З пачатку верасня Украіна вызваліла з-пад расейскай акупацыі больш за 3 тыс. квадратных кіламетраў. Пра гэта напісаў у сваім Facebook галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Валерый Залужны.
Збройныя сілы Украіны працягваюць контрнаступ і вызваляюць акупаваныя Расеяй тэрыторыі. З пачатку верасня пад кантроль Украіны вярнулі больш чым 3 тыс. квадратных кіламетраў.
«На харкаўскім напрамку мы пачалі наступаць не толькі на поўдзень і ўсход, але і на поўнач. Да выхаду на дзяржаўную мяжу засталося 50 км.
Узяцце магутных апорных пунктаў расейскіх войскаў, якія яны з гонарам называлі «Масква», «Омск» і «Піцер», дало магчымасць перайсці ў контрнаступ на Балаклею, Ізюм і Куп’янск.
Я ганаруся і ўдзячны кожнаму ўкраінскаму вайскоўцу. Маю гонар ваяваць плячо ў плячо з вамі. Вечная Памяць палеглым у баях за Украіну!», – адзначыў Валер Залужны.
Алена Аляксандрава belsat.eu