Ад абітурыентаў з Беларусі ў Польшчы з 1 ліпеня 2025 года не будуць патрабаваць вынікаў цэнтралізаванага тэставання (ЦТ) і цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ), паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
Прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету атрымала афіцыйны адказ на запыт адносна прызнання адукацыі, атрыманай у Беларусі, для паступлення на навучанне ў Польшчы. Адказ далі спецыялісты Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы на даручэнне дырэктаркі Дэпартаменту міжнароднай супрацы Кляўдыі Торэс-Бартызэль.
Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы ўнесла прапановы ў праект закону, які рыхтуе МЗС. Будучы закон мусіць зліквідаваць парушэнні ў візавай сістэме і ўвесці норму, якая дазволіць асобам з Беларусі паступаць на навучанне ў Польшчы паводле правілаў, якія дзеялі да дэнансацыі пагаднення паміж урадамі Польшчы і Беларусі аб прызнанні эквівалентнасці ў сферы вышэйшай адукацыі, роўнасці навуковых ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва.
Гэтае пагадненне было ў аднабаковым парадку дэнансаванае Беларуссю, што прывяло да змянення ўмоваў паступлення грамадзянаў Беларусі на навучанне ў Польшчы з 3 лістапада 2023 года. Для прызнання права на паступленне ў польскія ВНУ абітурыент разам з заявай мусіў падаць у польскую Апякунскую раду ў галіне асветы (Kuratorium Oświaty) дакумент, які пацвярджае здачу экзаменаў ЦТ і ЦЭ ў Беларусі з улікам тэрміну іх дзеяння.
Зараз жа ад кандыдатаў на навучанне ў Польшчы не будуць патрабавацца вынікаў ЦТ і ЦЭ.
Новы закон набудзе моц 1 ліпеня 2025 года. Заявы, пададзеныя ў Апякунскую раду ў галіне асветы і не разгледжаныя да 30 чэрвеня 2025 года, будуць разглядацца з улікам новых змяненняў. Акрамя таго, з 1 ліпеня пытанні, звязаныя з прызнаннем права на паступленне ў польскія ВНУ, будуць перададзеныя ў кампетэнцыю Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA).
Павел Баркоўскі, які выконвае абавязкі прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння, выказвае ўдзячнасць польскаму боку за разуменне цяжкасцяў, з якімі студэнты з Беларусі сутыкаюцца пры падачы дакументаў у польскія навучальныя ўстановы.
,,«Мы ўхваляем гэтыя канкрэтныя крокі да дэмакратызацыі патрабаванняў. Безумоўна, для многіх маладых беларусаў выбар еўрапейскай адукацыі на сёння застаецца вельмі пажаданай опцыяй, паколькі забяспечвае большыя кампетэнцыі і дае лепшыя жыццёвыя перспектывы. Для тых студэнтаў, хто сёння апынуўся ў складанай сітуацыі праз нястачу належных дакументаў, з’явілася надзея на яе хуткае выпраўленне», – зазначыў Павел Баркоўскі.
Пераходны кабінет будзе падтрымліваць камунікацыю з профільнымі міністэрствамі Польшчы для развязання іншых пытанняў, звязаных з інтарэсамі і патрэбамі беларусаў.
Надоечы сталася вядома, што беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі будуць прызнавацца на ўзроўні польскай матуры (атэстату сталасці), а патрабаванні да дакументаў будуць уніфікаваныя для спрашчэння паступлення беларускіх вучняў у польскія школы і ўніверсітэты.
У 2024 годзе беларусы сутыкнуліся з цяжкасцямі пры атрыманні студэнцкіх візаў у Польшчу: былі пададзеныя 3433 заявы, у 26 % выпадкаў у візах было адмоўлена.
«У перыяд з 1 студзеня 2024 года да 31 кастрычніка 2024 года грамадзянам Беларусі выдадзена 2540 візаў з мэтай «09. Навучанне на першым узроўні, другім узроўні навучання або адзінай магістратуры або навучанне ў дактарантуры». У візах было адмоўлена ў 893 выпадках», – адказалі «Белсату» ў консульскім дэпартаменце МЗС Польшчы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu