У Беларусі колькасць настаўнікаў ва ўстановах сярэдняй адукацыі знізілася на тысячу за год, а за апошнія чатыры гады – на 9,1 тысячы чалавек. Усё нават не праз невялікія заробкі, а праз кепскае стаўленне, распавядаюць «Белсату» людзі, якія працавалі ў беларускіх школах.
Белстат распавёў, што ў пачатку навучальнага года 2024/25 у Беларусі было 102,3 тысяч настаўнікаў, уключаючы тых, хто сумяшчае выкладанне з асноўнай працай або працай у іншай установе адукацыі. У 2023/24 годзе настаўнікаў было 103,3 тысяч, а ў 2020/2021 навучальным годзе – 111,4 тысяч чалавек. Атрымліваецца, за чатыры гады сярэдняя адукацыя страціла 8,1% настаўнікаў.
Прычым колькасць вучняў за апошнія чатыры гады павялічылася на 70 тысяч і склала 1,1 млн па стане на пачатак навучальнага года 2024/25.
Не праца, а валанцёрства

Антон Дзеручэнка працаваў у школе з 2020 года па канец 2022 года, пакуль не быў вымушаны з’ехаць праз палітычныя рэпрэсіі. Акрамя таго, што некаторыя іншыя настаўнікі маглі з’ехаць з Беларусі таксама, як і ён, ёсць яшчэ багата прычын, па якіх колькасць настаўнікаў скарачаецца.
«Працаваць у сённяшніх умовах – гэта хутчэй валанцёрства. Настаўнікаў загружаюць справамі, якія не датычацца іх працы. Мне як настаўніку гісторыі, апроч заняткаў, класных гадзін, класнага кіраўніцтва, трэба было абходзіць свой мікрараён – па месцах, дзе новыя дзеці жывуць.
,,«Таксама рамонт у кабінеце – рабі як хочаш. Калі ў цябе класа няма, то ты ўвогуле ўсё гэта за свае грошы робіш. Кожны раз трэба шукаць нейкія новыя метадычныя матэрыялы, бо заўсёды проста выносяць [кіраўніцтва. – Заўв. рэд.] галаву», – кажа Антон Дзеручэнка.
Ён расказвае, што застаецца вельмі непрыемная практыка напісання план-канспектаў з кожнага занятку.
«Ёсць такія фанатыкі-кіраўнікі, якія патрабуюць ад рукі гэта пісаць. У дзень у настаўніка можа быць па 5 – 6 урокаў у розных класах. Па кожнаму ўроку трэба пісаць план-канспект ад “добры дзень, дзеці” да “ўрок заканчваецца”. За гэта ніхто не даплачвае, плацяць толькі за ўрокі. Ведаю, што сёння кіраўнікі ў школах кажуць: “Не падабаецца – звальняйцеся”. Звальняюцца», – працягвае суразмоўца.
У міліцыю замест школы
Новых кадраў таксама не багата, нягледзячы на невялікія прахадныя балы ва ўніверсітэтах на педагагічныя спецыяльнасці.
«Калі чалавек скончвае пед, як у мяне было, гэта не заўсёды азначае, што ён пойдзе ў школу працаваць настаўнікам. Гэта і каледжы, і ліцэі, універсітэты. Выкладчыкаў не хапае. Думаю, людзі ідуць таксама ў сілавыя структуры, бо заахвочвалі надта ісці працаваць у міліцыю, калі мы вучыліся», – кажа Дзеручэнка.
Настаўнікам ангельскай мовы і матэматыкі ўвогуле няма чаго рабіць у школе, бо на рэпетытарстве яны зарабляюць за тыдзень столькі ж, колькі за месяц у школе, падкрэслівае былы настаўнік.
Плюсы ў працы настаўніка ўсё ж ёсць. Але іх бачыць толькі той, хто сапраўды хоча быць настаўнікам – сістэма адукацыі іх не дае, адзначае суразмоўца.
«Сапраўды, цяпер нізкія балы ў педзе і паступіць можа хто захоча, але не кожны можа стаць сапраўдным настаўнікам. Такіх мала. Тыя, хто трапляюць выпадкова, хутка і сходзяць. Гэта заўсёды было. Мне вельмі падабалася працаваць з дзецьмі. Гэта цікава, заўсёды новыя задачы і выклікі. То бок, калі чалавеку падабаецца працаваць з людзьмі, то для яго плюсаў заўсёды будзе больш», – кажа Антон Дзеручэнка.
Суразмоўца дадае, што і далей працаваў бы ў школе, калі б не палітычны пераслед.
20 гадоў толькі негатыўныя падзеі

Настаўнікаў усё менш яшчэ і таму, што на працягу апошніх 20 гадоў у беларускім грамадстве ствараецца адмоўны вобраз настаўнікаў, упэўненая дырэктарка беларускамоўнай беларуска-грузінскай школы, заснавальніца і кіраўніца беларускай культурніцкай прасторы «Аксяродак» у Батумі Аксана Акуневіч.
«Была вялікая хваля прыхаванага негатыву ў бок настаўнікаў, што гэта яны (разам з ІT-шнікамі і шматдзетнымі) вінаватыя ва ўсіх бедах беларусаў. Гэта добра адсочвалася па матэрыялах і каментарах на “Онлайнеры”, напрыклад. Плюс тое, што выбарчыя ўчасткі часцей за ўсё знаходзяцца ў школах, дадало, што “настаўнікі ўсе вінаватыя ў фальсіфікацыях”, нягледзячы на тое, што часта акрамя кіраўніцтва школы ў выбарчай камісіі няма нікога са школы. Забываюць і пра тыя школы, дзе вывешвалі сапраўдныя пратаколы ў 2020 годзе», – кажа яна.
А ўвядзенне ЦТ пагоршыла сітуацыю з падрыхтоўкай кадраў, лічыць Акуневіч.
,,«Калі я паступала ў 2001 годзе на фізічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка, прахадныя балы былі 9,5 з 10, а на канец навучання, калі ўвялі ЦТ з абмежаванай колькасцю выбару прадметаў, на педагагічныя спецыяльнасці ішлі толькі па “рэшткавым прынцыпе”, калі не праходзілі ў тэхнічныя ўніверсітэты і на тэхнічныя спецыяльнасці», – кажа яна.
Аксана Акуневіч на сваім досведзе прасачыла дэградацыю сістэмы адукацыі. У пачатку гэта быў час вялікіх свабодаў і эксперыментаў, а маладыя спецыялісты былі добра адукаваныя. Гэта яна пабачыла яшчэ падчас працы ў школу ў студэнцтве.
,,«Калі я прыйшла працаваць у школу па размеркаванні, у мяне быў шок, ад таго, наколькі ўсё змянілася за 5 год, наколькі настаўнікі сталі залежныя фінансава ад кіраўніцтва.
Бо прэміі, якія складаюць вялікую частку заробку, размяркоўвае асабіста дырэктар. Пачаліся патрабаванні наведвання мерапрыемстваў замест урокаў, мыцця вокнаў у парушэнне правілаў бяспекі. Свабода знікла з сістэмы. А ў 2008 годзе скасавалі Закон аб Адукацыі, прынялі Кодэкс, бо занадта многа свабодаў, і пачалася зусім іншая гісторыя. Тады многа хто сышоў», – кажа Аксана Акуневіч.
Суразмоўніца сышла ва ўніверсітэт, затым вярнулася толькі ў прыватную школу і занялася ўласным праектам.
«Засталося навучыцца павазе і свабодзе»

Цяпер для развіцця грамадства трэба тэрмінова выпраўляць сітуацыю, калі працуе прымаўка «Няма дарогі, ідзі ў педагогі», падкрэслівае яна. Настаўніка павінны паважаваць, як гэта працуе, напрыклад, у Грузіі.
«Часам беларускія дзеці прыносяць хаос з перамены ў навучальны клас, чакаючы, што іх паставяць на месца. А грузінскія настаўнікі гэтага не робяць, яны не ўмеюць. У іх культуры недапушчальна грэбліва, без павагі ставіцца да мастцавлэбэлі (настаўніка на грузінскай). Дарэчы, вучні так і звяртаюцца “мастцавлэбэлі” альбо “мас Аксана”».
У Беларусі ў старых людзей было такое ж стаўленне. Мой дзядуля Адам Карпавіч Ломскі 1933 году нараджэння многа размаўляў са мной пра будучыню, прафесіі і казаў, што найлепшы выбар – гэта настаўнік, самы паважаны на вёсцы чалавек», – кажа Аксана Акуневіч.
Калі яна наведвала Фінляндыю, то таксама заўважыла, што стаўленне і тон памежнікаў значна змяніўся ў пазітыўны бок, калі яны даведаліся, што Аксана настаўніца.
«Я даўно вывучаю сістэмы адукацыі розных краінаў, была на стажыроўках, ведаю пра Фінляндыю, Эстонію, Швецыю, Ізраіль, Італію, Польшчу і ЗША.
У кожнай краіне свае падыходы, але самае важнае, чаго бракуе сучаснай беларускай сістэме адукацыі – гэта свабоды і аўтаномнасці. У Італіі, напрыклад, настаўнік сам абірае адукацыйны шлях. Ёсць праграма, якую трэба засвоіць, а якім чынам – абсалютна не важна», – расказвае Аксана.
Калі ў 2018 годзе А100 планавала адкрыць першую школу, яны запрасілі фінскага эксперта для кансультацый. Ад яго Аксана даведалася, што ў Фінляндыі ў 70-х гадах былі такія ж праблемы як у Беларусі, пакуль грамадства не вырашыла мяняцца. Па выніках рэформ працаваць сталі па прынцыпу даверу дырэктараў школ да настаўнікаў.
«Ніхто не стаіць ні над кім над душой і не пераправярае за кожны крок. І гэтая свабода, павага і давер перадаюцца вучням і кіруюць грамадствам. Наша беларуская сістэма адукацыі ўмее добра перадаваць акадэмічныя веды, засталося навучыцца павазе і свабодзе», – падводзіць рысу Аксана Акуневіч.
Арсен Рудэнка belsat.eu