Шуфлядка

Якія музычныя оўпэн-эйр фестывалі пройдуць летам у Беларусі і хто там гэдлайнеры

«Stereo Weekend» у Батанічным садзе ў Менску, Беларусь. 2018 год. Фота: Stereoweekend / Instagram
«Stereo Weekend» у Батанічным садзе ў Менску, Беларусь. 2018 год. Фота: Stereoweekend / Instagram
podpis źródła zdjęcia

Калі верыць прагнозам, лета нас чакае дажджлівае, але неабавязкова маркотнае. «Белсат» паглядзеў праграму музычных фестываляў у Беларусі і апавядае, хто там выступае ў перыяд павальнай забароны на сваю музыку і эміграцыі музыкаў. Спойлер: амаль адны расейцы.

Фестываль "Belbet Fest" (14 чэрвеня, Менск)

Кошт: ад 106 да 346 рублёў.

Першы летні музычны фестываль пачнецца ўжо зусім хутка: 14 чэрвеня на менскім стадыёне «Дынама». Летась арганізатары паведамілі, што фестываль сабраў больш за 20 000 гледачоў, якія прыйшлі паглядзець на «Dabro», Клаву Коку, L'one і Мары Краймбрэры.

«На фестывалі ты акунешся ў атмасферу лета пад запальныя трэкі топавых артыстаў, нацешышся ежай ды напоямі на найсмачнейшым фудкорте, зробіш найлепшыя інстафоты на яскравых лакацыях і зможаш узяць удзел у крутых конкурсах ды ўлётных актыўнасцях», – абяцаюць арганізатары праграмы на 2025 год.

Глядзім, каго запісалі ў спіс «топавых артыстаў» 2025 года і разумеем, што калі вам больш за 30 гадоў, дык ёсць шанец пазнаць хіба што «Дискотеку авария» і Feduk (і тое толькі паводле доўгіх судоў за свой адзіны гіт і жаніцьбы з дачкою расейскага алігарха).

Фестываль «Belbet Fest» на стадыёне «Дынама». Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2024 года. Фота: Моладзь Беларусі
Фестываль «Belbet Fest» на стадыёне «Дынама». Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2024 года. Фота: Моладзь Беларусі

Звязка Nkeeei, Uniqe і Artem Shilovets стала суперпапулярнаю нядаўна, пасля таго як танцы пад іхye. песню «Гламур» выклала ў сацыяльных сетках Білі Айліш. Люся Чабоціна – маладая версія «шалёнай імператрыцы» Ірыны Алегравай, Мая Мішэль – расейская аўтарка рэміксу на песню Евы Польнай з нулявых «Зима в сердце, на душе вьюга», Jah Khalib – казахскі рэпер і аўтар мізагінных тэкстаў, а таксама чалавек, якога на радзіме закэнсэлілі за тое, што лічыць вінаватымі ў гвалце над жанчынамі жанчын.

Увогуле, ідэя схадзіць на «Zoo Fest» на стадыёне «Дынама» тыдзень раней здаецца значна цікавейшаю: там прынамсі будуць мілыя сабачкі і «Фрысбі, Аджыліці, Ноўз».

«Сонцастаянне» (27–29 чэрвеня, Пружаны)

Квіткі: ад 420 да 700 рублёў.

Мяркуючы з лайн-апу фестывалю, які належыць вядомаму гаманцу Лукашэнкі, Аляксандру Зайцаву, там плануецца варушняк у стылі аднайменнага трылеру. На стадыёне «Мухавец» выступяць рок-зоркі, якія падтрымліваюць Расею ў вайне супраць Украіны: «Крематорий», «Алиса», «Чайф», «Ария», «Чёрный кофе», «Чиж и Ко», «Братья Грим», «СерьГа», «Моральный Кодекс», «Парк Горького» і іншыя Z-рокеры.

Адзіным артыстам, пазіцыя якога ў справе вайны дакладна невядомая, ёсць сусветнавядомы шатландскі рок-гурт «Nazareth» (хай і без традыцыйнага вакаліста, які памёр у 2022 годзе).

Таксама арганізатары абнадзейваюць, што сёлета на рок-фестывалі ўпершыню з'явіцца другая сцэна – «для маладых беларускіх рок-калектываў».

Выступ на другі дзень рок-фестывалю «Сонцастаянне» ў Пружанах, Беларусь. 30 чэрвеня 2024 года. Фота: Павел Русак / Tochka.by
Выступ на другі дзень рок-фестывалю «Сонцастаянне» ў Пружанах, Беларусь. 30 чэрвеня 2024 года. Фота: Павел Русак / Tochka.by

Што яшчэ цікава, найдаражэйшыя квіткі (у VIP-зону) параўнальныя з квітком на танцпол у новым туры Бэёнсэ, але за гэтыя грошы вы атрымаеце толькі прыярытэтны ўваход на імпрэзу, асобны фатограф і прыбіральню для гэтай зоны, а таксама станцыю ладавання для гаджэтаў. А вось месцаў для сядзення за 700 рублёў вам ніхто не гарантуе.

«Купала-фэст» (5 ліпеня, Віцебск)

Квіткі: ад 106 да 126 рублёў.

Начны оўпэн-эйр фестываль адбудзецца ў музеі-сядзібе мастака Іллі Рэпіна Здраўнёва (праўда, арыгінальны дом згарэў і адбудаваны наноў у 2000 годзе).

Арганізатар у выглядзе ўсё той жа Віцебскай філармоніі, якая робіць «Сонцастаянне», абвяшчае гэдлайнерам гурт «Dabro». Гэта дуэт братоў з Данецкай вобласці, якія працавалі над песнямі Святланы Лабады, Дэцла і Паліны Гагарынай, а потым падпісалі кантракт з лэйблам Z-рэпера і даўнім сябрам Рамзана Кадырава, Тымаці, і сталі калясіць па свеце ўжо самі.

Таксама наведнікам абяцаюць выступы ансамблю «Талака» і настолькі «топавых дыджэяў Расеі і Беларусі ды кавер-групы», што іх імёнаў нагугліць не ўдалося.

«Славянскі базар у Віцебску 2025» ( 8–14 ліпеня, Віцебск)

Квіткі: ад 10 да 160 рублёў.

Галоўны канцэрт артыстаў беларускай эстрады сёлета відавочна заручыўся падтрыманнем Ганны Сялук і Ганны Благавай ды пайшоў паводле новага курсу прапаганды – вырашыў прыцягнуць больш маладую аўдыторыю.

Фестываль «Славянскі базар у Віцебску». Віцебск, Беларусь. 2023 год. Фота: БелТА
Фестываль «Славянскі базар у Віцебску». Віцебск, Беларусь. 2023 год. Фота: БелТА

Цяпер асобны дзень імпрэзы прысвечаны дзіцячым блогерам, якіх асабліва старанна праверыў ідэалагічны апарат: Кабякоў, Betsy, Дзім Дзімыч, Улька Пулька, Анджэліша, Насця Краўчанка, Іван Зданюк, Стасся Корсак, Ліза Вярцінская, Лера Бернатовіч, Арцём Скароль і іншыя асобы, імёны якіх добра вядомыя аўдыторыі, маладзейшай за 16 гадоў.

Падобна на тое, усе яны гуртам заключылі кантракты на ўдзел у «Песні года Беларусі» і «Славянскім базары». Можа, нават на 10 гадоў наперад. Затое гэты дзіцячы ранішнік каштуе не нашмат даражэй за мастадонтаў эстрады СНД – ад 35 да 80 рублёў.

Дыскатэка з зоркамі дзіцячага сегменту TikTok і Вольгай Бузавай каштуе да 130 рублёў. Гэта амаль столькі ж, колькі і выступ гэдлайнера фестывалю і караля песень для разжэненых жанчын Стаса Міхайлава, спявачкі шансону Алены Ваенгі, а таксама Пятра Ялфімава (які паспрабаваў трапіць у фінал «Еўрабачання», але не выйшла).

«Stereo Weekend» (12 ліпеня, Цэнтральны батанічны сад у Менску)

Кошт: 93 рублі.

Пасля сямігадовага перапынку фестываль вяртаецца ў Батанічны сад: абяцае дзве сцэны і 10 артыстаў. Галоўным гэдлайнерам можна назваць Nevika (спявачку і аўтарку песень на беларускай мове, якая сёлета атрымала ўзнагароду на «Песні года Беларусі») і расейскага індзі-артыста і трубача Антоху МС.

«Stereo Weekend» у Батанічным садзе ў Менску, Беларусь. 2018 год. Фота: Stereoweekend / Instagram
«Stereo Weekend» у Батанічным садзе ў Менску, Беларусь. 2018 год. Фота: Stereoweekend / Instagram

Будзе яшчэ чарада артыстаў: расейскі нью-вэіў гурт «Pompeya» з гітом «90», «Parade of Planets» – менскі гурт, які спявае па-французску, і Лілая – поп-оперная спявачка з Расеі.

Сярод гэтай моладзевай тусоўкі вылучаецца хіба што выканаўца гіта «Сибирские морозы» – 70-гадовы Уладзімір Кузьмін. Як ён там апынуўся, застаецца загадкаю: здаецца, хваляю папулярнасці Надзеі Кадышавай яго пакуль не зачапіла.

«Наш Грунвальд» ( 22–23 ліпеня, «Дудуткі» каля Менску)

Ну хоць на традыцыйны фестываль сярэднявечнай культуры з рэканструкцыяй Грунвальдскай бітвы пакуль не пусцілі расейскіх рэпераў. Праўда, хто будзе выступаць на 16-й канцэртнай праграме «Баль пасля бітвы» дасюль невядома.

«Viva Braslav» (25–27 ліпеня, Браслаў)

Кошт: ад 64 да 2690 рублёў

І зноў фестываль, удзел у якім анансавалі 16 выключна расейскіх выступоўцаў. Не першы год там няма аніводнага беларуса, так што ў нейкі момант можна і забыцца, што ты ў Беларусі.

Сярод названых артыстаў: рэпер Элджэй (былы муж Насці Іўлеевай), Люся Чабоціна (тая, што будзе яшчэ і на фестывалі «Belbet Fest»), 10age, Mona, «Три дня дождя», «Police in Paris», 39Kingdom, HollyFlame, Goom Gum, Almary, Zapravka, IceGergert. Бацькам мэтавых наведнікаў фестывалю таксама не дадуць сумаваць – для іх выступяць Нюша, Аляксей Чумакоў і нейкі з ліку склад гурта «Браво».

Фестываль «Viva Braslav» у Браславе, Беларусь. Фота: vivabraslav.by
Фестываль «Viva Braslav» у Браславе, Беларусь. Фота: vivabraslav.by

Акрамя музыкі, плануецца правесці і традыцыйны конкурс дзяўчат у купальніках «Міс «Viva Braslav».

«FestiWow» (2 жніўня, Менск)

Кошт: ад 125 да 197 рублёў.

Новы гарадскі фестываль на стадыёне «Дынама» мала чым адрозніваецца ад папярэдніх: у лайн-ап таксама няма аніводнага беларускага артыста, амаль усе – расейскія рэпэры: Cream Soda, the Hatters, «Три дня дождя» (яны ўжо каторы год ува ўсіх лайн-ап фестываляў Беларусі), Markul, Toxi$, Zoloto і «Ay Yola» (адзіны гурт з Башкірыі).

«Wostrau Nesvizh Fest» (22–23 жніўня, Нясвіж)

Кошт: ад 130 да 324 рублёў.

Адбудзецца ў парку Нясвіж ля сценаў старадаўняга замку, але пад музыку ўсё тых жа расейскіх поп-артыстаў. Гэтак, дуэт былой медсястры і ейнага прадзюсара Artik & Asti вяртаецца, пасля таго як сабраў два поўныя стадыёны «Дынама » ў снежні 2024 года.

Будуць таксама Ганна Плятнёва з гурта «Винтаж», «Корни» (пераможцы першага сезона шоу «Фабрыкі зорак»), Ramil (ягоная песня «Вся такая в белом» стала топ-1 «УКантакце» ў 2019 годзе), Bearwolf і «Давай на ты» (музыкі кажуць, што выкарыстоўваюць у песнях рэальныя дыялогі з ліставанняў з прыхільнікамі).

Каментар эксперта «Людзям патрэбная перадышка, і яны паедуць на фестывалі, бо ў іх няма альтэрнатывы»

Музычны крытык, пісьменнік і міністр «Сепультуры» Аляксандр Чарнуха думае, што нават пры амаль цалкам расейскіх лайн-апах фестывалі ў Беларусі паставяць новыя рэкорды наведнасці: людзям патрэбная перадышка, і яны паедуць туды, бо няма альтэрнатывы.

Журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха. Варшава, Польшча. 27 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха. Варшава, Польшча. 27 снежня 2024 года. Фота: Белсат

«Фестывальнае лета ў Беларусі ляціць паводле цалкам прадказальнай траекторыі. З аднаго боку, рынак рэкламы цалкам падпарадкаваны стаўкам і азартным гульням, а гэтыя гульцы ствараюць свае брэндаваныя імпрэзы. З другога – дзяржаўная манаполія і татальная гегемонія расейскіх артыстаў з «правільнаю пазіцыяй».

На агульным фоне вылучаюцца «Viva Braslau» і «Wostrau» – фестывалі, зарганізаваныя недатычным бізнесам, якія выжываюць як могуць ва ўмовах ультрацэнзуры. Склад гэтых фестываляў зразумелы: артысты, якія маюць добрыя паказнікі на расейскім стрымінгу і адпаведную аўдыторыю, плюс беларусы, якія прайшлі шматузроўневы фільтр ідэалагічнай праверкі і маюць права ззяць на маштабных імпрэзах.

Таксама варта адзначыць прыватны пікнікавы фестываль «Stereoweekend», які вярнуўся пасля шматгадовай паўзы – даволі абаяльны гарадскі фестываль без маштабных амбіцыяў. Праўда, склад фестывалю круціцца вакол прадказальных расейскіх гэдлайнераў з індзі-хвалі шэрага мінулага.

«Наш Грунвальд» таксама, хутчэй, выключэнне з агульнага правіла і працуе на іншую мэтавую аўдыторыю. Сёлетні склад пакуль не апублікаваны, але высновы можна зрабіць з леташняга: была расейская «эпідэмія», беларусы Іван Кірчук, Трубяцкі, капэла «Sonorus» – не думаю, што 2025 год будзе адрознівацца тэмаю.

Але калі прыватныя фестывалі робяць стаўку на «правераную мэтавуху», бо рызыкаваць не могуць, дзяржаўныя могуць дазволіць сабе эксперыменты..

,,

«Дзяржаўныя імпрэзы ідуць у бок абнаўлення аўдыторыі і пошуку свежай крыві для ідэалагічнае апрацоўкі. Таму на «пенсійных» фестывалях накшталт «Славянскага базару» з'яўляюцца імпрэзы з удзелам дзіцячых блогераў.


Упэўнены, што сёлета будуць пастаўленыя новыя рэкорды наведнасці, а Instagram і TikTok будуць ламіцца ад фотаздымкаў і відэа. Людзям патрэбная перадышка, і яны будуць хадзіць на фестывалі, бо ў іх няма альтэрнатывы. А нават калі б і зрабілі, не ўпэўнены, што яны змянілі б сваю парадыгму паводзінаў – расейская музыка вельмі шчыльна інтэграваная ў беларускі кантэкст, і пазбавіцца ад яе практычна немагчыма», – кажа Аляксандр Чарнуха.

Тэса Анэйда / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10