13 чэрвеня Ізраіль нанёс удары па Іране, аргументуючы атаку тым, што Іран наблізіўся да атрымання ядравай зброі. У адказ іранскі бок таксама атакаваў Ізраіль. Ужо зразумела: на гэтым усё не спыніцца. Але да якіх вынікаў могуць прывесці гэтыя падзеі і што чакае рэгіён у блізкім часе? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з усходазнаўцаю, рэдактаркай ізраільскага выдання «Детали» Аляксандрай Апельберг.
Эскалацыя будзе нарастаць
Магчымасць далейшай эскалацыі, на думку Аляксандры Апельберг, абсалютна рэальная. Больш за тое, экспертка думае, што гэтая эскалацыя ўжо адбылася: удары, якія нанёс Ізраіль па Іране, сталіся самымі сур’ёзнымі за апошні час – і паводле маштабаў, і паводле паражаных цэляў, уключна з ядравымі аб’ектамі, вайсковай інфраструктурай і іранскай вайсковай верхавінай ды інш.
Такім жа маштабным быў і адказ Ірану, бо яго ўдар прыйшоўся як на вайсковыя, гэтак і на цывільныя аб’екты ў Тэль-Авіве.
,,«Таму гэта ўжо эскалацыя, і далей яна можа нарастаць, бо ізраільскія ўлады кажуць, што аперацыя можа працягнуцца да двух тыдняў. І агулам цяжка ўявіць сабе маштаб разбурэнняў, якія можна нанесці Ірану за два тыдні, улічваючы, што за адзін дзень маштаб ужо беспрэцэдэнтны», – адзначае Аляксандра Апельберг.
Разам з тым яна падкрэслівае, што Ізраіль пакуль яшчэ не атакаваў, напрыклад, аб’ектаў нафтавай інфраструктуры, партоў. Таму прастора для пашырэння спектру атак ёсць. Але, на думку суразмоўцніцы, такім чынам Ізраіль і ЗША, якія падтрымліваюць Ізраіль, пакідаюць Ірану прастору для манеўру: «стрымаць свае атакі ў адказ», і тады, магчыма, шкода будзе нанесеная менш істотная. Праўда, пакуль невядома, ці паслухае Іран такую параду.

Ці можа ўсё прывесці да вайны?
Насамрэч у Ізраілі (у прыватнасці, у медыях і падчас публічных дыскусіяў) гэта ўжо называюць вайною паміж Іранам і Ізраілем, нягледзячы на тое, што афіцыйна пра гэта ніякіх абвестак не было, адзначае суразмоўніца.
«Праўда, прыкладна тое ж было і пасля папярэдніх абменаў ударамі – у красавіку і кастрычніку мінулага года. Але да таго, каб гэта можна было назваць поўнамаштабнаю вайною, тады справа не дайшла. І тут, канечне, пытанне фармулёвак. Усё ж такі Іран і Ізраіль не маюць агульнай мяжы, паміж імі – некалькі краінаў, і таму любыя баявыя дзеянні пераважна будуць засяроджаныя ў паветры, што і адбываецца цяпер. Таму я не ведаю, ці можна гэта сапраўды назваць вайною», – адзначае рэдактарка «Деталей».
У той жа час Аляксандра адзначае, што Іран з кожным днём мае ўсё менш магчымасцяў весці такую вайну. Бо Ізраіль паражае ў асноўным вайсковыя аб’екты і сістэмы СПА, таму Ірану ўсё складаней абараняцца і нападаць.
«Іншая рэч, што ўсё ж такі запасы і вайсковыя магчымасці Ірану дастаткова вялікія, і ў Ізраілі вайсковае кіраўніцтва шчыра кажа пра тое, што ізраільцам варта прыгатавацца да дастаткова сур'ёзных атак. Таму тут, я думаю, ні ў кога ілюзіяў няма», – кажа Аляксандра Апельберг.

На чыю дапамогу спадзяецца Іран
Што да падтрымання, то Ірану ёсць на каго разлічваць, адзначае суразмоўніца. Пры гэтым яна падкрэслівае: проксі-сілы Ірану, у прыватнасці «Хізбула» ў Ліване і іракскія апалчэнцы, ужо заявілі, што не будуць у гэтым браць удзелу. І гэта, у прынцыпе, ясна: яны моцна аслабленыя і ўсведамляюць велізарныя рызыкі, якія могуць зазнаць.
,,«Магчыма, далучыцца Емен – хусіты, якія таксама лічацца адною з проксі-сілаў Ірану, яго хаўруснікамі. Але іхныя магчымасці не такія значныя. Мы бачым, што яны перыядычна – раз на некалькі дзён – запускаюць адну ракету ў бок Ізраілю. Як правіла, усё гэта перахопліваецца. І я не думаю, што гэта можа стаць сур’ёзным вайсковым падтрыманнем Ірану», – кажа экспертка.
На што тады можа разлічваць Іран? Хіба што на рытарычную дапамогу ў дыпламатычным полі. Арабскія краіны, у прыватнасці, асудзілі Ізраіль і выказалі падтрыманне Ірану, заявіўшы пра сваю салідарнасць. Нават Саудаўская Аравія, якая агулам даволі варожа ставіцца да Ірану і ёсць яго галоўным рэгіянальным канкурэнтам.
«Але, безумоўна, улічваючы грамадскую думку ў арабскіх краінах, афіцыйныя асобы там проста не могуць адкрыта падтрымаць Ізраілю, нават калі яны, магчыма, зацікаўленыя ў аслабленым Іране. Акрамя таго, яны разумеюць, што Іран можа адказаць не толькі па ізраільскіх цэлях, але і па цэлях у арабскіх краінах, якія, на яго думку, падтрымліваюць Ізраіль», – кажа рэдактарка выдання «Детали», дадаючы, што Іран і ягоныя проксі-сілы ўжо неаднаразова наносілі ўдары па Саудаўскай Аравіі.

Ці гатовы Ізраіль да супрацьстаяння
«Праблема ў баявых дзеяннях, у войнах паміж дэмакратычнымі дзяржавамі, да якіх адносіцца Ізраіль, і аўтарытарнымі дзяржавамі, як Іран, заключаецца ў тым, што апошнія заўсёды маюць большую трываласць і талерантнасць да стратаў, у тым ліку чалавечых», – адзначае суразмоўніца «Белсату».
На думку Аляксандры, аяталу Хамэнэі не трэба выйграваць выбары, ён можа прамовіць пра тое, што іранскі народ мусіць абʼяднацца, і праігнараваць чаканні свайго народу, як гэта робіцца цягам гадоў. Але Ізраіль сабе такога дазволіць не можа:
«Як доўга ізраільцы будуць трываць начныя сірэны і неабходнасць бегчы ва ўкрыццё – вялікае пытанне. І ізраільцы ў прынцыпе не прывыклі да такіх сурʼёзных разбурэнняў, якія адбыліся мінулаю ноччу [Іран атакаваў Ізраіль у адказ, выпусціўшы больш за 150 балістычных ракетаў, што прывяло да разбурэнняў і ахвяраў сярод насельніцтва. – Заўв. «Белсату»]. І калі мы бачым, як проста ракета трапляе ў хмарачос у Тэль-Авіве, – гэта беспрэцэдэнтна, калі мы бачым, як проста сціраецца з твару зямлі дом у Рышон-ле-Цыёне, – гэта таксама беспрэцэдэнтна. І наколькі гэта апраўдана, я мяркую, гэтае пытанне ізраільцы ў нейкі момант пачнуць задаваць, і яны будуць задаваць яго ўраду, якім шмат хто і так ужо быў незадаволены».

Як гэта паўплывае на сітуацыю ў рэгіёне
Суразмоўніца «Белсату» падкрэслівае: рэгіён па-ранейшаму застаецца вельмі небяспечным і нестабільным месцам. І, безумоўна, баявыя дзеянні толькі ўзмацнілі нестабільнасць, у якой ніхто не зацікаўлены.
Акрамя таго, з боку Ірану ўжо чуваць меркаванне, што менавіта гэтыя ўдары Ізраілю пацвярджаюць неабходнасць працы над стварэннем ядравай зброі, над узмацненнем традыцыйнай зброі і ўмацаваннем сваіх проксі-сілаў, якія цяпер аслабленыя. Усё гэта, з іранскага пункту гледжання, неабходна для выжывання, бо разлічваць на нейкія перамовы немагчыма: яны заўсёды сканчаюцца «вось так».
,,«Таму, канечне, вялікае пытанне: наколькі гэтыя ўдары, што павінны былі перадухіліць атрыманне Іранам ядравай зброі, насамрэч гэтаму спрыяюць. Чыста тэхнічна яны, напэўна, адкінулі іранскую праграму на некалькі гадоў назад – цяпер гэта зойме больш часу. Але, як мне падаецца, прыхільнасць да гэтага шляху ў Іране толькі ўзрасла», – мяркуе Аляксандра Апельберг.
А калі ў Іране сапраўды вырасла такая прыхільнасць, то існуе небяспека запуску новай гонкі ядравых узбраенняў на Блізкім Усходзе. Спадчынны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамэд бін Сальман ужо заяўляў: калі Іран будзе працаваць над бомбаю, то і Саудаўскай Аравіі яна таксама спатрэбіцца. Гэта значыць, Саудаўская Аравія відавочна далучыцца да гонкі.
«Калі Саудаўская Аравія далучыцца, няма падставаў думаць, што Турэччына, напрыклад, не пачне працаваць над уласнай ядравай зброяй. Бо Турэччына таксама бачыць сябе адным з лідараў рэгіёну. Ёсць яшчэ Егіпет, ёсць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Усё гэта нічога добрага не азначае для будучыні рэгіёну – і патэнцыйна для ўсяго свету, бо чым больш ядравай зброі і нестабільнасці, тым горш для ўсіх», – рэзюмавала Аляксандра Апельберг.
Раман Шавель belsat.eu