У Беларусі знізілі лічбы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на 2025/2026 навучальны год. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.
«Агульны план прыёму на вышэйшую адукацыю некалькі меншы, чым леташні, за кошт змяншэння колькасці месцаў на платнай аснове», – сказаў ён, перадае «Настаўніцкая газета».
Паводле яго, у 2025 годзе ВНУ гатовыя прыняць 48,3 тыс. абітурыентаў. Чыноўнік адзначыў, што на платнае навучанне ў 2025 годзе лічбы прыёму зніжаныя на 2,7 тыс. месцаў і складаюць 16,5 тыс. На бюджэт жа колькасць месцаў у параўнанні з папярэднім годам вырасла на 400, да 31,8 тыс.
«Мы ў поўным аб'ёме выконваем даручэнні, пастаўленыя перад сістэмай адукацыі ў частцы забеспячэння рыхтавання кадраў у строгай адпаведнасці з замовай прадпрыемстваў», – расказаў чыноўнік.
Савет Міністраў бачыць праблему з непапулярнасцю адукацыі ў Беларусі і прымусовым размеркаваннем па атрыманні вышэйшай адукацыі. Вось толькі не разумее, як даць гэтаму рады. Арганізацыя «BELPOL» здабыла дакументы, што сведчаць пра планаванне новых захадаў для абмежавання выезду моладзі з Беларусі і «замацавання» размеркаваных па атрыманні вышэйшай адукацыі за бюджэтныя сродкі.
Якуб Хруст belsat.eu