МЗС Украіны: Улады Беларусі хочуць паказаць вывезеных украінскіх дзяцей замежным дыпламатам


Міністэрства замежных справаў Украіны паведаміла, што 4 кастрычніка ў Беларусі збіраюцца арганізаваць наведванне замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Менску, месцаў «пражывання, навучання і аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных гарадоў Лісічанск і Севераданецк Луганскай вобласці.

Дзеці з акупаванага Данбасу на вакзале ў Менску. 18 верасня 2023 года.
Фота: БелТА

«Гэтая мера мае на мэце легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны. У адпаведнасці з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя дзяцей можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства», – гаворыцца ў каментары ўкраінскага МЗС.

Каб пазбегнуць адказнасці, чыноўнікі ў Беларусі спрабуюць прыкрыцца міжнароднымі прадстаўнікамі, кажуць у МЗС. Таму ўкраінскае дыпламатычнае ведамства заклікала замежныя дзяржавы, дыпламатычныя прадстаўніцтвы якіх атрымалі адпаведныя запрашэнні ў Менску, стрымацца ад удзелу ў «прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму».

«Як на ўзроўні нацыянальнага расследавання, так і ў рамках расследавання Міжнароднага крымінальнага суда мы будзем працягваць працу па прыцягненні да адказнасці ўсіх асобаў, якія здзейснілі злачынствы супраць украінскіх дзяцей», – дадалі ў ведамстве.

Раней, 22 верасня, у МЗС Беларусі прайшоў брыфінг для замежных дыпламатаў, на якім прадстаўнік міністэрства спрабаваў апраўдацца за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Сустрэча прайшла на фоне заклікаў Еўразвязу выдаць ордар на арышт Лукашэнкі за здзяйсненне гэтага злачынства. Тады замежным дыпламатам распавялі, што нібыта беларускі бок дзейнічае поўнасцю празрыста і ў адпаведнасці з усімі юрыдычнымі патрабаваннямі пры вывазе і знаходжанні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
МЗС Беларусі апраўдваецца перад замежнымі дыпламатамі за вываз украінскіх дзяцей
2023.09.22 20:37

Вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый лічыцца злачынствам. За гэта Міжнародны суд ужо выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ягонай падначаленай Марыі Львовай-Бяловай, якая арганізоўвала вываз і асіміляцыю дзяцей з Украіны. Такі ж ордар на арышт заклікалі выдаць для Аляксандра Лукашэнкі.

Да таго ж 14 верасня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, у якой таксама заклікаў прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку за ўчыненне гэтых злачынстваў.

Між тым кіраўнік НАУ Павел Латушка паведамляў «Белсату», што рыхтуецца ўжо другая частка камунікацыі для Міжнароднага крымінальнага суда, якая папярэдне гатова. Яе плануюць перадаць у Гаагу і ў Генеральную пракуратуру Украіны. Першую частку перадалі ў чэрвені.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў