Пуцін Лукашэнку: Пасля 7-8 ліпеня пачнём размяшчаць ядравую зброю


Уладзімір Пуцін назваў тэрмін размяшчэння ў Беларусі расейскай тактычнай ядравай зброі. Аб гэтым прэзідэнт Расеі сказаў у размове з Аляксандрам Лукашэнкам падчас сустрэчы ў нефармальнай абстаноўцы ў Сочы. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба Крамля. Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што хоча абмеркаваць нейкі план сумесных дзеянняў у такой сітуацыі.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Сочы, Расея, 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: «Пул Первого» / Telegram

9 чэрвеня ў Сочы пачаліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Сустрэча сам-насам праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы. Прэзідэнт Расеі назваў тэрмін размяшчэння ў Беларусі расейскай тактычнай ядравай зброі

«З пункту гледжання бяспекі сітуацыя стабільная, я бы нават сказаў, добрая. Упэўнена мы ўзаемадзейнічаем у гэтай сферы. Па найболей адчувальных пытаннях, пра якія мы з вамі дамаўляліся, усё ідзе па плане. 7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаванняў, і адразу ж пачнем мерапрыемствы, звязаныя з размяшчэннем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраенняў. Так што ўсё па плане, усё стабільна», – сказаў Пуцін.

Пуцін таксама згадаў, што ўжо некалькі дзён у Сочы працуюць прэмʼер-міністры краінаў «працуюць вельмі добра, актыўна. Зараз зʼезджу да іх, павітаю. Калі дазволіце, ад вашага імя – таксама». Агучваючы парадак дня сустрэчы з Лукашэнкам, расейскі прэзідэнт назваў эканамічнае ўзаемадзеянне, «там ёсць пра што пагаварыць».

Каментар
Актыўнасці на лініі Саюзнай дзяржавы, СНД і АДКБ. Што адбываецца? Каму сігналізуюць?
2023.06.09 08:00

«Нас гэта не можа не цешыць, але нават незвычайна, цьфу-цьфу, незвычайна добра – развіваецца добрымі тэмпамі ва ўсякім разе. І якасць узаемадзеяння, структура нашых эканамічных адносін мяняюцца ў патрэбны бок. Найперш упор робіцца сёння не толькі на традыцыйныя галіны нашага супрацоўніцтва, але і на высокатэхналагічныя сферы. Гэта не можа не цешыць. Я ўжо зараз не буду казаць як ў лічбах тавараабарот расце», – расказаў Пуцін Лукашэнку.

Абмеркаванне пытанняў бяспекі палітыкі працягнулі ў фармаце сам-насам, без прадстаўнікоў СМІ. Аб прычынах сустрэчы Пуцін сказаў: «Заўсёды ёсць пра што пагаварыць – мы сёння гэта і зробім».

Што менавіта сказаў расейскі прэзідэнт пра ядравую зброю, можна паглядзець на відэа з тэлеграм-каналу «Пул №3».

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка сказаў падчас сустрэчы, што хоча абмеркаваць з Пуціным план сумесных дзеянняў Беларусі і Расеі, бо не спадзяецца на адмену санкцыяў, а адносіны трэба адбудоўваць у новых умовах.

«Мы думалі, што будзе горш. Пакуль што трохі лепш, чым мы думалі. І слава богу! Так паціхеньку адбудуем нашы адносіны. Я ўжо публічна казаў у нас на сходзе сакратароў саветаў бяспекі, што мы з Расеяй прадумаем план дзеянняў у гэтай сітуацыі. Спадзявацца на тое, што санкцыі адменяць ці яшчэ што – нам нават гаварыць пра гэта не трэба. Нам трэба арыентавацца на ўласныя сілы і на сябе. Калі мы выпрацуем такі план дзеянняў нашых, то нашы партнёры абавязкова падключацца, я ўпэўнены, Казахстан, і я ўпэўнены што ў межах ЕАЭС і Узбекістан і мы створым тут прывабныя ўмовы. Я ўпэўнены, што наш саюз у межах Еўразійскага эканамічнага саюзу будзе толькі мацней. Ну, трэба ўрадам папрацаваць, спецыялістам. Я мяркую, што нам пад сілу ўсё гэта», – сказаў Лукашэнка.

Відэа са словамі Лукашэнкі апублікаваў тэлеграм-канал «Пул Первого».

Нагадаем, што напярэдадні сустрэчы Лукашэнка зрабіў некалькі заяваў у часе сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі краінаў СНД у Менску. Сярод іншага ён сказаў, што вайна ва Украіне павінна быць спынена «без развагаў, хто вінаваты», і быццам бы ў Беларусі і Расеі для Украіны ёсць нейкі мірны план. Згадваў ён і пра жаданне абмеркаваць з прэзідэнтам Расеі план сумесных дзеянняў.

У той жа час у інтэрв’ю «Белсату» палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў не выключаў імавернасць таго, што на сустрэчы ў Сочы «Лукашэнка і Пуцін могуць канчаткова абмеркаваць усё, што датычыць ядравай зброі».

Каментар
Актыўнасці на лініі Саюзнай дзяржавы, СНД і АДКБ. Што адбываецца? Каму сігналізуюць?
2023.06.09 08:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў