Палітолаг Карбалевіч: Размова Пуціна з Лукашэнкам у Сочы паказвае стан суверэнітэту Беларусі


Чарговая заява Уладзіміра Пуціна пра планы размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі – гэта палітычны жэст, а не ваенна-стратэгічны. Апроч таго, характар размовы яскрава паказвае стан беларускага суверэнітэту. Аб гэтым сказаў палітолаг Валер Карбалевіч, каментуючы «Белсату» сочынскую сустрэчу прэзідэнта Расеі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Валер Карбалевіч.
Фота: baj.by

9 чэрвеня падчас сустрэчы ў Сочы Уладзімір Пуцін назваў Аляксандру Лукашэнку тэрміны размяшчэння расейскай тактычнай ядравай зброі на беларускай тэрыторыі. Паводле слоў палітыка, зараз заканчваецца падрыхтоўка неабходных збудаванняў, а пасля 7-8 ліпеня пачнецца размяшчэнне непасрэдна зброі. Паводле палітолага Валера Карбалевіча, гэта самая важная са зробленых сёння заяваў. Астатняе – СНД, ЕАЭС, план узаемадзеяння Беларусі і Расеі – гэта толькі фон.

Абноўлена
Пуцін Лукашэнку: Пасля 7-8 ліпеня пачнём размяшчаць ядравую зброю
2023.06.09 16:17

Валер Карбалевіч звярнуў увагу на тое, што менавіта ад Масквы сыходзіць уся ініцыятыва па развіццю гэтага праекту па размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі.

«Сам Лукашэнка кажа, што Пуцін яму паведаміў яшчэ 25 траўня ў Маскве, што ён прыняў рашэнне. І сёння менавіта Пуцін расказвае, што ён збіраецца рабіць на беларускай тэрыторыі. А Лукашэнка сядзіць і ўважліва слухае, і ад яго даведваецца, што адбываецца на беларускай зямлі. Вось гэта важны чыннік, на які я хацеў бы звярнуць увагу, які вельмі моцна кажа пра беларускі суверэнітэт», – падкрэсліў эксперт.

Важна і тое, як была зроблена гэта заява – на ўвесь свет, што выглядае дзіўнавата для ваенных планаў. Цяпер ідзе вайна, у якой удзельнічае Расея і часткова Беларусь. А падчас вайны ваенныя планы і намеры звычайна хаваюць ад праціўнікаў, ад ворагаў. Пуцін жа дэманструе іх усяму свету, расказваючы пра тэрміну размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі.

«Гэта хутчэй палітычны жэст, чым ваенна-стратэгічны. Ён менавіта павінен напужаць ворагаў, каб забаяліся, запанікавалі, адступілі і гэтак далей. То бок, гэта такая гульня на падвышэнне ставак», – канстатуе палітолаг.

Што тычыцца пэўнай актыўнасці, якая зараз назіраецца на розных інтэграцыйных пляцоўках былых постсавецкіх дзяржаў, то там, паводле Карбалевіча, не адбываецца нічога незвычайнага. Усе гэтыя структуры – СНД, ЕАЭС, АДКБ – існуюць паводле сваіх планаў і графікаў, пастаянна праводзяцца сустрэчы на розных узроўнях, абмяркоўваюцца нейкія палітычныя і эканамічныя пытанні. Адзінае што Уладзімір Пуцін хацеў бы, каб усё выглядала так, быццам няма ніякай міжнароднай ізаляцыі. Таму зʼяўляецца на гэтых пляцоўках, як было і ў гэты раз.

Што тычыцца заявы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць распрацоўкі плану ўзаемадзеяння Беларусі і Расеі, якую ён зрабіў спачатку 8 чэрвеня, сустракаючыся з сакратарамі саветаў бяспекі краінаў СНД, і паўтарыў 9 чэрвеня на сустрэчы з Пуціным у Сочы, то яна таксама мае хутчэй рытуальна-бюракратычны характар.

«Той план, тая стратэгія, якая існавала ў АДКБ закончылася, трэба новая. Пра гэта Лукашэнка і казаў сакратарам саўбезаў і паўтарыў у Сочы. Бюракратычная сістэма такая, што патрэбны нейкія стратэгіі, нейкія планы, каб заняць працай супрацоўнікаў сакратарыяту арганізацыі. Вось ён і сказаў. Нічога большага тут няма», – падсумаваў Карбалевіч.

Каментар
Актыўнасці на лініі Саюзнай дзяржавы, СНД і АДКБ. Што адбываецца? Каму сігналізуюць?
2023.06.09 08:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў