Шуфлядка

Пазалота і шторы з ламбрэкенамі. Як у Бараўлянах палюбілі «раскошу»

Катэдж-палац у Бараўлянах
Самы танны варыянт катэджу-палацу ў Бараўлянах, усяго $ 407 тысяч. Крыніца: t-s.by
podpis źródła zdjęcia

На сайтах агенцтваў нерухомасці з'яўляюцца абвесткі пра продаж катэджаў у Менску і наваколлі, якія выглядаюць зусім звычайна звонку, але ўнутры схаваныя сапраўдныя палацавыя інтэр'еры. Мы павывучалі вензелі ды ламбрэкены, а заадно абмеркавалі з дызайнерам інтэр'ераў схільнасць да такой раскошы.

Самы даступны варыянт катэджу ў стылі «дорага-багата» – каля лесу. Купіць можна за $ 407 000. Усе памяшканні аздобленыя пазалотай, а кожнае крэсла ў кухні – быццам трон.

1 / 6 Здымкаў
Item 1 of 6
Самы танны катэдж у Бараўлянах. Звонку звычайны, унутры – шмат золата. Крыніца: www.t-s.by

У самым цэнтры Бараўлянаў прадаюць дом, унутранае аздабленне якога можна смела назваць царскім. На 452 квадратных метрах ёсць месца і для банкетнай залы, і для бібліятэкі. Асаблівую атмасферу ствараюць пазалочаная ляпніна і роспісы на столях, а масіўныя шматслойныя заслоны дадаюць прасторным пакоям імперскія акцэнты. Стаць гаспадаром катэджу можна за $ 500 000.

1 / 4 Здымкаў
Item 1 of 4
Катэдж у самым цэнтры Бараўлянаў. Крыніца: megapolis-real.by

Адзін з яскравых прыкладаў папулярнага сярод багатых жыхароў Бараўлянаў стылю – катэдж, які можна купіць за $ 590 000. На трох узроўнях дому размешчаныя чатыры спальні, кухня з выхадам на зашклёную веранду і гардэробны пакой. На прылеглай тэрыторыі ёсць гасцявы паркінг і басейн. Усе пакоі выкананыя ў светлых колерах, дызайнер не пашкадаваў сродкаў на пазалочаныя элементы і вензелі.

1 / 6 Здымкаў
Item 1 of 6
Дызайнер не скнарыўся на пазалочаныя элементы і вензелі. Крыніца: silvan7800.by

Суседні і крыху даражэйшы – катэдж у падобным стылі, коштам $ 595 000. Асабліва звяртаюць увагу сходы з элементамі ручной коўкі. Дом «з прадуманым планаваннем» пабудаваны ў 2021 годзе.

1 / 7 Здымкаў
Item 1 of 7
Суседні і крыху даражэйшы дом. Таксама Бараўляны. Крыніца: megapolis-real.by

І, мабыць, жамчужына сучаснай палацава-сядзібнай архітэктуры Бараўлянаў – «шыкоўны дом, цалкам гатовы да пражывання ў радасці і задавальненні» ажно за $ 1 177 000.

 

1 / 8 Здымкаў
Item 1 of 8
Жамчужына стылю Бараўлянаў – даражэйшая за 1 млн долараў. Крыніца: megapolis-real.by

Спалучэнне раскошы і «хай так»

На здымках можна заўважыць, што гаспадары дамоў выбіраюць падобную мэблю ў класічным стылі і вельмі шмат пазалоты. На думку дызайнеркі інтэр'еру Ірыны, такі стыль найчасцей сустракаецца ў краінах постсавецкай прасторы і нібыта павінен сімвалізаваць статус і багацце:

«На працягу доўгіх гадоў савецкага перыяду раскоша была недаступная большасці, а «буржуазныя» інтэр'еры не ўхваляліся. Пасля распаду СССР у людзей з'явілася магчымасць дэманстраваць заможнасць і поспех. «Палацавы» стыль з багаццем пазалоты, ляпніны, крышталю і масіўнай мэблі стаў і візуальна «гучным» спосабам заявіць пра свой дабрабыт. Чым больш бляску, золата і складаных дэталяў – тым, на думку некаторых, даражэй і прэстыжней», – кажа экспертка.

Яна лічыць, што ўяўленне аб раскошы ў большасці беларусаў сфармаванае не сучаснымі дызайнерскімі часопісамі, а гістарычнымі фільмамі, старымі ўзорамі элітнага жытла, дзе сапраўды прысутнічалі пышныя інтэр'еры. У гэтым кантэксце мінімалізм або скандынаўскі стыль могуць успрымацца як няскончаны рамонт, беднасць або адсутнасць густу. Ірына распавядае, што на працу мясцовых дызайнераў уплывае і адсутнасць доступу да прафесійнай адукацыі, і даступнасць некаторых дызайнерскіх элементаў:

,,

«На працягу дзесяцігоддзяў не было развітой індустрыі інтэр'ернага дызайну ў сучасным разуменні. Многія людзі альбо спадзяваліся на ўласныя ўяўленні, альбо на парады будаўнікоў або прадаўцоў. Гэта прывяло да таго, што папулярнымі станавіліся элементы, якія лёгка было знайсці і якія асацыяваліся з багаццем (напрыклад, шпалеры з вензелямі, гатовыя карнізы з поліўрэтану пад ляпніну, тыпавыя кандэлябры)», – кажа Ірына.


Чаму ў інтэр'ерах так часта сустракаецца спалучэнне бюджэтных рашэнняў і раскошы? Напрыклад, залатыя вензелі, а побач – танныя дзверы з ПВХ. На думку эксперткі, гэта звязана з расстаноўкай прыярытэтаў для гаспадараў: зрабіць уражанне там, дзе гэта важна для гаспадароў і іхнага атачэння, а на менш паказальных элементах – зэканоміць.

«Прагматызм і эканомія там, дзе не відно. Вось тут і з'яўляецца парадокс з вокнамі ПВХ. «Імператарскі інтэр'ер» – гэта тое, што бачаць госці, чым любуюцца гаспадары ўнутры дому. На гэта гатовыя выдаткоўваць. А вокны, калі яны добра выконваюць сваю функцыю (цеплаізаляцыя, шумаізаляцыя), могуць быць бюджэтнымі. Навошта пераплачваць за дарагія драўляныя вокны, калі «пластык і так сыдзе, а з вуліцы на іх мала хто зверне ўвагу».

Інтэр'ер аднаго з бараўлянскіх катэджаў. Крыніца: www.t-s.by
Інтэр'ер аднаго з бараўлянскіх катэджаў. Крыніца: www.t-s.by

Ірына таксама адзначыла, што густы беларусаў мяняюцца:

«Сярод моладзі, а таксама людзей, больш арыентаваных на сучасныя еўрапейскія трэнды, назіраецца прыкметны зрух у бок больш стрыманых, функцыянальных і мінімалістычных стыляў. Аднак палацавы стыль усё яшчэ вельмі папулярны».

Аліна Разумовіч / АБ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10