларускі народ, і расейскі народ, і многія іншыя краіны, якія ўваходзілі калісьці ў СССР».

Панамароў адмаўляўся выплочваць пяцімесячныя запазычанні па заробках супрацоўнікам (пачаў плаціць пасля розгаласу ў СМІ), ўхваліў забойства дачкі праўладнага філосафа Дар’і Дугінай і іншыя будучыя тэракты на тэрыторыі РФ. З ягоных словаў, іх здзяйсняе нейкая Нацыянальная рэспубліканская армія. Пасля заяваў Панамарова сілавікі двойчы прыходзілі з ператрусамі да цэлага шэрагу актывістаў. Экс-дэпутат уключаны ў расейскія рэестры «замежных агентаў» і тэрарыстаў. Панамарову дапамагае ў працы былы ідэолаг нацыяналістычнай арганізацыі «Русский вердыкт» Аляксей Бараноўскі, датычны да дзейнасці неанацысцкай групоўкі «БОРН». Панамароў склікаў у Польшчы З’езд народных дэпутатаў, які склалі былыя і дзейныя дэпутаты розных узроўняў і розных гадоў. З’езд распрацоўвае дакументы для постпуцінскай Расеі і пазіцыянуе сябе як аналаг легітымнага парламенту ў выгнанні, у рэчаіснасці ім не з’яўляючыся.

У межах ЗСУ ёсць легіён «Свабода Расеі», але няма верагоднай інфармацыі аб яго памеры і ўдзеле ў баях. У той жа час, Грамадзянская рада, заснаваная актывістамі, якія жывуць у Польшчы, заклікала расейцаў уступаць у Расейскі добраахвотніцкі корпус (падраздзяленне ЗСУ). Рада разлічвае атрымаць уладу ў выніку падзення рэжыму, выступае за расфармаванне РФ, плануе склікаць трыбунал, правесці люстрацыі, вызначыць рэпарацыі Украіне і правесці рэстытуцыю. Удзельнікі рады малавядомыя за межамі кола актывістаў, на яго тэлеграм-канал падпісаныя усяго 232 чалавекі, на тўітэр – 24 чалавекі.

За мяжой жыве і экс-дэпутат Саратаўскай абласной думы Вячаслаў Мальцаў. Ён быў у «Единой России» і ультранацыяналістычнай «Великой России», прапаноўваў абавязаць чыноўнікаў і кандыдатаў у дэпутаты ўказваць сексуальную арыентацыю. У 2017 годзе Мальцаў праз блог «Артпадрыхтоўка» заклікаў расейцаў зрынуць Пуціна 5 лістапада, але летам з’ехаў з краіны, а яго прыхільнікаў затрымоўвалі і судзілі. Мальцаў выступаў на першым пасяджэнні З’езду народных дэпутатаў.

Засталіся ў Расеі і не сядзяць

Акрамя дэпутатаў ад «Яблока» да гэтай катэгорыі сярод вядомых на федэральным узроўні палітыкаў можна аднесці былога мэра Екацярынбургe Яўгенія Ройзмана і муніцыпальную экс-дэпутатку з Масквы Юлію Галяміну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя суправаджае экс-мэра Екацярынбургу Яўгенія Ройзмана ў залу суда для разгляду абвінавачання ў дыскрэдытацыі Узброеных сілаў РФ. Екацярынбург, Расея. 25 жніўня 2022 года.
Фота: AP Photo / East News

Ройзман быў дэпутатам Дзярждумы, з-за метадаў барацьбы з наркаманіяй мае неадназначную рэпутацыю, вядомы прыёмам грамадзянаў, прабежкамі і мацюкальнымі тўітамі. Кіраўніком гораду ён быў пяць гадоў у выніку выбараў, але рэальнай уладай не валодаў – у Екацярынбургу, як і ў шэрагу іншых расейскіх гарадоў, быў падзел улады на сіці-менеджара (кіраўнік адміністрацыі) і мэра (старшыня гарадской думы). Пасля добраахвотнай адстаўкі Ройзмана горад вярнуўся да «адзінаначалля».

За антываенную пазіцыю на Яўгена Ройзмана завялі справу паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі арміі. Цяпер ён пад фактычным хатнім арыштам.

Юлія Галяміна – лінгвістка, працавала журналісткай, выкладала ў маскоўскіх ВНУ. Прайсці дэпутатам змагла толькі ў адзін з райсаветаў Масквы, але страціла мандат праз крымінальны пераслед. Атрымала 2 гады ўмоўна паводле «дадзінскага артыкулу» (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі мітынгу), занесеная ў рэестр «замежных агентаў». У 2021 годзе спрабавала арганізаваць у Вялікім Ноўгарадзе Земскі з’езд незалежных дэпутатаў (правобраз панамароўскага З’езду), але яго разагналі сілавікі. За два дні да пачатку поўнамаштабнай вайны Галяміна і іншыя палітычныя актывісткі стварылі фэмінісцкі рух «Мяккая сіла». Яны выступаюць за негвалтоўны пратэст, але пакуль не сталі прыкметным палітычным рухам.

Таксама можна ўспомніць экс-прэм’ера Міхаіла Касьянава і ягоную партыю ПАРНАС. Партыя ў асобе Касьянава і гісторыка Андрэя Зубава робіць антываенныя заявы, але застаецца малапрыкметнай, хоць афіцыйна зарэгістраваная і можа ў гэтай якасці адыграць ролю пры транзіце ўлады не горш за «Яблоко».

Засталіся ў Расеі – і сядзяць

З вядомых палітыкаў, якія не з’ехалі з Расеі і апынуліся за кратамі за антываенную пазіцыю, можна назваць Іллю Яшына і Уладзіміра Кара-Мурзу (ёсць яшчэ Аляксей Горын, але ён стаў шырока вядомы праз свой турэмны тэрмін).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі апазіцыянер і муніцыпальны дэпутат Ілля Яшын, абвінавачаны ў дыскрэдытацыі расейскай арміі, паказвае знак перамогі падчас абвяшчэння выраку ў судзе. Масква, Расея. 9 снежня 2022 года.
Фота: Yuri Kochetkov / POOL / AFP / East News

Яшын у пачатку 2000-х быў лідарам «Молодежного Яблока», пасля выгнання з партыі арганізоўваў розныя рухі, у выніку стаў найбліжэйшым паплечнікам забітага каля Крамля апазіцыянера Барыса Нямцова ў руху «Солидарность» і напісанні дакладаў (пра войны Пуціна і карупцыю ў Расеі). У 2017–2021 гадах Ілля Яшын быў абраны кіраўніком муніцыпалітэту ў Маскве. У гэтай якасці Яшын быў вядомы сацыяльным таксі – аддаў службовую машыну на патрэбы жыхароў акругі. У 2021 годзе яго змусілі сысці ў адстаўку.

Улетку 2022 года Яшына не выпусцілі з ІЧУ пасля 15 дзён арышту і адправілі ў СІЗА паводле справы аб «дыскрэдытацыі Узброеных сілаў» – у красавіку палітык распавядаў у стрыме пра вайсковыя злачынствы арміі РФ у Бучы. Міністэрства юстыцыі дадало Яшына ў рэестр «замежных агентаў», а суд 9 снежня 2022 года прысудзіў яму 8,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Уладзімір Кара-Мурза, як і Яшын, быў паплечнікам Барыса Нямцова і ўваходзіў у кіраўніцтва ПАРНАСу. Раней ён працаваў журналістам. У апошнія гады Кара-Мурза займаўся лабіяваннем санкцыяў супраць расейскага кіраўніцтва. Некалькі разоў яго труцілі невядомым рэчывам, але палітыку ўдавалася выжыць і рэабілітавацца. Па вяртанні ў Расею ў 2022 годзе Кара-Мурзу затрымалі і адправілі ў СІЗА. Яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, удзеле ў дзейнасці «непажаданай арганізацыі» і дыскрэдытацыі арміі. Міністэрства юстыцыі ўнесла яго ў рэестр «замежных агентаў».

Інтэрв’ю
«Зрабіць Канстытуцыю недастаткова». Як рыхтуюць дакументы для Расеі пасля Пуціна
2022.12.05 13:42

Навальны

Юрыст Аляксей Навальны – фактычна агульнапрызнаны лідар апазіцыі, найбольш папулярны і таленавіты з расейскіх палітыкаў, якія супрацьстаяць Пуціну і «Единой России». Навальны ў палітыцы з пачатку 2000-х, спярша будаваў кар’еру ў партыі «Яблоко», але яго выключылі за сувязі з нацыяналістамі, а сам палітык казаў – за патрабаванні адстаўкі Яўлінскага.

Навальны атрымаў вядомасць як выкрывальнік крадзяжоў у кампаніях, для гэтага ён карыстаўся правамі мінарытарнага акцыянера. Пазней улады пазбавілі яго адвакацкага статусу. Навальны заснаваў Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК), які выкрыў мноства чыноўнікаў і дэпутатаў, у тым ліку прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева. Самае вядомае расследаванне ФБК – бязглузды палац Пуціна у Геленджыку. Расейскія ўлады абвясцілі ФБК «замежным агентам» і экстрэмісцкай арганізацыяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лідар расейскай апазіцыі Аляксей Навальны прысутнічае ў зале Масгарсуда праз відэасувязь з калоніі падчас слухання апеляцыйнай скаргі на дзевяцігадовы тэрмін, Масква, Расея. 24 траўня 2022 г.
Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News

Спробы Навальнага стварыць у Расеі нармальны рух нацыяналістычнага кшталту (у духу нацыянал-дэмакратыі) на хвалі ўздыму антымігранцкіх настрояў у грамадстве не ўвянчаліся поспехам – расейскія нацыяналісты так і засталіся радыкаламі, а ўдзел у іхных «Расейскіх маршах» Навальнаму прыгадваюць нават праз 15 гадоў. Ён таксама вядомы як аўтар папулярнага мему «“Единая Россия” – партыя жулікаў і злодзеяў» і як чалавек, чыё імя ніколі не называюць ні Пуцін, ні яго прэс-сакратар, выкарыстоўваючы дзіўныя эўфемізмы («той грамадзянін», «гэты чалавек», «пацыент», «фігурант», «згаданы персанаж» і гэтак далей).

У 2012 годзе Навальны стаў лідарам у галасах пры абранні Каардынацыйнага савету апазіцыі (праект, які праваліўся праз год). Ён удзельнічаў у выбарах мэра Масквы ў 2013 годзе –  лічыцца, што ўлады хацелі надаць абранню Сяргея Сабяніна большую легітымнасць. Апазіцыянер набраў больш за 27 % галасоў паводле афіцыйных звестак (больш за ўсіх астатніх кандыдатаў, разам узятых), паводле неафіцыйных – выйшаў у другі тур.

Удзел Навальнага ў выбарах мэра быў пад пытаннем з прычын прысуду паводле сфабрыкаванай справы «Кіраўлесу», але ў цэнтр Масквы выйшлі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў, і прысуд быў хуценька перагледжаны. Пазней палітык атрымаў у справе «Іў Рашэ» 3,5 года ўмоўна, а ягоны брат Алег Навальны адбыў аналагічны тэрмін у калоніі.

З 2011 да 2019 года Навальны правёў пад арыштам 474 дні. Практычна ўвесь 2014 год ён быў пад хатнім арыштам, але неаднаразова выказваўся супраць анексіі Крыму і вайны на ўсходзе Украіны.

У нашумелым інтэрв’ю Аляксею Венядзіктаву (галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» і сябар прэс-сакратара Пуціна) з нагоды Крыму Навальны сказаў: «Крым – тых людзей, якія жывуць у Крыме. Я лічу, што нягледзячы на тое, што Крым быў захоплены з абуральным парушэннем усіх міжнародных нормаў, тым не менш, рэаліі такія, што Крым цяпер з’яўляецца часткай РФ. І давайце не будзем падманваць сябе. І ўкраінцам я таксама моцна раю не падманваць сябе. Ён застанецца часткай Расеі і больш ніколі ў агляднай будучыні не стане часткай Украіны».

Прапагандысты вырвалі з гэтага інтэрв’ю фразу «Крым – бутэрброд з каўбасой ці што, каб яго туды-сюды вяртаць?» і актыўна выкарыстоўваюць яе да гэтага часу для дыскрэдытацыі Навальнага ў вачах украінцаў і Захаду. І ў тым інтэрв’ю, і пазней Навальны гаварыў, што праблема Крыму, як і любога тэрытарыяльнага канфлікту, не мае лёгкага развязання, і прапаноўваў правесці свабодны паўнавартасны рэферэндум.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі АМАП блакуе вуліцу падчас мітынгу ў падтрымку палітвязня Аляксея Навальнага ў Маскве, Расея. 21 красавіка 2021 года.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

У 2017 годзе Навальны пачаў прэзідэнцкую кампанію, аб’ехаў амаль усю Расею, быў вылучаны кандыдатам на прэзідэнцтва, але ЦВК яго не зарэгістравала (у адрозненне ад Сабчак і Яўлінскага). Каманда палітыка сцвярджае, што ягоная прэзідэнцкая праграма сапраўдная і цяпер. Падчас кампаніі Навальны ледзь не страціў вока – актывісты праўладнай групоўкі SERB плюхнулі яму ў твар сумесь зялёнкі з едкім рэчывам. Зрок палітыку выратавалі ў Іспаніі.

20 жніўня 2020 года супрацоўнікі ФСБ атруцілі Навальнага баявым ядам «Навічок», ён выжыў, дзякуючы правільным дзеянням медыкаў хуткай дапамогі. Улады некалькі дзён перашкаджалі вывазу Навальнага, які ўвайшоў у кому, за мяжу. Апазіцыянера вылечылі дактары берлінскай клінікі «Charite», пасля некалькіх месяцаў рэабілітацыі ён расследаваў сваё атручэнне і затым вярнуўся ў Расею. (Пры папярэднім замаху пацярпела жонка палітыка Юлія. Таксама Навальнага атруцілі невядомым рэчывам у СІЗА ў 2019 годзе.)

Рэйс, якім у Маскву ляцелі Навальныя, улады перанакіравалі ў іншы аэрапорт (ва «Унукаве» іх чакалі некалькі тысяч чалавек), палітыка арыштавалі проста на пашпартным кантролі. Арышт лідара апазіцыі выклікаў масавыя пратэсты па ўсёй Расеі, жорстка здушаныя ўладамі.

2 лютага 2021 года суд прызначыў Навальнаму 2 гады і 8 месяцаў калоніі – улады палічылі перабыванне ў коме і лячэнне пасля замаху парушэннем выпрабавальнага тэрміну ў справе «Іў Рашэ». Праз год Навальнаму прысудзілі 9 гадоў калоніі строгага рэжыму за «непавагу да суда» і «махлярства». Уа справе аб «абразе ветэрана» суд прызначыў апазіцыянеру штраф памерам 850 000 рублёў. Яго ўнеслі ў спіс экстрэмістаў і тэрарыстаў.

У калоніі ў Навальнага неаднаразова ўзнікалі праблемы са здароўем, але яго практычна не лячылі, таму ён абвяшчаў галадоўку. Палітыка 11 разоў адпраўлялі ў ШІЗА (на дадзены момант ён правёў 113 содняў у клетцы памерам 2,5х3 метры), там да яго падсялялі бамжа, якога перад гэтым адпраўлялі ў шпіталь, усталявалі велізарную вельмі яркую лямпу, а ў камеру насупраць змясцілі псіхічна хворага зняволенага.

З 24 лютага Навальны пастаянна выкарыстоўвае судовыя паседжанні як магчымасць выступіць супраць вайны, адвакаты палітыка рэгулярна публікуюць яго заявы ў інстаграме. Паводле новых абвінавачванняў лідару апазіцыі пагражае да 35 гадоў калоніі.

Верагодна, Аляксей Навальны ўжо не мае прэзідэнцкіх амбіцый. Прынамсі, ў артыкуле для «The Washington Post» ён бачыць «цудоўную Расею будучыні» парламенцкай рэспублікай: «Вобраз будучыні для Расеі — гэта не “моцная ўлада” і “цвёрдая рука”, а згода, дамова і ўлік інтарэсаў усяго грамадства. Расеі патрэбная парламенцкая рэспубліка, і толькі яна спыніць бясконцы цыкл імперскага аўтарытарызму, які самаадраджаецца».

Лідар расейскай апазіцыі казаў, што ён напалову ўкраінец і ў дзяцінстве часта праводзіў лета ў сваякоў ва Украіне. У сакавіку 2022 года ў Бучы расейскія вайскоўцы забілі ягонага далёкага сваяка Іллю Навальнага, восенню таго ж года ў Марыупалі сілавікі затрымалі 24-гадовую Ірыну Навальную па абвінавачванні ў падрыхтоўцы тэракту, яе збіваюць і катуюць.

У сужэнцаў Навальных двое дзяцей, дачка паступіла ў Стэнфардскі ўніверсітэт. Нягледзячы на надзеі многіх прыхільнікаў палітыка, яго жонка Юлія Навальная застаецца не вельмі публічнай асобай і кажа, што палітычных амбіцыяў не мае.

Навальны атрымаў за сваю дзейнасць нямала прэстыжных праваабарончых узнагародаў (напрыклад, прэмію Сахарава – нягледзячы на  пратэст «яблычнікаў»), намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію міру. Ён прызнаны вязнем сумлення.

«Аляксей Навальны – прамень надзеі для дэмакратыі ў Расеі і ва ўсім свеце і твар антыпуцінскай апазіцыі, – лічыць экс-дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан. – Ён перажыў пагрозы свайму жыццю, пагрозы сваёй сям’і, а цяпер застаецца ў турме за тое, што змагаецца за справядлівую і больш дэмакратычную краіну. Ягоныя мужнасць і прыхільнасць дэмакратыі павінны натхняць і быць выклікам для ўсіх нас».

Каманда Навальнага

У каманду Навальнага ўваходзяць: дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў (адміністрацыйныя і кадравыя пытанні), Леанід Волкаў (палітычныя пытанні), Марыя Пеўчых (медыярэсурсы і аддзел расследаванняў), юрыстка Любоў Собаль, эканаміст Уладзімір Мілаў, Георгій Албураў і іншыя. Многіх з паплечнікаў Навальнага расейскія ўлады абвясцілі «замежнымі агентамі» і ўнеслі ў пералік экстрэмістаў і тэрарыстаў. Яны працягваюць весці расследавання і, па сутнасці, стварылі ўласныя СМІ ў YouTube і «Тэлеграме».

Навальны і ягоная каманда з 2012 года дзевяць разоў спрабавалі зарэгістраваць сваю партыю, але Міністэрства юстыцыі ўвесь час адмаўлялі, спасылаючыся на розныя прычыны. Апазіцыянер усё роўна здолеў стварыць структуры прыхільнікаў па ўсёй краіне ў межах прэзідэнцкай кампаніі 2017–2018 гадоў – штабы Навальнага з’явіліся ў 81 горадзе Расеі, валанцёрамі былі блізу 200 000 чалавек.

На выбарах розных узроўняў каманда Навальнага праводзіла стратэгію «Разумнае галасаванне», прапаноўваючы апазіцыйным выбарнікам галасаваць за самага папулярнага паводле сацапытанняў канкурэнта кандыдата ад улады. У шэрагу акругаў гэтая ініцыятыва мела поспех.

У 2020 годзе каардынатару штабу ў Томску Ксеніі Фадзеевай і яе намесніку Андрэю Фацееву ўдалося выбрацца дэпутатамі гарадской думы. У 2021 годзе Фадзееву затрымалі, а Фацееў з’ехаў з Расеі. Яны ўключаныя ў спісы экстрэмістаў і тэрарыстаў – банкаўскія рахункі такіх людзей замарожаныя, ім забаронена мець зносіны з кімсьці, акрамя родных і медыкаў, карыстацца інтэрнэтам і наведваць сустрэчы. Экс-каардынатар штабу ва Уфе Лілія Чанышава застаецца ў СІЗА больш за год, ёй пагражае да 18 гадоў калоніі.

У красавіку 2021 года суд пастанавіў лічыць штабы Навальнага экстрэмісцкімі арганізацыямі, летам таго ж года Дзярждума спехам прыняла Закон супраць ФБК, які перашкаджае супрацоўнікам штабоў удзельнічаць у любых выбарах.

У другую гадавіну вяртання і арышту лідара апазіцыі ягоная каманда запусціла кампанію «Свабоду Навальнаму», у рамках якой усталявала ў Берліне насупраць амбасады РФ копію ШІЗА, прэзентуе ў розных краінах дакументальны фільм «Навальны», які ўжо намінаваны на BAFTA і «Оскар».

Таксама палітыкі перазапусцілі штабы Навальнага, у іх ужо ўступілі больш за 12 тысяч чалавек. Каманда Навальнага некалькі гадоў дамагаецца ўвядзення персанальных санкцый супраць асноўных дзеячаў рэжыму і алігархаў, а таксама людзей, датычных да атручвання лідара апазіцыі. Пасля 24 лютага паплечнікі Аляксея Навальнага стварылі «спіс 6000» і рэгулярна яго папаўняюць, паралельна дамагаючыся ад заходніх лідараў увядзення дзейсных персанальных санкцый. Але пакуль беспаспяхова.

Іван Аляксееў / АА, belsat.eu

Стужка навінаў