Кіраўніца і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету 9 студзеня сустрэліся з міністаркаю нацыянальнай адукацыі Польшчы Барбарай Навацкай. У сустрэчы разам са Святланай Ціханоўскай узялі ўдзел ейны намеснік Павел Латушка, прадстаўніца ў моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, в.а. прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі.
Як паведамілі ў АПК па выніках сустрэчы, беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі будуць прызнавацца на ўзроўні польскіх матуральных дакументаў, а патрабаванні да дакументаў будуць уніфікаваныя для спрашчэння паступлення беларускіх вучняў у польскія школы і ўніверсітэты.
Таксама польскія ўлады паабяцалі працягваць пошук аптымальнага развязання, каб захаваць унікальную ролю ліцэю ў Гайнаўцы з дадатковай беларускай моваю навучання для беларускай меншасці.
Апроч таго, было змеркавана стварыць аператыўны канал рэагавання на булінг беларускіх навучэнцаў з удзелам Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы і прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння Кабінету. Тых, чые дзеці зазналі такія праблемы, просяць звяртацца ў чат-бот АПК або на пошту revival@belaruscabinet.org. У саміх польскіх школах будзе распрацаваны курс для інфармавання вучняў пра папярэджанне булінгу і гвалту ды з’явіцца асістэнт міжкультурнай камунікацыі, які дапаможа дзецям розных нацыянальнасцяў адаптавацца да польскае адукацыйнае сістэмы.
Таксама міністарка пацвердзіла важнасць развіцця сеткі беларускіх школаў выходнага дня. На ўзроўні мясцовых уладаў будзе нададзеная дапамога ў пошуку бясплатных памяшканняў і абсталявання для іх. Для адкрыцця школаў раяць звяртацца ў Прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння АПК і Міністэрства адукацыі Польшчы.
,,«31 тысяча беларускіх школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў цяпер у Польшчы. 31 тысяча! Вось што справакаваў рэжым Лукашэнкі. Ну і важная навіна: найбліжэйшым часам будзе змененае заканадаўства, і беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі будуць прымацца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Польшчы», – адзначыў Павел Латушка.
Пакуль жа польскія навучальныя ўстановы патрабуюць ад беларусаў настрыфікацыі школьных атэстатаў і вынікаў ЦТ, не старэйшых за два гады. Праз гэта ўжо залічаным студэнтам-беларусам пагражае адлічэнне.
Гэтую праблему, сярод іншага, абмеркавалі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў на сустрэчы з віцэ-маршалкам Сенату і чальцом дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у польскім парламенце Міхалам Каміньскім.
Якуб Хруст belsat.eu