Што можа зрабіць беларус, каб пазбегнуць дэпартацыі з Польшчы


Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка расказаў, што каб зрабіць нейкія захады і не дапусціць дэпартацыі, было вельмі мала часу. Палітык адзначыў, што варта было б зрабіць у гэтай сітуацыі самому Смактуновічу.

Дзмітрый Смактуновіч на мосце праз раку Буг.
Фота: terespol / Telegram

Ці можна было пазбегнуць дэпартацыі?

Беларуса Дзмітрыя Смактуновіча 11 чэрвеня выдварылі з Польшчы. Ён спрабаваў падаць заяву на міжнародную абарону, але 12 чэрвеня быў вымушаны пайсці да беларускіх памежнікаў.

Гэтае здарэнне «Белсат» папрасіў пракаментаваць Паўла Латушку, намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. «На маю просьбу разгледзець магчымыя варыянты, каб не дапусціць дэпартацыю грамадзяніна Беларусі, бо яму можа пагражаць зняволенне пры вяртанні ў Беларусь, ён [прадстаўнік Надбужаньскага аддзелу памежнай службы – Заўв. «Белсат»] папрасіў час, каб высветліць гэтую сітуацыю. Пазней ён ператэлефанаваў і паінфармаваў, што грамадзянін Беларусі ўжо пакінуў пагранічны пераход, а асноўнай прычынай яго дэпартацыі з’яўляецца тое, што ён аказваў садзейнічанне ў перавозцы нелегальных мігрантаў», – адзначыў Павел Латушка.

Каментар
Беларус, якога выдварылі з Польшчы, сказаў кодавае слова і перастаў выходзіць на сувязь
2024.06.12 19:48

Таксама, намеснік кіраўніцы АПКБ сказаў, што звязваўся з адвакатам, які даў парады, што мусіў бы зрабіць беларускі грамадзянін, і выказаў гатовасць прыехаць на мяжу і аказаць яму неабходную дапамогу. Сярод крокаў, якія варта было зрабіць Дзмітрыю Смактуновічу, адвакат параіў звярнуцца да польскага боку са скаргай на рашэнне аб ягонай дэпартацыі і адначасова падаць просьбу аб наданні яму статусу міжнароднай абароны ў сувязі з тым, што ёсць пагроза ягонаму жыццю і здароўю на тэрыторыі Беларусі.

Але, падкрэслівае Латушка, часу на тое, каб аказаць дапамогу мужчыну, было вельмі мала.

«Тут мы не маем абсалютных звестак, а можам толькі дапускаць, што калі грамадзянін Беларусі не ведаў польскай мовы, то былі парушаныя працэсуальныя нормы: абавязкова замежнаму грамадзяніну павінны быць прадстаўлены пераклад, таму гэтыя рашэнні могуць не мець юрыдычнай сілы, яны проста не адбыліся, бо чалавек мог не разумець таго, што ён падпісвае», – адзначыў Павел Латушка.

На будучыню прадстаўнік НАУ даў параду беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Польшчы, не падпісваць дакументаў, калі яны не разумеюць іх, пісаць на дакументах сваю нязгоду і адпаведна рэагаваць.

«Самая класічная рэакцыя – гэта просьба ад наданні міжнароднай абароны ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі, што абавязвае польскі бок ці іншыя дзяржавы распачынаць гэтую працэдуру, і за гэты час можна вырашыць усе праблемы, якія ўзніклі», – сказаў Павел Латушка.

Кіраўнік НАУ адзначыў, што ў той сітуацыі, калі беларускі грамадзянін ужо апынуўся на тэрыторыі Беларусі, ягоная жонка магла б праз адваката ажыццявіць такія дзеянні і паспрабаваць абскардзіць прынятае рашэнне. Але гэта ўжо залежыць ад самога грамадзяніна Беларусі і ягоных прадстаўнікоў, дадаў палітык.

Нагадаем, што 11 чэрвеня беларуса Дзмітрыя Смактуновіча выправадзілі з Польшчы за парушэнне правілаў перабывання ў Еўразвязе. Перад гэтым Літва анулявала Дзмітрыю дазвол на жыхарства. Прычынай быў удзел беларуса ў транспартаванні мігрантаў, хоць судзімасць за гэта ў мужчыны пагашаная.

У той жа час на дзяржаўным ТБ мужчына заявіў, што жыў у Польшчы не адзін, і «ламіўся назад», бо не хацеў губляць сям’ю.

Прадстаўнікі арганізацыі «BYPOL» абнародавалі інфармацыю пра тое, што Смактуновіч не знаходзіўся ў базе «Беспарадкі» станам на 2021 год. Не было выяўлена і інфармацыі пра ягоны ўдзел у пратэстах ці напісанні негатыўных каментароў у дачыненні да рэжыму.

Hавiны
BYPOL не знайшоў апазіцыйнай актыўнасці ў дэпартаванага ў Беларусь Смактуновіча
2024.06.12 19:32

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў