Лукашэнка прыехаў у Хатынь, дзе чарговы раз параўнаў большасць беларусаў з нацыстамі і паабяцаў паказаць свету, што такое генацыд. А тым часам рэжым працягвае атакаваць польскую меншасць у Беларусі. Хто знішчыў вёску Хатынь? Чаму незаконны прэзідэнт зноў узгадаў пра Рыжскі мір 1921 г.? Ці ўдасца яму раскалояць беларусаў і перамагчы нацыянальны беларускі сцяг? Каментуюць гісторыкі Андрэй Катлярчук ды Ігар Мельнікаў а таксама палітолаг Аляксандр Фядута.
Вось ён – крызіс ідэяў Лукашэнкі. Сагнаў сярод ночы людзей на мітынг у Хатыні і расчахліў свой буйнакаліберны фэйкамёт.
Аляксандр Лукашэнка:
«Я звяртаюся да ўсіх, хто перакананы, што фашызм нёс на нашую зямлю цывілізацыю, хто гераізуе забойцаў, хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народу».
І мала таго, што гэткі палітычны перформанс на месцы масавай гібелі беларусаў выглядае проста брыдка, дык ужо колькі разоў аўтарытэтнымі гісторыкамі і даследчыкамі было даведзена: бел-чырвона-белы сцяг ніякага дачынення да трагедыі ў Хатыні не мае.
Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук:
«Мы вяртаемся зноў жа да гісторыі Хатыні. І 118-ы паліцыйны батальён, які сёння ў расейскай прапагандзе часта намагаюцца выставіць украінскімі нацыяналістамі, касцяком і афіцэрскім складам быў акурат з афіцэраў Чырвонай арміі. Гэтыя людзі далі прысягу савецкаму ладу, Савецкаму Саюзу. Яны здрадзілі гэтай прысязе. Рыгор Васюра, якога судзілі ў 1980-я гады, быў афіцэрам Чырвонай арміі. І вось гэты момант важна паказаць, што ён не быў нейкім жаўнерам УПА ці бандэраўцам. Ён быў жаўнерам Чырвонай арміі».
У той жа момант любая рыторыка ставіць перад сабою пэўныя мэты. Пагатоў Лукашэнка артыкулюе толькі тое, з чым асабіста згодны, мяркуе вядомы палітычны кансультант Аляксандр Фядута. Адпаведна, нелегітымны кіраўнік Беларусі свядома працягвае расколваць беларускае грамадства ў спробах змабілізаваць сваіх прыхільнікаў.
Аляксандр Фядута, палітолаг, доктар гуманітарных навук:
«Тое, што Лукашэнка сказаў, у адных выкліча радасць і нейкае ўнутранае вітанне, у іншых, наадварот, абурэнне. Я думаю, на гэта і разлічвалі».
І калі мы паглядзім на агульны кантэкст, фраза была сказаная яўна дзеля таго, каб апраўдаць будучыя рэпрэсіі.
Андрэй Катлярчук, доктар гістарычных навук, выканальнік абавязкаў дырэктара Цэнтру сучаснай гісторыі, Сёдэртэрнаўскі ўніверсітэт, Швецыя:
«Праз вайну ідзе дыскрэдытацыя дэмакратычнай апазіцыі. Гэта значыць, што прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі малююцца як нашчадкі паліцаяў, як лёкаі Захаду. Пры гэтым Захад – як бы спадкаемца нацызму. Я скажу, што гэта смеху варта, калі выстаўляюць узорныя дэмакратычныя краіны, як Нямеччына ці Літва, нашчадкамі нацысцкіх рэжымаў».
І гэткая рыторыка не перашкаджае рэжымным прапагандыстам выказвацца наступным чынам.
Аляксандр Лукашэнка:
«Вы ж Нямеччыну глядзіце? Няма пытанняў, мы створым сваю Нямеччыну з яе стандартамі. Улада і парадак – гэта не тое, што можна трымаць растапыранымі пальцамі».
Аднак не толькі Другая сусветная вайна выкарыстоўваецца галоўным прапагандыстам рэжыму ў сваіх мэтах. Гэтак, 19 сакавіка падчас візіту ў Горадню ён нечакана прыгадаў і Рыжскі мір 1921 года, у выніку якога Беларусь аказалася раздзеленая паміж савецкаю Расеяй і Польшчаю.
Аляксандр Лукашэнка:
«Чуў, што нас пачынаюць рваць. І я часта казаў пра тое, што Беларусь – на разрыў».
Падобныя выказванні служаць акампанементам да атакі на польскую меншасць у Беларусі. У пачатку сакавіка МЗС Лукашэнкі пастанавіў негатыўна выказацца наконт польскага антыкамуністычнага падполля, пасля пачаліся гэтак званыя праверкі ў польскіх школах, высылка з Беларусі чарговых польскіх дыпламатаў, у тым ліку консулаў у Горадні і Берасці. А 24 сакавіка на 15 дзён арыштавалі старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс.
Аляксандр Фядута, палітолаг, доктар гуманітарных навук:
«Успамін пра Рыжскі мір для Лукашэнкі – гэта, хутчэй за ўсё, дзякуючы дарадцам, якія і параілі яму пра гэта сказаць, каб абазначыць чарговае супрацьстаянне з Еўрапейскім Звязам».
І пакуль выглядае на тое, што рэжым працягне цынічна выкарыстоўваць гістарычныя страшылкі ды тыражаваць новыя і новыя фэйкі, накіраваныя на аўдыторыю, якая не схільная цікавіцца гісторыяй і пераправяраць факты.
«Праблема сучаснай Беларусі – гэта адсутнасць глыбокіх гістарычных ведаў у грамадстве. Дзяржаўная ідэалогія не выпрацаваная толькі таму, што акцэнт яе быў на савецкім, а не нацыянальным. Я не заклікаю, што ўсё павінна быць бел-чырвона-белае ці чырвона-зялёнае, не. Проста банальна трэба даць фактуру. Пра калабарантаў, пра Слуцкі збройны чын, пра дзейнасць УПА на тэрыторыі Беларусі, пра дзейнасць Арміі Краёвай і постакаўскіх фармацыяў, а не выхопліваць гэтыя факты і выкарыстоўваць іх у патрэбны гістарычны момант», – мяркуе Ігар Мельнікаў.
А рэжым Лукашэнкі робіць усё дакладна наадварот: гісторыя выкарыстоўваецца выключна з мэтай апраўдання ці папулярызацыі нейкай палітычнай пазіцыі. Як было трэба, то быў і Дзень вышыванкі ад БРСМ. Цяпер жа ўсе ўладныя структуры даходзяць да крайніх формаў абсурду, каб толькі не дапусціць нідзе спалучэння чырвонага і белага колераў – колераў нацыянальных сімвалаў беларусаў.
Андрэй Катлярчук:
«Мы бачым унікальную з’яву. Рэжым кінуў усіх прапагандыстаў на змаганне са сцягам. Чаму? Бо гэты сцяг сімвалізуе рэвалюцыйныя падзеі, сімвалізуе дэмакратыю. Пад гэтым сцягам беларусы два разы ў ХХ стагоддзі прыходзілі да дэмакратыі – у 1918 годзе і 1991-м. Два разы ён быў сімвалам дэмакратычнай рэвалюцыі. І цяпер гэта трэці раз. І таму ўрад робіць усё, каб запляміць гэты сцяг, прыдумаць усё, што заўгодна».
Аднак, судзячы з таго, на што ідуць беларусы, каб дэманстраваць свае нацыянальныя сімвалы, і з колькасці гэтых сімвалаў на вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак, можна смела казаць: любым патугам рэжыму ў ачарненні бела-чырвона-белых колераў наканаваны гучны правал.
Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum; TUT.BY / Reuters / Forum.