Лукашэнка мусіць трапіць пад міжнародны трыбунал. Інтэрв’ю з былым прэм’ер-міністрам Літвы


Аляксандр Лукашэнка стаў хаўруснікам ваенных злачынстваў Расеі супраць Украіны. Паводле ўсіх параметраў, ён мусіць трапіць пад міжнародны трыбунал. Так лічыць Андрус Кубілюс, экс-прэм’ер ураду Літоўскай Рэспублікі, а цяпер дэпутат Еўрапейскага парламенту. А еўрадэпутаты заклікалі прызнаць Беларусь акупаванай. Што гэта азначае на практыцы? Адказ у інтэрв’ю Алеся Сіліча з літоўскім палітыкам у праграме «ПраСвет».

Алесь Сіліч: Дэпутаты Еўрапарламенту заклікалі прызнаць, што Беларусь акупаваная або дэ-факта акупаваная Расейскай Федэрацыяй. Хто можа прыняць пастанову і даць такі статус Беларусі? Якія будуць наступствы?

Андрус Кубілюс: Тут мы больш кажам пра палітычнае абазначэнне сітуацыі. Гэта праўда паводле ўсіх фактаў, якія мы бачым у рэальнасці. Што гэта значыць з юрыдычнага гледзішча? Мне цяжка сказаць. Гэта залежыць, па-першае, ад паразы Расеі ва Украіне. Калі Беларусь пазбавіцца Лукашэнкі і стане дэмакратычнай, тады магчымасці прад’яўляць прэтэнзіі да акупанта, напэўна, зʼявяцца. Гэта значыць, выстаўляць прэтэнзіі той жа самай Расеі. Якім чынам гэта будзе рабіцца, тут мы, вядома, пакуль што глыбокіх дыскусіяў не вядзём. Сам факт, што Лукашэнка не ёсць незалежным кіраўніком краіны або тэрыторыі, усім нам відавочны. Гэта бывае толькі тады, калі краіна акупаваная або паўакупаваная. Гэтыя факты ўсё гэта і даказваюць.

Алесь Сіліч: Ці бачыце вы, што Захад спрабуе дагэтуль неяк падлашчвацца да Лукашэнкі? Мы ўсе разумеем, што Лукашэнка ніколі не зменіцца. Хуткасць прыняцця санкцыяў супраць рэжыму Беларусі значна меншая, чым супраць Крамля. Чаму гэта адбываецца, і чаму Захад заігрывае з Лукашэнкам? І ці заігрывае?

Андрус Кубілюс: Я не бачу нейкага вялікага заігрывання. Проста Захаду, напэўна, патрэбны час. Палітычна і ментальна памяняць разуменне, што адбываецца ва ўсходняй частцы еўрапейскага кантыненту. Расея, Беларусь, вайна супраць Украіны. Гэта ўжо прымусіла Захад прачнуцца ад такога сну палітычнага геагультайства, што мы бачылі да вайны. Гэта ўжо прызнаў і сам Жузэп Бурэль, калі адкрыта казаў у парламенце на пленарнай сесіі месяц таму, што да вайны прыйшлі, бо Еўрапейскі Звяз настолькі залежаў ад расейскага газу, Еўрапейскі Звяз не меў рэальнай палітыкі ў дачыненні Расеі і не меў палітыкі ў дачыненні Украіны. Бо гэтая палітыка ў дачыненні Украіны мела субардынацыю да палітыкі ў дачыненні Расеі. Цяпер залежнасць ад газу ўжо мінае. Калі да вайны Еўрапейскі Звяз недзе 40 % газу купляў у Расеі, то цяпер гэтая колькасць зменшылася да 7 %. Такой залежнасці няма. Зʼяўляецца значна больш дакладнае геапалітычнае разуменне таго, чаму трэба падтрымліваць Украіну, чаму трэба ізаляваць Расею. У гэтым плане вызначаецца і палітыка ў дачыненні Лукашэнкі. Нейкай асобнай палітыкі адносна Лукашэнкі асабліва не відаць, бо Лукашэнка лічыцца слугою Пуціна. Тут ужо пытанне стаіць, якія санкцыі трэба ўводзіць супраць рэжыму Лукашэнкі, каб не заставалася магчымасцяў праз Беларусь і Лукашэнку абыходзіць санкцыі для самой Расеі.

Алесь Сіліч: Улетку наступнага года саміт NATO пройдзе ў Вільні. Якія праблемы балтыйскія дзяржавы, у тым ліку Літва, павінны падымаць падчас гэтага саміту і вырашаць?

Андрус Кубілюс: Па-першае, NATO ўжо зрабіла вельмі важнае рашэнне на мадрыдскім саміце, калі ў дэкларацыю саміту запісалі выразную фразу, што аўтарытарная Расея ёсць самай вялікай пагрозаю для бяспекі еўрапейскага кантыненту. NATO як арганізацыя, якая была створаная ў 1949 годзе якраз для абароны ад такой небяспекі, – яна цяпер усвядоміла сваю місію. Таму рашэнні NATO аб стварэнні самых розных ваенных інструментаў, сілаў хуткага рэагавання, аб размяшчэнні войскаў NATO бліжэй да тэрыторыі Расеі ў балтыйскіх краінах, Польшчы, Румыніі – вельмі важныя. Гэта будзе абмяркоўвацца на саміце.

Алесь Сіліч: Я думаю, што пачнецца абмеркаванне і ўжо больш палітычных пытанняў – будучае сяброўства такіх краінаў, як Украіна, Грузія. Магчыма, і Малдова калісьці прыме рашэнне.

Андрус Кубілюс: Тут, па-першае, пытанне вельмі яснае, бо Украіна напісала заяву. Я думаю, што на гэтую заяву трэба глядзець з палітычнага гледзішча. Падчас вайны такое абмеркаванне ўскладняецца, бо ўсе думаюць, што ўжо ў час вайны для NATO трэба будзе штосьці рабіць, калі Украіна робіцца чальцом NATO. Гэтыя пытанні будуць вырашацца пасля вайны. Яны вельмі важныя і як палітычны сігнал той жа самай расейскай і калякрамлёўскай эліце: забудзьцеся пра Украіну, пра аднаўленне імперыі. Украіна ўжо на баку Захаду – сяброўства ў NATO і таму падобнае.

З іншага боку, пытанне будзе ставіцца і пра тое, наколькі сёння чальцы NATO могуць павялічыць дапамогу Украіне. Ад ваеннага падтрымання, якое краіны NATO даюць Украіне, залежыць, калі закончыцца вайна. Калі мы хочам, каб вайна закончылася хутчэй, трэба даваць больш узбраення. Апошняе, у чым мы таксама маем свой інтарэс, – гэта абмеркаванне будучага генеральнага сакратара. Тут ужо абмяркоўваецца імя нашага прэм’ер-міністра Інгрыды Шыманіце. Я думаю,  яна мае ўсе магчымасці заняць такую важную пазіцыю, сапраўды патрэбную якраз нашаму рэгіёну.

Алесь Сіліч: Калі вайна скончыцца перамогаю Украіны да саміту ў Вільні, якія шанцы Украіны, на ваш погляд, стаць чальцом NATO?

Андрус Кубілюс: Тут я не скажу канкрэтна, але абмеркаванні будуць. Трэба, каб на Захадзе не толькі дапамагалі Украіне, як робяць цяпер, але каб зрабілі крытычныя высновы з нашых памылак – памылак NATO і Еўрапейскага Звязу да пачатку вайны. Тое, што Захад трымаўся такой пазіцыі – маўляў, давайце не будзем правакаваць Маскву сяброўствам Украіны ў NATO коштам нават інтэграцыі Украіны ў Еўрапейскі Звяз, – было вялікай памылкаю. Пуціна не правакаваць на агрэсію – не сіла NATO ці Еўропы, а слабасць. Калі мы паказваем слабасць, гэта якраз ёсць заахвочваннем Пуціна павялічваць ягоную агрэсію.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 01.12.2022

Стужка навінаў