Адзіны ўрок, прысвечаны афіцыйнаму Дню яднання народаў Беларусі і Расеі, прайшоў 2 красавіка ў беларускіх школах. Адбылося гэта ў той час, як Крэмль усё больш паглынае нашую краіну, а расейскі амбасадар называе здраднікамі нашых герояў.
«Змест уроку скіраваны на выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму, духоўна-маральных якасцяў вучняў на падставе разумення імі гістарычнага і культурнага адзінства народаў Беларусі і Расеі; на паглыбленне ведаў пра супрацу дзвюх краінаў на сучасным этапе», – заяўлялі на нацыянальным адукацыйным партале.
Былі распрацаваныя матрыца і прэзентацыя. Гэтак, рэкамендавалася запрасіць чыноўнікаў, піянераў і БРСМ, правесці заняткі ў актавай зале або бібліятэцы. Для ўпрыгожвання аўдыторыі выкарыстоўваць дзяржаўную сімволіку Беларусі і Расеі, мапы дзвюх краінаў, арганізаваць выставу творчых працаў навучэнцаў.

Пачаць адзіны ўрок прапанавалі з прагляду тэматычнага роліку і ўступнага слова пра супольную гісторыю Беларусі і Расеі.
Асноўны этап заняткаў быў пабудаваны на базе матэрыялаў дадаткаў і прэзентацыі «Беларусь і Расея: адзінства двух брацкіх народаў». З навучэнцамі абмяркоўвалі дамовы паміж краінамі і для замацавання прапаноўвалі пабудаваць «карагод адзінства».

Вучні 5-9-х класаў мусілі ў групах маляваць сімвал дружбы народаў Беларусі і Расеі, а старшакласнікі – выказацца на адну з тэм: «У чым заключаецца каштоўнасць адзінства народаў Беларусі і Расеі?» ці «Народнае братэрства даражэйшае за ўсякае багацце».
Эпіграфам да ўрока паслужылі словы Аляксандра Лукашэнкі: «Адзінства нашых брацкіх народаў сфармавалі агульныя культура, светапоглядныя каштоўнасці і гісторыя, якую мы свята захоўваем і засцерагаем». Не абышлося і без партрэтаў кіраўнікоў дзвюх краінаў.
Па сканчэнні ўроку настаўнік мусіў зноў звярнуць увагу на стратэгічным партнёрстве паміж краінамі і супрацы ў розных сферах.

Нагадаем, што лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская ў звароце адзначыла, што сэнс інтэграцыі Беларусі з Расеяй заключаецца ў тым, што «адзін дыктатарскі рэжым трымаецца за іншы як за адзіную апору сваёй улады і расплачваецца за гэты саюз незалежнасцю, свабодай і чалавечымі жыццямі». А амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў абвінаваціў беларускія дэмакратычныя сілы ў рэалізацыі «чарговай спробы паўзучай паланізацыі» Беларусі. Таксама ён назваў здраднікамі беларускіх герояў.
Якуб Хруст belsat.eu