Што трэба ведаць пра пагрозу новай хвалі міграцыйнага крызісу з удзелам Беларусі


Улады Польшчы і Літвы апошнім часам выказваюць засцярогі наконт таго, што неўзабаве можа адбыцца павелічэнне плыні нерэгулярных мігрантаў, якія рухаюцца на Захад праз тэрыторыю Беларусі. Ці сапраўды для гэтага ёсць падставы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты атрымліваюць цёплую вопратку ў лагістычным цэнтры ў пункце пропуску «Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. 28 лістапада 2021 года.
Фота: Leonid Shcheglov / BelTA / AP / East News

Рэйсы з Ірану і Іраку аднаўляюцца

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце 29 сакавіка заявіла пра рызыкі павелічэння міграцыйных плыняў з боку Беларусі. Звязала яна гэта з тым, што пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран абвесцілі пра намер аднавіць авіязлучэнне паміж Менскам і Тэгеранам: першы рэйс запланавалі ўжо на 26 сакавіка. «Гэта значыць, што міграцыйныя плыні адновяцца, і рызыкі толькі ўзрастуць», – падкрэсліла кіраўніца МУС Літвы.

Таксама Білатайце звярнулася да еўракамісаркі ўнутраных справаў Ільвы Югансан з просьбаю разгледзіць магчымасць прафінансаваць удасканаленне ахоўнай інфраструктуры на літоўска-беларускай мяжы.

Варта адзначыць, што ў 2021 годзе, калі рэжым Лукашэнкі арганізаваў штучны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЕЗ, Іран не фігураваў у схеме дастаўкі нерэгулярных мігрантаў з Блізкага Усходу ў Беларусь. Спачатку перакідванне мігрантаў у Беларусь ажыццяўлялася пераважна самалётамі з Іраку (колькасць авіярэйсаў з гэтай краіны рэзка тады вырасла). Аднак пасля кансультацыяў Еўразвязу з урадам Іраку беспасярэднія рэйсы ў Беларусь былі прыпыненыя, і беларускі бок стаў рабіць стаўку на рэйсы з Дамаску, Бэйруту, Аману, Стамбулу і Дубаю.

Што датычыць Ірану, то авіязлучэнне з гэтаю краінаю Беларусь не падтрымлівала з 2018 года. Іранцаў сярод нерэгулярных мігрантаў, што ехалі ў Беларусь у 2021 годзе, у агульнай масе было адносна няшмат. Пры гэтым Тэгеран выказваў Менску незадаволенасць становішчам сваіх грамадзянаў у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія праваахоўнікі ўжываюць вадамёты супраць мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца ў Польшчу на памежным пераходзе «Брузгі – Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. 16 лістапада 2021 года.
Фота: Leonid Shcheglov / BelTA / AFP / East News

Іраніст, аўтар тэлеграм-каналу «Дежурный по Ирану» Мікіта Смагін у каментары «Вот так» адзначыў, што само па сабе аднаўленне рэйсаў не ёсць перадумоваю для новай хвалі міграцыйнага крызісу. Хаця ў Іране вельмі шмат асобаў хочуць у Еўропу і гатовыя быць нерэгулярнымі мігрантамі, досвед 2021 года наўрад ці можа іх натхніць. У іранскіх медыях тады актыўна абмяркоўвалі, з якімі цяжкасцямі і пакутамі сутыкнуліся людзі, што трапілі ў Беларусь з Блізкага Усходу. «Усё гэта той фактар, які будзе ўплываць на тое, што мігранты не будуць ісці менавіта праз Беларусь», – мяркуе ён. На думку Смагіна, пра новую хвалю міграцыйнага крызісу з удзелам іранцаў казаць заўчасна:

«Хаця ў нейкай перспектыве такая магчымасць маецца, бо ўлады Беларусі гэта ўжо рабілі і могуць зрабіць ізноў».

Куды больш трывожных паралеляў выклікае аднаўленне рэйсаў паміж Менскам і Багдадам, бо якраз грамадзяне Іраку складалі асноўную масу нерэгулярных мігрантаў у 2021 годзе. Прычым у сітуацыі з авіязлучэннем паміж Беларуссю і Іракам дагэтуль няма поўнай яснасці. Медыі заўважылі, што 29 сакавіка на сайце Нацыянальнага аэрапорту «Менск» з’явілася інфармацыя пра рэйс авіякампаніі «Iraqi Airways» з Багдаду, аднак пазней гэтыя звесткі чамусьці зніклі. На сэрвісе Flighradar24 насупраць рэйсу Багдад – Менск 29 сакавіка стаіць статус «Unknown», то бок няма звестак ні пра тое, што рэйс адбыўся, ні пра яго скасаванне.

Разам з тым у сезонным раскладзе Нацыянальнага аэрапорту рэйсы паміж Багдадам і Менскам прысутнічаюць. Згодна з графікам, з красавіка да кастрычніка плануюцца два рэйсы на тыдзень, кожныя сераду і пятніцу.

Фактар надвор’я

Засцярогі наконт магчымага павелічэння плыні нерэгулярных мігрантаў, якія рухаюцца на Захад праз тэрыторыю Беларусі, таксама выказваюцца ў Польшчы. У пачатку сакавіка, яшчэ да таго як стала вядома пра аднаўленне авіязлучэння з Тэгеранам і Багдадам, прадстаўнік міністра – каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын заявіў, што надыход цёплага надворʼя найбліжэйшымі месяцамі «можа прывесці да павелічэння ціску на польскую мяжу і далейшых спробаў дэстабілізаваць усходні фланг NATO».

«Апошнія справаздачы польскай памежнай службы паказваюць, што маршрут міграцыі, які падтрымліваюць Расея і Беларусь, ізноў выкарыстоўваецца больш інтэнсіўна. Мігранты на мяжу Беларусі і Польшчы прыбываюць з Расеі. Менавіта Крэмль ёсць галоўным бенефіцыярам гэтай дзейнасці», – адзначыў ён на сваёй старонцы ў Twitter.

Рост інтэнсіўнасці мігранцкіх плыняў у сакавіку сапраўды назіраецца: пачынаючы з 20 сакавіка, у сярэднім польскія памежнікі фіксуюць каля сотні спробаў незаконна мінуць мяжу штодзень (ад 68 да 125 у розныя дні). Праўда, актыўнасць мігрантаў не ідзе ў параўнанне з пікам крызісу ў кастрычніку – лістападзе 2021 года: тады польскія памежнікі штодзень спынялі 600–700 чалавек.

Цікава, што на магчымае павелічэнне колькасці мігрантаў намякнулі і ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

«Не выключана, што з надыходам цяпла арганізатары нелегальнай міграцыі актывізуюцца як у краінах зыходу, так і ў краінах прызначэння і транзіту», – заявіў 17 сакавіка афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

З чаго ўсё пачыналася

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі пачаўся ў канцы траўня 2021 года: з таго часу Еўразвяз пачаў фіксаваць найбуйнейшую ў гісторыі плынь нерэгулярнай міграцыі праз тэрыторыю Беларусі. Адпраўным пунктам крызісу стаўся скандал з пасадкаю самалёта «Ryanair», які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку ЕЗ і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі. Спачатку галоўным кірункам мігранцкіх плыняў была Літва, потым – Польшча.

Hавiны
Курдскі актывіст распавёў, як беларускія сілавікі арганізоўвалі мігрантаў на прарыў мяжы
2021.12.22 21:57

Крызіс дасягнуў сваёй кульмінацыі ў лістападзе 2021 года, калі лукашэнкаўскія спецслужбы прывялі да мяжы з Польшчаю некалькі тысяч мігрантаў. Мігранты пад аб’ектывамі тэлекамераў атакавалі польскіх памежнікаў і спрабавалі прарваць агароджы, а за іхнымі спінамі стаялі беларускія сілавікі. Каля памежнага пункту «Брузгі» тады ўзнік мігранцкі лагер, куды асабіста прыязджаў Лукашэнка.

Hавiны
Польская паліцыя лічыць, што ў нападзе на пераход «Кузніца» ўдзельнічалі беларускія сілавікі
2021.11.17 10:57

Улады краінаў Еўразвязу абвінавацілі ў арганізацыі плыні мігрантаў Менск і назвалі гэта «гібрыднай агрэсіяй», пабачыўшы ў дзеяннях беларускага боку «руку Масквы». У Польшчы, Літве і Латвіі пачалі ўсталёўваць агароджы, уводзілі надзвычайнае становішча на мяжы, далучалі да аховы вайскоўцаў ды іншыя сілавыя структуры. Супраць афіцыйнага Менску былі ўведзеныя новыя санкцыі.

Hавiны
Лукашэнка прайграў, а міграцыйны крызіс працягнуўся. Што адбываецца вакол мігрантаў
2021.11.27 22:07

Непахіснасць Захаду прымусіла Лукашэнку пайсці на дээскалацыю. Са снежня 2021 года інтэнсіўнасць спробаў незаконна мінуць польскую мяжу з боку Беларусі значна знізілася: з сотняў выпадкаў за дзень – да дзясяткаў. Улады пачалі арганізоўваць эвакуацыйныя рэйсы для мігрантаў назад у Ірак, а лагер у «Брузгах» у сакавіку 2022 года закрылі.

Міграцыйная праблема пры гэтым не знікла. Перыядычна з’яўляліся звесткі пра новых мігрантаў у Менску і рост колькасці спробаў незаконна мінуць мяжу пачынала расці, праз што ўзнікалі асцярогі наконт магчымага маштабнага абвастрэння. Вяртання да сітуацыі 2021 года не адбылося, але напружанне на мяжы заставалася. Агулам за 2022 год Польшча зафіксавала 15 600 спробаў незаконна мінуць мяжу з боку Беларусі, а Літва – 11 211. Гэта ў разы меней, чымся ў 2021-м, але істотна болей, чымся да пачатку міграцыйнага крызісу.

Аналітыка
«Гібрыдная атака» працягваецца. Ці чакаць новага міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю?
2022.09.17 19:37

Ці можа паўтарыцца сцэнар 2021 года?

Пакуль складана сказаць, ці варта чакаць значнага абвастрэння міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕЗ.

Няясна, што можа даць афіцыйнаму Менску такая эскалацыя. У 2021 годзе Лукашэнка мог разлічваць, што Еўразвяз, не падрыхтаваны да масавага руху мігрантаў з боку Беларусі, прызнае яго прэзідэнтам і здыме санкцыі. Аднак тады ягоны план праваліўся. Дзіўна было б спадзявацца, што цяпер, калі Захад прадэманстраваў сваю кансалідацыю і значна ўзмацніў кантроль за мяжой, другая спроба будзе больш эфектыўнаю.

Акрамя таго, масавасць атакі ў 2021 годзе была абумоўленая тым, што мігранты з Блізкага Усходу верылі: ім дастаткова проста прарвацца ў Еўразвяз праз Беларусь. Цяпер такіх ілюзіяў яны мець не будуць: у сусветных медыях за гэты час з’явілася вельмі шмат інфармацыі пра тое, з чым даводзіцца сутыкацца мігрантам у Беларусі. Дый самі ўцекачы могуць шмат чаго распавесці сваім суайчыннікам.

Да таго ж беларуская прапаганда актыўна раскручвае фэйкі пра «зверствы» еўрапейскіх памежнікаў, пра «сотні тысячаў расстраляных уцекачоў». Цікава, што з 2 красавіка прапагандысцкая выстава «Мяжа паміж жыццём і смерцю» пачне дзеяць беспасярэдне ў Нацыянальным аэрапорце ў Менску: наўрад ці гэта экспазіцыя дадасць гасцям з Іраку ды Ірану ўпэўненасці ў тым, што яны здолеюць лёгка трапіць у ЕЗ. То бок дэманізацыю Захаду цяжка сумясціць з агітацыяй за нерэгулярную міграцыю. Цяпер ахвочых рызыкнуць будзе значна меней.

Аднак абмежаваная эскалацыя для павышэння агульнай напружанасці на межах ЕЗ выглядае цалкам рэалістычна. Пагатоў галоўным зацікаўленым бокам тут можа выступаць не Менск, а Масква, якая шукае любыя інструменты для павелічэння ціску і падрыву згуртаванасці Еўразвязу. Еўрапейскія палітыкі не раз выказвалі думку, што міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю – частка гібрыднай агрэсіі РФ супраць Захаду.

Аналітыка
Забытыя мільёны. Колькі грошай Беларусь атрымала ад Еўразвязу на ўмацаванне мяжы?
2021.07.09 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў