Шуфлядка

Адкрылася рэгістрацыя на ЦТ у Беларусі. Што варта ведаць пра сёлетнюю ўступную кампанію

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абітурыентка атрымлівае памятку пра цэнтралізаванае тэставанне ў БНТУ. Менск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абітурыентка атрымлівае памятку пра цэнтралізаванае тэставанне ў БНТУ. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2023 года. Фота: Арыян Яздані Чэраці / Bntu.by
podpis źródła zdjęcia

З 9 да 22 красавіка беларускія абітурыенты могуць зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэставанне. Змены ва ўступнай кампаніі сёлета не такія вялікія, але змены сістэмы адукацыі з кожным годам больш адчувальныя.

Урок да Дня адзінства Беларусі і Расеі ў СШ № 2 Слаўгараду. Фота: slavgorod.by

Са сцягамі РФ і партрэтамі Пуціна. Як беларускіх школьнікаў вучылі Расею любіць

навіны

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ) адкрылася ў Беларусі 9 красавіка. Зарэгістравацца на ЦТ можна на сайце РІКВ або ў адмысловых пунктах рэгістрацыі (спіс тут). Рэгістрацыя каштуе 0,1 базавай велічыні (4,2 рубля) за прадмет. Пасля рэгістрацыі і не пазней за 22 красавіка трэба асабіста або праз законнага прадстаўніка забраць пропуск на ЦТ у пунктах рэгістрацыі.


На цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) не трэба рэгістравацца самастойна, на яго рэгіструе ўстанова адукацыі.


Прайсці можна толькі абмежаваную колькасць тэстаў. Калі абітурыент зарэгістраваны на ЦЭ па двух прадметах, то ў той жа год можа зарэгістравацца на ЦТ толькі па адным прадмеце. Калі зарэгістраваны на ЦЭ па адным прадмеце, можа здаваць ЦТ па двух. Калі не зарэгістраваны на ЦЭ, можна зарэгістравацца на тры ЦТ.


Для пытанняў пра ўступную кампанію працуе гарачая лінія Міністэрства адукацыі: +375 17 222 43 12 (у буднія дні з 9 да 18 гадзінаў, абед з 13 да 14). Свае гарачыя лініі запускаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы.


Выпускнікоў 11-х класаў установаў сярэдняй адукацыі сёлета чакаецца звыш 56 тысячаў. У ВНУ плануюць прыняць каля 8,2 тысячы выпускнікоў каледжаў паводле скарочаных праграмаў. Каля 1300 пераможцаў алімпіядаў рэкамендаваныя да залічэння без уступных іспытаў. Акрамя таго, паступаць у беларускія ВНУ змогуць грамадзяне Расеі, у тым ліку на бюджэтную форму навучання, па выніках расейскага адзінага дзяржаўнага экзамену (ЕГЭ).


Летась 695 абітурыентаў здалі ЦТ на 100 балаў, на ЦЭ і ЦТ разам 100-бальных вынікаў было каля 1800. 15 чалавек атрымалі 100 балаў па трох прадметах ЦЭ і ЦТ.


Расклад ЦЭ і ЦТ


  • 26 траўня – ЦЭ (для 11-класнікаў) і ЦТ (для іншых выпускнікоў) па ўсіх прадметах, акрамя беларускай і расейскай моваў;
  • 29 траўня – ЦЭ і ЦТ па беларускай ці расейскай мове;
  • 2 чэрвеня – ЦТ па матэматыцы, біялогіі, замежнай мове, геаграфіі, сусветнай гісторыі (найноўшы час) і гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі;
  • 5 чэрвеня – ЦТ па грамадазнаўстве, хіміі, фізіцы і гісторыі Беларусі;
  • 19, 21 і 23 чэрвеня – рэзервовыя дні ЦТ;
  • 21, 23 чэрвеня – рэзервовыя дні ЦЭ;
  • 1 чэрвеня – пачатак выдачы сертыфікатаў ЦТ;
  • 27 чэрвеня – 2 ліпеня – прыём абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і прыём пераможцаў алімпіядаў.
  • 12–17 ліпеня – прыём дакументаў на бюджэтную і платную форму навучання (на асобныя спецыяльнасці ў іншыя тэрміны).
  • 18 і 20 жніўня – дадатковыя рэзервовыя дні для ЦЭ.


Час пачатку ЦТ ува ўсе дні – 11:00.


Што новага ў ЦЭ і ЦТ


У канцы студзеня Савет Міністраў унёс змены ў дакументы аб правядзенні ЦТ. Змены збольшага касметычныя: у дакументах прапісалі забарону мець пры сабе на ЦТ сродкі сувязі, лічбавую тэхніку, фота- і відэаапаратуру, даведкавыя матэрыялы на любым носьбіце і іншае; забарону выносіць з аўдыторыі экзаменацыйныя матэрыялы і лісты для запісаў і забарону іх фатаграфаваць; забарону размаўляць між сабою і самавольна выходзіць з аўдыторыі. Гэтыя забароны і так фактычна дзеялі на ЦТ. Таксама быў удакладнены спіс абітурыентаў, з якіх не бяруць плату за ЦТ.


Структура і складанасць ЦЭ і ЦТ застануцца ранейшымі, запэўнівае РІКВ. Хіба дадаўся новы прадмет – гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, але ён разлічаны толькі на асобных выпускнікоў, якія яго праходзяць у межах апрабацыі ў 14 эксперыментальных класах. У спецыфікацыях ЦЭ і ЦТ ёсць невялікія адрозненні: напрыклад, у тэсце па расейскай мове будзе на адно заданне менш у лексіцы і на адно больш у стылі маўлення.


Акрамя таго, былі змененыя профільныя тэсты для розных спецыяльнасцяў. Але гэтыя змены набудуць моц ад 2026 года і не датычаць найбліжэйшай уступнай кампаніі.


Больш істотныя змены ў сістэме адукацыі агулам


Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: unirank.pl

Польскія ВНУ не будуць патрабаваць ад абітурыентаў з Беларусі вынікаў ЦТ і ЦЭ

навіны

Прыём у ВНУ скарацілі адразу на 2,3 тысячы месцаў. Агулам у 2025 годзе ВНУ Беларусі гатовыя прыняць 48,3 тысячы абітурыентаў. На платнае навучанне ў 2025 годзе лічбы прыёму зніжаныя на 2,7 тысячы месцаў і складаюць 16,5 тысячы. На бюджэт жа колькасць месцаў у параўнанні з папярэднім годам вырасла на 400 – да 31,8 тысячы. БДУ плануе скараціць колькасць месцаў на платнай форме навучання. Планы прыёму на мэтавую падрыхтоўку маюць апублікаваць да 1 траўня (у педагагічных спецыяльнасцях – да 1 чэрвеня).


Таксама ў беларускіх ВНУ ў межах аптымізацыі падрыхтоўкі спецыялістаў сёлета закрыюць 45 спецыяльнасцяў.


Узмацняецца і ціск на навучэнцаў, і ідэалагічная апрацоўванне, і «замацаванне».


Беларускія ВНУ і школы абавязаныя сачыць за навучэнцамі, ладзіць сярод іх прапагандысцкія акцыі і справаздачыцца пра гэта чыноўнікам. Як даведаліся «Кіберпартызаны», штомесяц Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт дасылае справаздачу старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай і ў пракуратуру,


Савет Міністраў бачыць праблему з непапулярнасцю адукацыі ў Беларусі і прымусовым размеркаваннем па атрыманні вышэйшай адукацыі. Вось толькі, мяркуючы са здабытых «BELPOL» дакументаў, не разумее, як гэтыя праблемы развязаць. Задумалі пагоршыць умовы размеркавання выпускнікоў, абмежаваць выезд моладзі за мяжу. У школы ўжо выклікаюць бацькоў, каб яны адгаварылі дзяцей паступаць за мяжу.


Міністэрства адукацыі Беларусі абмяркоўвала «антырэпетытарскі ўказ», які, калі будзе прыняты ў нязменным выглядзе, зробіць працу рэпетытараў значна цяжэйшай.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10