Шуфлядка

Нізкі мастацкі ўзровень. Як прайшла «Песня года Беларусі»

Спявачка Жанэт у какошніку ўзнагародаў не атрымала. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Спявачка Жанэт у какошніку ўзнагародаў не атрымала. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
podpis źródła zdjęcia

Сёлетняя «Песня года» прайшла пазней за іншыя – аб'яўленне намінантаў трымалі ў інтрызе да канца вясны. Можна было чакаць, што для работнікаў прафсаюзаў і гарвыканкамаў, якія прыйшлі ў залу Палацу спорту, рыхтавалі сюрпрыз, але не: калі б вы селі на пульт і незнарок паглядзелі замест гэтага «Славянскі базар» або «Песню года – 2015», вы б ледзь заўважылі падвох. «Белсат» ацаніў галоўную музычную прэмію Беларусі і не раіць глядзець яе нікому.

Адзіным адступленнем ад выверанага гадамі сцэнара быў не Аляксандр Саладуха на кані (ён быў, але без каня), а тое, што да прапахлай нафталінам і вяндлінаю з буфету імпрэзы надумалі прыцягнуць новую аўдыторыю – моладзь. Цяпер у кампанію чыноўнікам і заслужаным працаўнікам ідэалагічнага апарату дадалі трохі актывістаў БРСМ.

Выйшла як выйшла: пакуль першыя пасля прыняцця каньяку сядзелі ў тэлефонах, займаючыся сапраўды важнымі справамі, другіх адправілі на перадавую – скакаць ля сцэны і падпяваць.

Вядоўцы – зноў Вольга Рыжыкава з мужам Тэа, якога можна ўзгадаць паводле песні «Чызкейк», калі добра атрэсці ад пылу ўспаміны, – млява ўздыхалі паводле падручніку дыктарскага майстэрства СССР. Ім на дапамогу адправілі малалетніх блогераў, старанна правераных на самым высокім узроўні на адпаведнасць патрабаванням усіх ідэалагічных нормаў. Прайшлі адбор фіналістка беларускай версіі «X-Factor» Насця Краўчанка і блогер Іван Зданюк, які спявае аб прысязе і выпускных. У выніку вядоўцы ў колькасці чатырох штук тапілі гэты карабель-прывід удвая больш старанна, за што таксама атрымалі ўзнагароды.

Вядоўцы Вольга Рыжыкава, Тэа, Насця Краўчанка і Іван Зданюк. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Вядоўцы Вольга Рыжыкава, Тэа, Насця Краўчанка і Іван Зданюк. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Першая на сцэну ўварвалася лейтэнантка міліцыі, салістка аркестру ГУУС Менскага гарвыканкаму і Моладзевага тэатру эстрады Ганна Благава.

Жанчына неміласэрна скаланала паветра рукамі, высокім пучком і рэлігійнымі песнямі «За тобой – сто тысяч демонов, за меня – только Бог!». Моладзевы танцавальны ансамбль у чорным, мабыць, адлюстроўваў тых дэманаў.

Ейнае імя потым з'явіцца яшчэ дзясятак разоў на экране: разам з іншаю Ганнаю (Ганнаю Сялук, нявесткай Аляксандра Лукашэнкі) яна сталася суаўтаркаю бальшыні песень на прэміі.

І тут інтрыгі таксама няма: менавіта Ганна Благава перамагла ў катэгорыях за найлепшы вакал і як найлепшая выканаўца. Яна назвала сваю перамогу «нечаканай» і падзякавала начальніку «за моцныя мужчынскія плечы за спінаю».

Лейтэнантка міліцыі Ганна Благава. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Лейтэнантка міліцыі Ганна Благава. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Каб уважлівыя гледачы ў зале не заснулі, павольныя песні пра любоў да Радзімы міксавалі з танцавальнаю творчасцю розных блогераў, імёны якіх беларусам, старэйшым за 16 гадоў, нічога не скажуць. Напрыклад, вядоўца Насця Краўчанка спявала пра «дурнаватае каханне, небяспечнае, нібы акула» пад бразгатлівы сінтэзатар з 1980-х. Выглядала так, быццам Сняжынка з дзіцячага ранішніка пераблытала ролю і надумала паказаць усім Алеграву.

Пасля на сцэне апынуўся нязменны аўтар песень пра «твои губы – всего лишь чужой рот» Герман Цітоў, які крычаў у залу «отведу печали, отведу беду» і «жизнь черная кошка, а я шарю немножко». Для тых, хто сумняваецца, дадаваў: «Таких, как я, ты не знала, может, дойдем до финала». Жанчыны ў адказ падпявалі і пляскалі ў далоні, а іхныя мужы рабілі выгляд, быццам з гэтымі жанчынамі зусім не знаёмыя.

Аўтар песні «Твои губы – всего лишь чужой рот» Герман Цітоў. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Аўтар песні «Твои губы – всего лишь чужой рот» Герман Цітоў. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Усё памянялася з выхадам бліскучай Алены Міхайлаўны Ланской, як яе назвалі вядоўцы. 40-гадовая зорка кліпу «Любимую не отдают» апранулася ў чорны камбінезон і шчодра пасыпала сябе бліскаўкамі, каб праспяваць «Ты для меня всё». Кліп на гэтую песню стаўся найлепшым у Беларусі за 2024 год на думку паважанага журы конкурсу. Мужчыны ў зале нават адарваліся ад тэлефонаў, прыцягнутыя гэтым жывым дыска-шарам.

Жанчыны ў зале адрываліся, як маглі. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Жанчыны ў зале адрываліся, як маглі. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Але іхныя позіркі хутка вярнуліся назад з выхадам на сцэну «не брыльянта, але сапраўднага золата» (на думку вядоўцаў) Вікторыі Алешкі, якая пасля песень накшталт «Успокойтесь, мужчина, у вас крошки в щетине», з прычыны веку і перманентнага нешанцавання з мужчынамі, звярнулася да Бога.

Заслужаная артыстка Беларусі Алешка агучвала словы, напісаныя Ганнаю Лукашэнкаю-Сялук: «Не предавай, не предавай, отца и мать не забывай, за них всегда отдельный счет у Бога». Гэта манументальная праца атрымала галоўны прыз – званне «Песні Беларусі» 2024 года.

Затое маркетолагі пастанавілі не эксперыментаваць з прыцягненнем маладой аўдыторыі і зрабілі ўпор на стабільную мэтавую аўдыторыю галоўнай музычнай падзеі Беларусі. У перапынках між шэдэўрамі эстрады можна было крыху адпачыць і атрымаць асалоду ад рэкламы лекаў ад гемарою ды хваробаў печані, зубной пасты, кацінага корму і навінкамі айчыннага кінематографу пад назваю «На шляху да Берліну» і «Фермерка». Прыкладна тады ж стала ясна, дзе так ад'еўся Герман Цітоў: ён цяпер вядзе кулінарнае шоу.

Адзінокая Вікторыя Алешка і моладзевы актыў ля сцэны. Крыніца: скрыншот з відэатрансляцыі на ont.by
Адзінокая Вікторыя Алешка і моладзевы актыў ля сцэны. Крыніца: скрыншот з відэатрансляцыі на ont.by

Потым на сцэну выйшаў неміргальны Руслан Аляхно, песні якога патрыятычны актыў ля сцэны прымусілі вывучыць на памяць. Жанчыны ў зале пускалі слязу і здымалі відэа, актывісты ля сцэны падпявалі. Найлепшы мужчынскі вакал знайшоў свайго пераможцу. Аляхно ў адказ падзякаваў радзіме і прыхільнікам, але зрабіў гэта без агеньчыка.

Пасля такога ўзбадзёрыць публіку адправілі групу «Cosa Nostra» з песняй аўтарства Благавай «Включите солнце». І ў гэты момант неспрактыкаваны слухач, які ненадоўга адарваў погляд ад экрана, канчаткова перастае разумець, дзе заканчваецца адна песня і пачынаецца іншая. І хто наагул яе спявае. Усё тыя ж простыя прыпеўныя матывы, словы пра любоў да Радзімы, агульнае ДНК, адзінства і Бога, аднолькавыя студыйныя галасы, якімі замянілі жывы гук у зале.

Руслан Аляхно стаўся выканаўцам года ў Беларусі. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Руслан Аляхно стаўся выканаўцам года ў Беларусі. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Але найдалей у рэтраспектыве зайшлі «дарослыя і вельмі патрыятычныя рокеры», пра якія наўрад нешта чулі (і якія не рокеры зусім). Стомленыя жыццём і ўздзеяннем алкаголю на арганізм дзядзечкі выканалі песню «Радзіма – гэта я», паабяцаўшы, што «не забудуць Берасця і Хатыні».

Пасля гэтага арганізатары шліфанулі публіку зарадам аптымізму ад трыа ў яскравых касцюмах «Ружовыя ружы». Бадзёрыя жанчыны сярэдніх гадоў адплясвалі пад словы: «Я встречаю вечер розовый одна, и слова словно стены рушатся – не сдержал слово пацана». Шах і мат, Макс Корж!

Наступны сэт-ліст скапіявалі з папярэдніх гадоў: Жанэт у какошніку спявала пра «шчасце быць удома», гурт «Аўра» на чале з Яўгенам Алейнікам і жонкай Юліяй Быкавай таксама атрымалі свае ўзнагароды як найлепшыя аўтары словаў і музыкі. Пакуль Быкава ў касцюме Бэёнсэ з «AliExpress» спявала «Встала и пошла делать все свои дела, дела сами делаться не станут», ейны муж на заднім фоне чамусьці церабіў гітару.

Удзельнікі гурта «Аўра» на чале з Яўгенам Алейнікам і ягонаю жонкай Юліяй Быкавай таксама атрымалі свае ўзнагароды як найлепшыя аўтары словаў і музыкі. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Удзельнікі гурта «Аўра» на чале з Яўгенам Алейнікам і ягонаю жонкай Юліяй Быкавай таксама атрымалі свае ўзнагароды як найлепшыя аўтары словаў і музыкі. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Пасля рушыў галавакружны нумар, ад дэкарацыяў да якога ў гледача цалкам мог здарыцца прыпадак эпілепсіі. Пад пераменлівыя з вар'яцкаю хуткасцю адценні зялёнага Аляксандра Мелех (выканаўца «Ах, Аляксандр» і дэма-версія сваёй настаўніцы Ганны Сялук) разам з Яўгенам Ермалковічам (ён жа Зінаіда Фурор, але гэтым разам без сукенкі і накладных грудзей) бадзёра скакалі пад песню « Где родился, там и пригодился».

Пасля гэтай святламузыкі (ізноў у якасці кантраснага душу, відаць) вядоўца Іван Зданюк замест Колі Лукашэнкі сеў за раяль, каб стацца найгоршым вакалістам са сваёй песняю «Как ты красива». Але і тут поспеху не здабыў: гэтая віртуальная ўзнагарода пайшла арт-гурту «Беларусы».

Выканаўца «Ах, Аляксандр» Аляксандра Мелех з Яўгенам Ермалковічам (ён жа Зінаіда Фурор). Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Выканаўца «Ах, Аляксандр» Аляксандра Мелех з Яўгенам Ермалковічам (ён жа Зінаіда Фурор). Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Песня «Триггерит» ад узыходнай зоркі няіснага Алімпу Вікторыі Паплеўчанкавай цалкам магла б паехаць на «Еўрабачанне» ад Босніі і Герцагавіны. А калі пазычыць дэкарацыі ў выглядзе мужчыны ў клетцы ў гурта «ByCity», дык выхад у паўфінал быў бы гарантаваны.

На гэтае свята рэтраспектывы трапіў і «блогер, спявак, вядоўца тэлеканалу Муз-ТВ» Улад Кабякоў, які калісьці быў выгнаны з блогерскай Улада Бумагі, бо «апынуўся янотам не толькі ў роліках, але і ў жыцці» ды мае іншыя «каштоўнасці і ідэалогію». Коратка пра каштоўнасці Кабякова: у сваім Instagram'е на 1,4 млн падпісчыкаў ён віншуе з «перамогаю» на выбарах Аляксандра Лукашэнкі і адначасова спявае песні «Болеем за Россию» і «Подмосковье». На сцэне «Песні года» ён спяваў нешта, што немагчыма адрозніць ад песні «Nieleto» – «Любимка».

Улад Кабякоў, выканаўца песень «Болеем за Россию» і «Подмосковье». Крыніца: скрыншот з відэа-трансляцыі на ont.by
Улад Кабякоў, выканаўца песень «Болеем за Россию» і «Подмосковье». Крыніца: скрыншот з відэа-трансляцыі на ont.by

Не абышлося і без уладара крынджу беларускай эстрады Аляксандра Саладухі, які чарговы раз асляпляў публіку ўсмешкай і залатым касцюмам, паведамляючы, што ён «такі адзін, найлепшы з мужчынаў, і па жыцці крочыць смела». І каб выкарыстоўваць эфірны час максімальна, адправіў у залу сваіх танцораў – раздаваць кашулькі і кепкі са сваім абліччам.

Пад канец гэтай чатырохгадзіннай феерыі здарыўся адзіны невялікі пробліск – песня «Вішня» па-беларуску, якую выканала Nevika, пераможца ў катэгорыі «Адкрыццё года». За поспех дзяўчына са сцэны падзякавала не Мінкульту, Мінінфарму або Ганне Сялук, а самой сабе.

Асаблівую ўзнагароду па старой памяці атрымаў Аляксандр Саладуха. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by
Асаблівую ўзнагароду па старой памяці атрымаў Аляксандр Саладуха. Крыніца: скрыншот відэатрансляцыі на ont.by

Меркаванне эксперта: Стратэгія арганізатараў – максімальна штампаваць медыясмецце

Музычны крытык, пісьменнік і міністр «Сепультуры» Аляксандр Чарнуха таксама здужаў «Песню года», але разгледзеў некаторыя адрозненні ў прэміі за апошнія 10 гадоў:

«Беларуская "Песня года" нават у траваедны час была класічным святам міністэрскага гатунку – не ставала хіба стэндаў са штучным футрам і разліўнога спірту ў каністрах. Забаўка для чалавека, які прывучыўся ўспрымаць рэальнасць праз экран і дынамікі тэлевізара з кінескопам.

Можна выпадкова ўключыць "Песню года" Беларусі дзесяцігадовай даўніны і даглядзець яе да канца, так і не зразумеўшы розніцы. Хаця не, розніца ўсё ж такі ёсць. Частка традыцыйных для імпрэзы артыстаў не прайшла магутнага ідэалагічнага фільтру, яшчэ частка выходзіць на сцэну, бадай, каб адпрацаваць магутны продакт-плэйсмент пластычнай хірургіі.

Ідэалагічная стратэгія арганізатараў імпрэзы зразумелая – штампаваць медыясмецце максімальна магчымымі магутнасцямі, але гэтых магутнасцяў стае толькі на рэканструкцыю не самых цікавых нумароў праграмы "Крывое люстэрка": мне падаецца, у нейкі момант я нават убачыў скрозь сафіты ўсмешку Рэгіны Дубавіцкай. Атрымаўся чарговы цудоўны карпаратыў дзяржаўнага апарату. Упэўнены, каньяк быў смачны, а пацалункі палкія».

Тэса Анэйда / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10