У Беларусі бацькоў вучняў пачалі выклікаць у школы на размовы з настаўнікамі і адміністрацыяй, падчас якіх пераконваюць адгаворваць дзяцей ад паступлення ў замежныя навучальныя ўстановы, піша «Наша Ніва».
Адначасова, са словаў бацькоў, ад самага пачатку навучальнага года ідзе ідэалагічная апрацоўванне.
,,«У школу рэгулярна прыходзяць ідэолагі, якія распавядаюць дзецям, як выдатна жыць у Беларусі, якія вялікія перспектывы іх тут чакаюць. Паралельна з гэтым расказваюць, як дрэнна жывецца беларусам у Еўропе, як яны там нікому не будуць патрэбныя», – распавядае мама вучня 11-га класу.
Паводле жанчыны, у лютым у выпускных класах праводзілі анкетаванне, у якім былі пытанні пра тое, куды вучні збіраюцца паступаць, а потым бацькоў, чые дзеці напісалі, што маюць намер вучыцца за мяжой, пачалі выклікаць у школу.
Адміністрацыя спрабуе пераканаць бацькоў, каб іхныя дзеці заставаліся ў Беларусі, а не ехалі на Захад.
«Пачалі расказваць, як беларуская дзяржава клапоціцца пра моладзь, пра перспектывы, якія іх тут чакаюць. Пыталіся, што нам не падабаецца ў Беларусі, калі мы збіраемся адпраўляць дзяцей за мяжу», – згадвае жанчына.
Яшчэ адных бацькоў запрасілі на размову ў школу, нават нягледзячы на тое, што іхная дачка ў анкеце не пазначала, што збіраецца з’язджаць.
«Мы яшчэ з мінулага года ведалі ад знаёмых, што на пытанні ў той анкеце трэба адказваць «правільна», таму падрыхтавалі дачку, каб яна напісала, што будзе паступаць у беларускую ВНУ. Тым не менш нас усё адно выклікалі, але спасылаліся не на звесткі з анкеты, а на чуткі, што дачка нібыта плануе паступаць у Польшчу. […] Але мы стаялі на сваім, што ў анкеце інфармацыя праўдзівая, што дачка застанецца ў Беларусі і ў ніякую Польшчу не збіраецца», – кажа маці выпускніцы.
Жанчына распавядае, што шмат якія бацькі дамаўляюцца з дзецьмі, каб тыя менш расказвалі пра свае планы з’ехаць вучыцца за мяжу.
,,«У анкетах толькі некалькі чалавек з класу адказалі, што плануюць працягваць вучобу ў іншай краіне. Але калі паразмаўляць з іншымі бацькамі, то вынікае, што не менш за палову вучняў маюць такі намер. Большасць выбірае Польшчу, а на другім месцы паводле папулярнасці – Расея», – кажа маці будучай выпускніцы.
Адначасова ў беларускіх школах скарачаецца колькасць настаўнікаў: за апошні год – на тысячу, за чатыры гады – на 9,1 тысячы чалавек.
Паводле Белстату, у пачатку навучальнага года 2024/25 у Беларусі было 102,3 тысячы настаўнікаў, улучна з тымі, хто сумяшчае выкладанне з асноўнай працай або працай у іншай установе адукацыі. У навучальным годзе 2023/24 настаўнікаў было 103,3 тысячы, а ў навучальным годзе 2020/21 – 111,4 тысячы чалавек. Выходзіць, што за чатыры гады сярэдняя адукацыя страціла 8,1 % настаўнікаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu