Аналітыка

Еўразвяз замерзне і збяднее без расейскага газу? Не, і вось як гэта тлумачаць эксперты

Пратэстоўцы Патрабуюць Спыніць Імпарт Энэрганосьбітаў З Расеі Берлін, Германія, 21 красавіка 2022 года. Фота: Tamir Kalifa/Getty Images
Пратэстоўцы Патрабуюць Спыніць Імпарт Энэрганосьбітаў З Расеі Берлін, Германія, 21 красавіка 2022 года. Фота: Tamir Kalifa/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Улады Расеі і іхныя саюзнікі ў Еўрапейскім Звязе заяўляюць пра вялікія выдаткі, якія нясе Еўразвяз пасля непрацягнення Украінай дамовы з «Газпромам» адносна транзіту расейскага газу. І хоць рост цэнаў сапраўды адбыўся, ён усё ж не такі вялікі, як пра гэта заяўляецца.

Расейская дзяржаўная энергетычная кампанія «Газпром» з 1 студзеня 2025 года спыніла транзіт расейскага газу праз Украіну. Гэта было звязана са сканчэннем тэрміну дамоваў з кампаніяй «Нафтогаз України», падпісаных у канцы 2019 года, што дзейнічалі нават пасля пачатку Расеяй поўнамаштабнай агрэсіі.

 

Украіна не была абавязаная заключаць новыя пагадненні з расейскім бокам і пра сваё нежаданне рабіць гэта заявіла яшчэ ў 2023 годзе, а краіны Еўразвязу даўно знайшлі альтэрнатыўныя крыніцы паставак, але саюзныя Крамлю ўлады еўрапейскіх краінаў працягваюць крытыкаваць Кіеў. Славацкі прэм’ер Робэрт Фіца, які напрыканцы 2024 года нечакана сустрэўся з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным і пасля знік на два тыдні ў дарагім в’етнамскім гатэлі, нават пагражаў спыніць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну, якая церпіць ад расейскіх атак на энергасістэму. Праўда, мясцовы аператар сістэмы перадавання электраэнергіі SEPS працягвае выконваць умовы дзейнай дамовы з Кіевам. У тым ліку таму, што штучнае абмежаванне экспарту электраэнергіі за мяжу можа супярэчыць як еўрапейскаму, гэтак і славацкаму заканадаўству ды можа прывесці да канфліктаў у Еўрапейскім звязе.

 

Крытыкуе Украіну за нежаданне заключаць новую дамову і вугорскі міністр замежных справаў Пэтэр Сіярта, які таксама ў снежні мінулага года быў у Маскве. 7 студзеня ён заявіў, што адмовай заключаць новае пагадненне з агрэсарам Кіеў паставіў эканоміку Еўропы ў складанае становішча. Паводле яго, спыненне Украінай транзіту расейскага газу прывяло да росту коштаў на паліва ў Еўропе на 20 %.

 

«І так ім [краінам Еўразвязу. – рэд. belsat.eu] там няпроста – ужо пад 500 долараў за тысячу кубоў кошт на газ вырас. Цяпер зноў падрастуць кошты. Але не мы ж гэта правакуем, гэта іх палітыка», – заяўляў 26 снежня ўжо сам Пуцін, прапануючы ЕЗ аднавіць транзіт газу праз Украіну.

Прэм'ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца. Фота: EUCO
Прэм'ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца. Фота: EUCO

Кошты выраслі, а пасля знізіліся

 

На наступны дзень пасля спынення транзіту, 2 студзеня таргі на асноўнай еўрапейскай газавай біржы, нідэрландскай TTF, сапраўды пачаліся з каціровак паблізу 51 еўра за мегават-гадзіну (МВт·г). Гэта прыкладна 540 долараў за 1000 кубаметраў. Такіх высокіх коштаў на гэтай гандлёвай пляцоўцы не было з восені 2023 года, піша эканамічны аглядальнік Deutsche Welle Андрэй Гуркоў. Калі параўнаць з 1 кастрычніка 2024 года, калі афіцыйна пачаўся цяперашні ацяпляльны сезон, газ каштаваў на TTF 40 еўраў, то бок рост склаў з тых часоў каля 25 %. Аднак, адзначае эканаміст, яны ўсё яшчэ былі амаль у сем разоў ніжэйшымі за рэкордныя паказнікі жніўня 2022 года, калі каціроўкі ўзляталі да 340 еўраў, і ніжэйшыя за сярэднія кошты 2023 года, якія трымаліся тады аж да лістапада істотна вышэйшыя за 50 еўраў. Гэтак, два гады таму ф’ючэрсныя кантракты падымаліся ў першыя дні студзеня да 70 еўраў.

 

На думку Гуркова, напачатку 2025 года адбыўся «толькі часовы скачок, выкліканы спекулятыўнай гульнёй на павышэнне вакол палітычнай падзеі». Ягоныя словы пацвярджае і зніжэнне цэнаў на газ у Еўразвязе, якое пачалося 6 студзеня. Станам на 8 студзеня на 15:30 цана газу апусцілася да 46,2 еўра.

 

Запасы газу зніжаюцца, але іх усё яшчэ больш чым дастаткова

 

Хаўер Блас, аглядальнік Bloomberg, які спецыялізуецца на пытаннях энергетыкі і сыравінных тавараў, мяркуе, што Еўропе сёлета давядзецца турбавацца «аб газе менавіта тады, калі гэтага не варта рабіць: вясной і летам».

 

,,

«Вынікам стане яшчэ адзін год высокіх цэнаў на газ, што яшчэ больш азмрочыць будучыню энергаёмістага вытворчага сектара рэгіёну. Хатнія гаспадаркі таксама адчуюць удар», – мяркуе ён, спасылаючыся на навагодні рост коштаў.


Блас адзначае, што Еўразвяз таксама сёлета з прычыны неспрыяльнага надвор’я выняў са сваіх газасховішчаў «анамальна высокую колькасць газу». З 1 кастрычніка па 31 снежня адбор газу з падземных сховішчаў склаў больш як 250 тэрават-гадзін, што з’яўляецца другім паводле велічыні паказнікам за гэты перыяд і значна перавышае 10-гадовы сярэдні паказнік у 165 ТВт-г.

 

Блас прызнае, што сёлета дэфіцыт газу ў Еўропе «практычна немагчымы», але заяўляе: газасховішчы апусцеюць, значна больш, чым у мінулыя гады. А значыць, больш газу давядзецца набыць увесну-летам, каб запоўніць свае запасы як мінімум на 90 % да 1 лістапада. Усплёск закупак газу значна павысіць цэны на яго, дадае ён. Праўда, пры гэтым не выключае, што росту цэн можа і не адбыцца, калі павялічацца пастаўкі звадкаванага прыроднага газу з ЗША або спад эканомікі ў Кітаі прывядзе да спаду яго спажывання ў КНР.

 

Эканамічны аглядальнік DW глядзіць на сітуацыю больш аптымістычна. Ён адзначае, што ў новы 2025 год (і ў другі месяц зімы) Еўразвяз увайшоў з газасховішчамі, запоўненымі на 72 %. А газасховішчы найбуйнейшых у мінулым еўрапейскіх кліентаў «Газпрома», Нямеччыны і Італіі, былі запоўненыя 1 студзеня яшчэ больш: адпаведна на 80 % і на 79 %. У Польшчы, якая была найбуйнейшым кліентам «Газпрома» ва Усходняй Еўропе, газасховішчы поўныя нават на 86 %. У Аўстрыі і Славаччыне, якія больш за ўсіх у ЕЗ залежалі да нядаўніх часоў ад украінскага транзіту, узровень запаўнення газасховішчаў склаў у першы дзень новага года адпаведна 78 % і 76 %.

 

«Усё гэта – вельмі камфортны ўзровень нават у выпадку моцных і адносна працяглых студзеньскіх маразоў», – мяркуе Гуркоў і адзначае, што верагоднасць апошніх «ва ўмовах глабальнага пацяплення і без таго зніжаецца». За першыя тры месяцы гэтага ацяпляльнага сезона, з кастрычніка па снежань, узровень запаўнення нямецкіх ПСГ знізіўся ўсяго на 16 п.п. – з 96 % да 80 %, дадае ён.

,,

На думку эканаміста,«газасховішчы ў Нямеччыне, а яны з вялікім адрывам самыя магутныя ў ЕЗ, змогуць забяспечваць палівам не толькі саму ФР, але пры вострай неабходнасці таксама і суседнія краіны».

 


Што тычыцца Славакіі, дадатковыя выдаткі якой на куплю газу могуць скласці ад 180 да 220 млн еўраў у год, то, на думку Гуркова,«Фіца напэўна мог бы дамовіцца ў Бруселі аб нейкіх кампенсацыях або прэферэнцыях для сваёй краіны, аднак гэты прарасейскі палітык палічыў за лепшае паехаць у Маскву».

 

Пры гэтым эканаміст падкрэслівае, што сітуацыя ў Еўразвязе абсалютна не параўнальная з тым, з чым з 1 студзеня сутыкаецца саюзная Крамлю самаабвешчаная «Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка» ў Малдове, якая ад новага году зусім засталася без газу і ў выніку трапіла ў сур’ёзны энергетычны крызіс.

 

«Газпром»: мары не здзяйсняюцца

 

А вось хто дакладна застанецца без грошай, дык гэта Расея. Украіна, паводле падлікаў «Reuters», страціць ад 800 млн да 1 млрд долараў на год ад адсутнасці расейскіх плацяжоў за транзіт, а Масква праз спыненне продажу газу ў Еўропу не далічыцца 5 мільярдаў на год. На піку ў 2018 годзе Расея пастаўляла ў Еўропу рознымі шляхамі 201 мільярд кубаметраў газу і займала каля 35 % еўрапейскага рынку. За першыя 11 месяцаў 2024-га паставіла праз Украіну толькі 14 млрд м³, бо «вайна ва Украіне практычна разваліла гэты бізнес», пісала «Reuters».

 

Нават пры ўкраінскім транзіце «Газпром» у 2023 годзе ўпершыню з 1999-га зафіксаваў страты – у памеры 7 мільярдаў долараў. За дзевяць месяцаў 2024 года чыстая страта галаўной кампаніі «Газпром» склала 309,111 млрд расейскіх рублёў, або каля 2,84 млрд долараў.

 

Няпростым быў 2024 год і для акцыяў кампаніі. За год паперы «Газпрома» страцілі 16,6 % і завяршылі год на адзнацы 133,12 расейскіх рублёў за акцыю. У снежні каціроўкі дасягнулі мінімуму з 2009 года, абваліўшыся да 105,22 расейскіх рублёў за акцыю.

Лагатып «Газпрома» адлюстроўваецца на смартфоне на фоне сцяга Еўрапейскага Саюза ў Брусэлі, Бельгія, 3 студзеня 2025 года. Фотаілюстрацыя Джонатана Раа / NurPhoto праз Getty Images
Лагатып «Газпрома» адлюстроўваецца на смартфоне на фоне сцяга Еўрапейскага Саюза ў Брусэлі, Бельгія, 3 студзеня 2025 года. Фотаілюстрацыя Джонатана Раа / NurPhoto праз Getty Images

Цяперашнія страты «Газпрому» не мяжа. Яшчэ ў лістападзе 2023 года кіраўнік камітэта Дзярждумы ў пытаннях энергетыкі Павел Завальны са спасылкай на прагноз Інстытуту энергетычных даследаванняў РАН казаў, што яны могуць вырасці ў 2025 годзе да 1 трлн расейскіх рублёў (больш як 9 млрд долараў паводле актуальнага курсу), бо падатковая нагрузка на кампанію расце, а выручка ад экспарту газу падае.

 

Грошы – не адзінае, што губляе Расея. У Міністэрстве энергетыкі Украіны ўжо назвалі спыненне транзіту «гістарычнай падзеяй», бо Расея губляе рынкі. Пра тое, што спыненне транзіту па маршруце, які дзейнічаў яшчэ з часоў СССР, «пакладзе канец працяглага перыяду дамінавання Масквы на еўрапейскім газавым рынку», пісаў напярэдадні новага года і «Reuters».

 

«Спыненне плыні газу будзе мець значна большае геапалітычнае значэнне. Масква страціла дамінантную долю паставак газу ў краіны Еўрапейскага Звязу, саступіўшы яе такім канкурэнтам, як ЗША, Катар і Нарвегія, пасля ўварвання ва Украіну, што заахвоціла ЕЗ скараціць сваю залежнасць ад расейскага газу», – падкрэслівала выданне.

 

Такім чынам, пачаўшы поўнамаштабную вайну супраць Украіны, Расея працягвае губляць уплыў у свеце. Толькі ў снежні 2024 года яна, сканцэнтраваўшы ўсе свае сілы на ўкраінскіх франтах, не здолела ўтрымаць саюзнага дыктатара ў Сірыі. А ўжо менш як праз месяц фактычна развіталася і з газавым рынкам Еўразвязу, да таго ж паставіўшы пад удар і ўласных проксі ў Прыднястроўі. Не самая моцная пазіцыя напярэдадні магчымых перамоваў адносна вайны ва Украіне, якія абяцае будучая адміністрацыя ЗША на чале з Доналдам Трампам.

 

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10