У Беларусі абавязак насіць школьную форму ўпісалі ў Кодэкс аб адукацыі. Акрамя таго, індывідуальным прадпрымальнікам забаранілі вучыць дашкольнікаў. Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змяненнях кодэксаў па пытаннях адукацыі», праект якога быў ухвалены Парламентам яшчэ 14 лістапада. Абмеркавалі з экспертамі, што значаць унесеныя ў Кодэкс змяненні, і якія наступствы яны будуць мець.
У зменены Кодэкс уключаныя нормы, накіраваныя на падвышэнне эфектыўнасці, якасці і дасяжнасці адукацыі, пашырэнне дзяржаўнай абароны вучняў, маладых спецыялістаў і сацыяльна ўразлівых катэгорыяў дзяцей і моладзі, а таксама на ўзмацненне адказнасці суб’ектаў адукацыйных адносінаў – так апісвае змяненні прэс-служба Лукашэнкі.
Сярод іншага, абноўлены Кодэкс надзяляе урад паўнамоцтвамі па пераразмеркаванні і перанакіраванні на працу маладых спецыялістаў, прадастаўленні ім дадатковых сацыяльных гарантыяў, а мясцовыя органы ўлады – па арганізацыі бясплатнай перавозкі навучэнцаў у межах населеных пунктаў да месцаў правядзення адукацыйных, спартовых, культурных і іншых мерапрыемстваў. Школам, размешчаным у пасёлках гарадскога тыпу і вясковых населеных пунктах, даецца магчымасць ажыццяўляць падрыхтоўку кіроўцаў механічных транспартных сродкаў і самаходных машынаў.
У змененым кодэксе права на атрыманне грантаў на падрыхтоўку да паступлення ў беларускія ўстановы адукацыі дадзена замежнікам, а менавіта – «мэтавай аўдыторыі, перспектыўнай для развіцця знешнеэканамічных сувязяў, з краінаў Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі».
Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавацелі ўносяцца ў лік педагагічных працаўнікоў «у мэтах падвышэння іх статусу». Падпісаным законам у Кодэксе замацаванае патрабаванне да навучэнцаў школ прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзенні.
«Колькасцю дзяцей на выхаванні не дасягаюцца кампетэнцыі педагога»
Аналітык Вадзім Мажэйка называе закон аб змяненні Кодэксу з большага бюракратычным, у якім няма нейкіх істотных зменаў, якія маглі б неяк заўважна паўплываць на сістэму адукацыі, а адначасова шмат увагі надаецца другасным пытанням.
,,«Тое, што гэтыя пытанні ўздымаюцца на самым высокім узроўні і прапісваюцца ў Кодэксе, гаворыць пра тое, што ў Беларусі не працуе мясцовае самакіраванне, ініцыятывы на месцах, і калі штосьці не прапісана ў Кодэксе аб адукацыі, пачынаюцца праблемы з вырашэннем гэтых пытанняў. Але гэта не навіна, а тыповая рыса цэнтралізаванай сістэмы», – кажа аналітык.
Такое ж меркаванне выказвае Андрэй Лаўрухін, эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацыяў, акадэмічны дырэктар Інстытуту развіцця сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе, і зазначае, што большасць з таго, што ўтрымліваецца ў дакуменце, можна назваць «звычайнай кручкатворчасцю».
Ці не адзіным пазітыўным змяненнем, унесеным у закон, можна лічыць гарантыі маладым спецыялістам, звольненым з працы ў сувязі з прызывам на вайсковую службу, аднак так і не накіраваным для яе праходжання, зазначае эксперт:
«Калі, напрыклад, чалавека так і не накіравалі ў армію праз поўную камплектацыю падраздзялення ці праз ягоную хваробу, то такі чалавек цяпер мае права вярнуцца на сваю былую працу. Гэта дробязь, але добра, што такую гарантыю ўвялі».
Андрэй Лаўрухін звяртае ўвагу на наданне статусу педагагічных супрацоўнікаў прыёмным бацькам.
«Зразумела, што ім трэба падвысіць статус, але ў той жа час адной колькасцю дзяцей на выхаванні не дасягаецца кампетэнтасны ўзровень педагагічных супрацоўнікаў. Дзеля гэтага трэба мець адпаведную адукацыю. А тут атрымліваецца, што ўзяў 10 і больш дзяцей на выхаванне і атрымаў статус педагагічнага супрацоўніка. Сумнеўны крок», – кажа эксперт.

Чаму прадпрымальнікам забаранілі займацца дашкольнай адукацыяй?
Надзяленне мясцовых органаў кіравання правам бясплатна давозіць вучняў да месцаў спартовых і культурных мерапрыемстваў, як і прапісанае раней права бясплатна давозіць вучняў да школ у вёсках, спадар Лаўрухін называе касметычнымі праўкамі, якія не вырашаюць галоўнага выкліку – дэмаграфічнай катастрофы ў Беларусі.
Эксперт нагадвае, што яшчэ да 2020 года дэмографы рабілі прагнозы, што насельніцтва нашай краіны зменшыцца да 8 мільёнаў, а колькасць дзяцей школьнага ўзросту скарацілася з 1,9 мільёнаў у 1980 годзе да 1 мільёна 90 тысяч у 2023 – 24 гадах. Насельніцтва гарадоў за гэтыя ж гады вырасла з 4 да 7 мільёнаў. Сітуацыя ў вёсках і малых гарадах будзе пагаршацца ў бліжэйшыя гады і дзесяцігоддзі, і аднымі толькі падвозамі дзяцей праблему не вырашыш, кажа эксперт.
«Што рабіць з вясковымі школамі агулам на фоне дэмаграфічнай праблемы? – задаецца пытаннем наш суразмоўца. – Тут патрэбныя стратэгічныя рашэнні, а іх няма. А Кодэкс – гэта як раз стратэгічны дакумент. Ён не пра тое, якія кашулі трэба насіць ці якую назву нечаму даць. А мы бачым, колькі ў новым законе паправак, калі адно слова мяняецца на іншае, перастаўляецца туды-сюды».
У абноўленым Кодэксе кідаецца ў вочы «выключэнне права рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі адукацыйных праграм дашкольнай і спецыяльнай адукацыі». Гэта ідзе ў рэчышчы закрыцця прыватных школаў і вышэйшых навучальных установаў, лічаць эксперты.
,,«Дзяржава імкнецца трымаць нават дашкольную адукацыю пад кантролем, каб дзеці не вучыліся «невядома чаму» у вольнай, прыватнай атмасферы», – зазначае Вадзім Мажэйка.
Гэта, паводле аналітыка, можа стварыць праблему, бо павялічыцца нагрузка на дзяржаўныя садкі, у якіх і так вялікія чэргі.
Дзіцячыя дамы пры манастырах: дзяржава скідвае з сябе свае функцыі
Паводле Андрэя Лаўрухіна, недахоп дзяржаўных садкоў – гэта толькі частка праблемы. Пры вялікім жаданні іх можна пабудаваць. Нашмат важнейшае пытанне іх якасці.
«Калі ў нас выхавацелькі атрымліваюць заробак, які нават да мінімальнага не дацягвае, зразумела, што на гэтую працу прыходзяць тыя, у каго ўжо няма ніякіх іншых магчымасцяў для ўладкавання. Гэта азначае далёка не лепшую якасць таго, што яны могуць даць. А гэта істотна на дашкольным узроўні – закладаць любоў да ведаў, да пазнання», – зазначае Лаўрухін.
У выніку недафінансавання дашкольнай адукацыі і забароны ёй займацца прыватным асобам, мы будзем атрымліваць усё больш садкоў, якія забяспечваюць толькі фізіялагічныя патрэбы дзяцей, дзе выхавацелькі глядзяць, каб дзеці не пабіліся, паелі і былі ў бяспецы. Пра выхаванне і адукацыю ў такіх умовах гаворкі няма і не будзе, перакананыя эксперты.
У Кодэкс аб адукацыі ўводзіцца новы від сацыяльна-педагагічнай установы – «дзіцячы дом пры манастыры». Паводле Андрэя Лаўрухіна, з аднаго боку, у гэтым няма нічога кепскага – падобныя ўстановы ёсць і ў еўрапейскіх краінах. Але пытанне ў тым, як гэта ўсё будзе рэалізавана. Бянтэжыць эксперта той факт, што ў гэтым пункце секулярная дзяржава, якой сябе пазіцыянуе Беларусь, адмаўляецца ад выканання сваіх сацыяльных функцыяў і перакладвае іх на плечы царкве, якая не мусіць у свецкім грамадстве іх выконвацьі. Тым больш, у самога грамадства ніхто не запытаўся – дае яно на гэта згоду ці не.
Таксама Лаўрухін звяртае ўвагу на тое, што царквой, якая будзе адкрываць дзіцячыя дамы, па змоўчанні абвяшчаецца праваслаўная.
,,«Гэта мэтанакіраваная палітыка дзяржавы, якая імкнецца сфармаваць ідэнтычнасць паслухмяных грамадзянаў, што будуць больш кансерватыўнымі, звязанымі з рэлігійным светапоглядам, менавіта праваслаўным. Усе мы ведаем, якую ідэалогію прасоўвае праваслаўная царква. Усё гэта – палітычная індактрынацыя праз больш тонкія інтэнцыі і зместы», – кажа эксперт
Кодэкс аб адукацыі як армейскі статут
Асобна Андрэй Лаўрухін кажа пра рэкамендацыю прытрымлівацца дзелавога стылю адзення і падкрэслівае, што такія рэкамендацыі – гэта не справа Кодэксу, аднак у нашай рэчаіснасці – сімптом імкнення дзяржавы кантраляваць усе аспекты жыцця грамадства.

«Такім чынам Кодэкс набывае характар армейскага статуту – там таксама шмат напісана пра вопратку, якой яна павінна быць. У арміі кантроль павінен быць паўсюль, у дробязях, каб чалавек адчуваў сваю поўную няздольнасць праяўляць свабоду і крэатыўнасць і дзейнічаць згодна са сваім выбарам, і каб кожны зразумеў – не ты вырашаеш свой лёс, а ёсць людзі, якія вызначаюць нават, што табе апранаць, а ў цябе няма ніякай магчымасці праявіць сваю волю. Да гэтай мадэлі ў нас набліжаюць і сістэму адукацыі», – кажа Андрэй Лаўрухін.
Эксперт зазначае, што такі кодэкс а-ля армейскі статут ідзе ў разрэз з патрабаваннямі Лукашэнкі ад навукоўцаў – наш суразмоўца прыгадвае нядаўні «разнос» у Акадэміі навук, калі кіраўнік дзяржавы скардзіўся, што няма прарыўных адкрыццяў.
,,«Але каб былі прарыўныя адкрыцці, трэба мець адвагу, рызыку, свабоду, а гэта немагчыма ў нашых адукацыйных установах – не навучылі, таму і патрабаваць немагчыма. Адкрыцці могуць быць у грамадстве, пабудаваным свабоднымі крэаўтыўнымі асобамі, а ў Беларусі такіх моцна бракуе», – кажа эксперт.
Тры вялікія выклікі для беларускай адукацыі
Агулам, чарговы закон аб змяненні Кодэксу аб адукацыі – гэта, паводле Лаўрухіна, «сімптаматычны крок юрыдычнай машыны, якая працуе ў рэжыме кручкатворчасці, засяроджаная на дробных касметычных праўках, і цалкам не бачыць вялікіх выклікаў, з якімі сістэма адукацыі будзе мець справу цягам наступных дзесяцігоддзяў».
Вялікіх выклікаў для беларускай сістэмы адукацыі Андрэй Лаўрухін бачыць тры.
Першы – вышэй агучаная дэмаграфічная праблема і урбанізацыя.
«Калі ўсе збяруцца ў Менску і ўцякуць з іншых гарадоў, стануць больш вострымі праблемы, якія ўжо ёсць. Напрыклад, ужо цяпер не хапае садкоў у Менску і вобласці. Спусташэнне малых гарадкоў і вёсак будзе мець эканамічныя наступствы – хто там будзе жыць і працаваць, падымаць гэтыя рэгіёны? », – пытаецца эксперт.
Другі выклік, які стаіць перад беларускай адукацыяй – фінансавы. Паводле Андрэя Лаўрухіна, адукацыя і навука ніколі не былі ў прыярытэце ў беларускай дзяржавы, а цяпер, пасля 2020 – 2022 гадоў, ва ўмовах вайны галоўны акцэнт увогуле робіцца на сілавыя структуры. Пры далейшым пагаршэнні эканамічнай сітуацыі фінансаванне адукацыі будзе яшчэ мацней змяншацца, мяркуе эксперт.
Трэці выклік – неадпаведнасць беларускай адукацыі патрэбам сучаснасці. Паводле Лаўрухіна, свет сёння жыве ў постіндустрыяльным грамадстве, якое патрабуе зусім іншага падыходу да ведаў і навучання, чым гэта было ў індустрыяльную эпоху.
«У індустрыяльным грамадстве і ранейшых эпохах ёсць настаўнік, ён дае веды, вучань іх слухае, разумее, запамінае і потым ужывае на практыцы. Так адукацыя цяпер працуе ў Беларусі, але ў свеце навакол ужо ўсё інакш, – кажа эксперт. – У таго, хто вучыцца, сёння павінны быць веды, як самога сябе развіваць. Асноўны акцэнт робіцца на выхаванні творчай асобы, якая здольная сама сябе цягам усяго шляху жыцця адукоўваць і самаадукоўваць, знаходзіць магчымасці для змены прафесіі, адаптацыі да рынку працы. Гэта тое, чаго не хапае беларускай сістэме адукацыі».

У беларускіх школьнікаў праблема з крэатыўнасцю
Андрэй Лаўрухін прыгадвае нядаўні маніторынг у беларускіх школах, які паказаў, што ў цэлым нашыя вучні маюць даволі добры ўзровень на фоне еўрапейскіх краінаў. Аднак ёсць і слабыя месцы, і яны звязаныя з крэатыўнай часткай.
«Беларускія школьнікі добра вышкаленыя, могуць узнаўляць тое, што ім кажуць. Калі ёсць шаблон ці схема ці нейкі ўзор вырашэння задачы, яны гэта добра робяць. Але калі нестандартнае заданне, калі трэба прымяніць крэатыўны падыход, тут яны вельмі слабыя», – кажа эксперт.
Гэта, паводле Андрэй Лаўрухіна – сацыяльны эфект, калі чалавек адаптуецца да ўмоваў, дзе свабода, рызыка і пошук – забароненыя патэрны.
«Калі вы рызыкуеце, то, хутчэй за ўсё, атрымаеце ў плечы. Калі вы знаходзіце нестандартныя крокі, прытрымліваецеся свабоды, да вас будзе ўвага з боку дзяржавы. У школе так пабудаваная ўся праграма – выкладчыкі не маюць прасторы для свабоды, таму і вучні не атрымліваюць заданняў, якія б спрыялі развіццю крэатыўных здольнасцяў», – зазначае наш суразмоўца.
Усё гэта азначае, што сацыяльны капітал, які назапашваецца ў беларускіх адукацыйных установах, у большай ступені прыдатны да індустрыяльнага ці нават даіндустрыяльнага грамадства, калі трэба ўзнаўляць зноў і зноў адны і тыя ж звычкі, даваць шаблонныя адказы на шаблонныя выклікі.
«А бліжэйшая будучыня дакладна не будзе шаблоннай. Тое, што мы бачым у апошнія гады, кажа, што нас чакае разбурэнне звыклага пры аўтарытазме шляху развіцця, што будзе патрабаваць менавіта здольнасцяў быць крэатыўнымі і знаходзіць неардынарныя адказы на неардынарныя выклікі», – рэзюмуе эксперт.
Ганна Ганчар belsat.eu