Крыніца: дыпламаты ЕЗ не прымуць удзелу ў прапагандысцкай паездцы да ўкраінскіх дзяцей


Паводле інфармацыі «Белсату», дыпламаты Еўразвязу і Вялікай Брытаніі не прымуць удзел у наведванні незаконна вывезеных у Беларусь украінскіх дзяцей.

На мінулым тыдні ў МЗС Украіны заявілі, што 4 кастрычніка ў Беларусі збіраюцца арганізаваць наведванне замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Менску, месцаў «пражывання, навучання і аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных гарадоў Лісічанск і Севераданецк Луганскай вобласці.

У заяве МЗС Украіны адзначалася, што гэтае мерапрыемства мае на мэце «легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў». Афіцыйны Кіеў заклікаў дыпламатычныя прадстаўніцтвы, якія атрымалі адпаведныя запрашэнні ў Менску, устрымацца ад удзелу ў «прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму».

Паводле інфармацыі «Белсату», дыпламаты ЕЗ і Вялікай Брытаніі ў паездцы 4 кастрычніка прымаць удзел не будуць.

Нагадаем, 22 верасня ў МЗС Беларусі прайшоў брыфінг для замежных дыпламатаў, на якім прадстаўнік міністэрства спрабаваў апраўдацца за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь. Сустрэча адбылася на фоне заклікаў выдаць ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі за здзяйсненне гэтага злачынства. Тады замежным дыпламатам распавялі, што нібыта беларускі бок дзейнічае поўнасцю празрыста і ў адпаведнасці з усімі юрыдычнымі патрабаваннямі пры вывазе і знаходжанні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
НАУ рыхтуе новыя доказы пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.09.20 00:35

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў