Аналітыка

У Сірыі свет убачыў слабасць Расеі. Уладам Ірану падрыхтавацца?

Сірыйскія баевікі і грамадзяне скандуюць лозунгі з нагоды падзення рэжыму Басара Асады перад пятнічнай малітвай у мячэці Амейядаў у Дамаску, Сірыя. 13 снежня 2024 года. Фота: Leo Correa / AP Photo / East News
Сірыйскія баевікі і грамадзяне скандуюць лозунгі з нагоды падзення рэжыму Басара Асады перад пятнічнай малітвай у мячэці Амейядаў у Дамаску, Сірыя. 13 снежня 2024 года. Фота: Leo Correa / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

З моманту імклівага падзення рэжыму Башара аль-Асада ў Сірыі мінула ўжо больш як тыдзень. Але наступствы гэтага могуць быць нашмат большымі як для блізкаўсходняга рэгіёну, гэтак і для свету ў цэлым, у тым ліку і для вайны ва Украіне. Бо свет пабачыў слабасць Расеі і ейную няздольнасць ратаваць сваіх хаўруснікаў, кажуць апытаныя «Белсатам» эксперты.

На сённяшні дзень у Сірыі застаюцца пад кантролем Расеі дзве лакацыі – авіябаза Хмэймім і пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў Тартусе. Згодна з двухбаковай дамовай, РФ можа выкарыстоўваць іх да 2066 года. Але дамова была заключаная з рэжымам Башара аль-Асада, які з 8 снежня знаходзіцца ў Маскве, а да ўлады ў Сірыі прыйшлі тыя, супраць каго расейскія вайскоўцы змагаліся. Таму і пытанне базаў РФ на сірыйскім узбярэжжы пад пытаннем.

 

Паводле Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны, Расея актыўна сцягвае ў Хмэймім і Тартус свае сілы і сродкі, пасля чаго іх самалётамі адпраўляюць у РФ. Як заявіў 16 снежня прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзмітрый Пяскоў, адносна саміх базаў «зараз нейкіх канчатковых рашэнняў на гэты конт няма». Паводле яго, «усё гэта будзе вызначацца падчас дыялогу» «з прадстаўнікамі тых сіл, якія цяпер кантралююць сітуацыю ў краіне».

 

Што будзе з расейскімі базамі

 

Пытанне захаванне расейскіх базаў у Сірыі, як мяркуе гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, залежыць ад таго, што Крэмль зможа прапанаваць новым сірыйскім уладам і Турэччыне, якая іх падтрымлівае, і ад таго, ці гэтыя прапановы будуць больш цікавымі за прапановы Захаду. Але кошт расейскіх прапановаў «будзе даволі вялікі», кажа гісторык.

 

У любым разе нават у выпадку захавання расейскай прысутнасці ў Сірыі, «гэта будзе, зусім не той уплыў, які быў у часы аль-Асада». Часы, калі «яны там панавалі, вырашалі сірыйскую палітыку і былі фактычна адным з галоўных гульцоў, скончыліся, гэта ўжо не паўторыцца», дадае Фрыдман.

 

На думку ізраільскага афіцэра запасу, вайсковага аглядальніка Ігаля Левіна, Расея «ўсімі сіламі» паспрабуе дамовіцца з новымі ўладамі ў Сірыі, «каб хоць якую-небудзь базачку, маленькі аэрадромчык захаваць, пакінуць як перавалачны пункт». Бо іх страта моцна ўскладніць расейскія лагістычныя маршруты ў Афрыку, дзе Крэмль падтрымлівае шэраг мясцовых рэжымаў. І хоць Левін не выключае, што Расея можа паспрабаваць наладзіць лагістыку праз тэрыторыі Лівіі, падкантрольныя Халіфе Хафтару, паводле яго, сірыйскія базы ўсё ж больш зручныя для Масквы

Расейскія вайсковыя машыны і артылерыйскія гарматы бачныя на расейскай авіябазе ў аэрапорце Камышлі на паўночным усходзе Сірыі. 12 снежня 2024 года. Фота: Delil Souleiman / AFP / East News
Расейскія вайсковыя машыны і артылерыйскія гарматы бачныя на расейскай авіябазе ў аэрапорце Камышлі на паўночным усходзе Сірыі. 12 снежня 2024 года. Фота: Delil Souleiman / AFP / East News

Куды падзенуць войскі

 

Калі расейскія войскі будуць усё ж выведзеныя з Сірыі, то на фронт ва Украіне яны паўплываюць неістотна, заяўляе дырэктар «New Geopolitics Research Network» Мыхайла Самусь. Паводле яго, расейскіх сухапутных войскаў у Сірыі было вельмі мала. З пяці тысячаў вайскоўцаў гэта перадусім былі сілы аховы, авіяцыйны і вайскова-марскі персанал – «на фронце гэтыя людзі наўрад ці апынуцца супраць Украіны».

 

«Калі яны будуць выводзіць гэтыя базы, то войскава-марскія сілы пойдуць на Балтыку або ў Паўночны флот. У Чорнае мора яны дакладна не могуць зайсці, бо згодна з канвенцыяй Мантро Басфор і Дарданэлы для іх зачыненыя. Таму гэтыя караблі не з’яўвяцца ў Чорным моры», – мяркуе Самусь.

 

Паводле яго, адзіны кампанент, які можа быць перакінуты на расейска-ўкраінскі фронт – гэта некалькі дзясяткаў самалётаў з Сірыі.

 

У сваю чаргу Фрыдман не выключае, што страціўшы кантроль над Сірыяй, Расея цяпер паспрабуе сканцэнтравацца на вайне ва Украіне, «і гэта, вядома, дрэнны сігнал і для Украіны, і для Захаду».

 

«Ай, татачка, кароль-жа-ж голы»

 

Пры гэтым эксперты прызнаюць, што падзенне рэжыму аль-Асада ў Сірыі моцна ўдарыла па аўтарытэце Расеі ў свеце, бо яна не здолела абараніць свайго хаўрусніка. Як адзначае Фрыдман, у тэкстах заходніх медыяў, аналітыкаў і ў заявах палітыкаў, у тым ліку абранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, ужо бачныя высновы, што «Расея зусім не такая моцная». Што нягледзячы на свае амбіцыі, яна няздольная выбудоўваць сваю палітыку ў розных рэгіёнах.

,,

«Гэта для Расеі вельмі непрыемная гісторыя. Бо Сірыя ад самога пачатку выкарыстоўвалася як сігнал і для Захаду, і для ўсяго свету адносна таго, што Расея зноў моцная, што яна гуляе глабальна. І вось тут яны атрымалі сур’ёзныя праблемы. Гэта сапсавала імідж Расеі», – заяўляе Фрыдман.


На яго думку, следствам гэтага будзе тое, што Трамп цяпер будзе дзейнічаць на магчымых перамовах з Расеяй больш жорстка. І гэта пры тым, што як кажа Самусь, з 5 лістапада, калі ў ЗША прайшлі выбары, Крэмль намагаўся паказаць свету менавіта сваю моц.

 

«А атрымліваецца, што ўсё гэта фэйк, што гэта пшык і [Уладзімір] Пуцін наагул не змог ніякім чынам паўплываць на сітуацыю ў Сірыі, на захаванне рэжыму аль-Асада. То бок, гэта паказвае, што Расея насамрэч цяпер цалкам сканцэнтравала свае сілы ва Украіне, а ў іншых рэгіёнах свету ўжо не можа якім-небудзь чынам уплываць на становішча. Гэта вельмі вялікі ўдар», – адзначае Самусь і дадае, што гэта таксама разумеюць і на Глабальным поўдні, з якім спрабуе загульваць Масква.

 

Разам з тым, падкрэслівае Фрыдман, выратаваннем самога аль-Асада Крэмль усё ж здолеў паслаць сігнал саюзным дыктатарам у іншых краінах, што «калі абставіны складуцца неспрыяльна, Расея не кіне, Расея выратуе, Расея забярэ». Падтрыманне ж палітыкі Крамля замежнымі ўладамі будзе залежыць ад наяўных у таго фінансаў, упэўнены Самусь: «Калі Расея пазбавіцца нафтавых прыбыткаў, тады яе пакінуць так званыя хаўруснікі».

 

Што ў цяпер у самой Сірыі і ці будзе вайна з Ізраілем?

 

У самой жа Сірыі сітуацыя пакуль не нармалізавалася. Паводле Фрыдмана, хоць параза Расеі, крах рэжыму аль-Асада і аслабленне праз гэта пазіцыяў Ірана ацэньваюцца на Захадзе пазітыўна, яны ўсё ж былі прадказальнымі ворагамі. А чаго чакаць ад новых ісламісцкіх уладаў – якім будзе ўрад, ці будуць там дэмакратычныя структуры або працяг грамадзянскай вайны, якой будзе роля Турэччыны – «гэта ўсё пакуль адкрытыя пытанні».

 

У сваю чаргу Левін чакае ў Сірыі не пашырэння канфлікту, а зніжэння ягонай інтэнсіўнасці:

«Усе бакі ўжо заявілі, што не зацікаўленыя ў Вялікай вайне. І [кіраўнік ХТШ Абу Мухамад] аль-Джулані сказаў, што не зацікаўлены ў новай вайне, тым больш, з Ізраілем, і [прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін] Нэтаньягу заявіў, што не зацікаўлены ў вайне з Сірыяй. Амерыканцы з туркамі дамовіліся, каб прытрымаць свае проксі – [праамерыканскія пераважна курдскія] Сірыйскія дэмакратычныя сілы і [пратурэцкую] Сірыйскую нацыянальную армію, якія грызліся. То бок, проста глабальнае змяншэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, але не бесперапыннасць, вядома».

 

Ізраільскія салдаты перасякаюць агароджу бяспекі, рухаючыся да так званай лініі Альфа, якая аддзяляе анексаваныя Ізраілем Галанскія вышыні ад Сірыі. 15 снежня 2024 года. Фота: Matias Delacroix / AP Photo / East News
Ізраільскія салдаты перасякаюць агароджу бяспекі, рухаючыся да так званай лініі Альфа, якая аддзяляе анексаваныя Ізраілем Галанскія вышыні ад Сірыі. 15 снежня 2024 года. Фота: Matias Delacroix / AP Photo / East News

Тым часам Ізраіль працягвае бамбаваць у Сірыі склады са зброяй і ўзбраеннямі, што застаюцца ад рэжыму аль-Асада і Расеі, пашырае свою прасутнаць на спрэчных Галанскіх вышынях. На думку Фрыдмана, ізраільскі ўрад тым самым карыстаецца момантам, каб ва ўмовах слабасці Дамаску зменшыць пагрозу для сябе.

 

«Ніхто ж не ведае, до каго патрапіць гэтая зброя, як яна можа быць выкарастаная. Акрамя таго, [імкнецца] павысіць для сябе бяспеку, усталяваўшы кантроль на гэтых вышынях, то бок без асаблівых перашкодаў перарабіць карту Блізкага Усходу, карыстаючыся такімі магчымасцямі», – кажа гісторык.

 

Пры гэтым ён не выключае тэорыі, што знішчэнне зброі ў Сірыі можа адбывацца ў выніку супрацы з Расеяй, якая не хоча, каб гэтая зброя трапіла да ісламістаў, а тым больш, каб яе перадалі Украіне. Адпаведныя перамовы, як заяўляецца, ужо вяліся паміж Вашынгтонам і Анкарой. На карысць гэтай тэорыі або прынамсі супадзення інтарэсаў дзвюх краінаў, на думку Фрыдмана, можа ўказваць і спакойная рэакцыя Расеі на дзеянні Ізраілю ў Сірыі. У любым разе, мяркуе ён, Ізраіль працягне знішчаць сірыйскую вайсковую інфраструктуру, каб гарантаваць сабе бяспеку.

Сірыйскія баевікі нацэльваюць зброю на меркаваных марадзёраў у жылым комплексе былых вайсковых афіцэраў Башара Асада ў вёсцы Хусэйнія на ўскраіне Дамаску, Сірыя. 15 снежня 2024 года. Фота: Leo Correa / AP Photo / East News
Сірыйскія баевікі нацэльваюць зброю на меркаваных марадзёраў у жылым комплексе былых вайсковых афіцэраў Башара Асада ў вёсцы Хусэйнія на ўскраіне Дамаску, Сірыя. 15 снежня 2024 года. Фота: Leo Correa / AP Photo / East News

Іран наступны?

 

За апошні год войскамі Ізраілю было знішчанае кіраўніцтва палестынскага «Хамасу», ліванскай «Хізбулы», былі моцна аслабленыя і самыя гэтыя арганізацыі. У выніку гэтага, як мяркуецца, у тым ліку не было каму і абараніць ад паўстанцаў і рэжым у Сірыі. І спыняцца на бамбаваннях сірыйскіх вайсковых аб’ектаў Ізраіль, падобна, не збіраецца.

 

12 лістапада ізраільскі прэм’ер Нэтаньягу ў відэазвароце да народу Ірану заявіў, што іранская вось разбураецца праз «ланцуговую рэакцыю», запушчаную Ізраілем, і выказаў надзею, што іранскі народ зможа вызваліцца да сваіх «прыгнятальнікаў» «значна раней, чым думаюць людзі». Таксама ён паабяцаў ператварыць Блізкі Усход «у маяк росквіту, прагрэсу і міру».

 

Як адзначае ізраільскі афіцэр запасу Левін, у Ізраілю сапраўды «шмат ёсць планаў» наконт Ірану. На яго думку, Іран «проста так не пакінуць» і ціск на яго будзе працягвацца.

 

Гісторык Фрыдман наагул адзначае, што для Ізраілю цяпер «адчыняецца гістарычнае акно магчымасцяў», каб «гэтую гісторыю закончыць і нанесці ўдар яшчэ галоўнаму ворагу – Ірану, які аслаблены, які вонкавапалітычна прайграў і знаходзіцца ў вельмі неспрыяльным становішчы, які, магчыма, унутрыпалітычна нестабільны». У якасці прыкладу апошняга ён прывёў моцныя пратэсты 2022-2023 гадоў у Іране.

 

«Акрамя таго прыходзіць новая амерыканская адміністрацыя, на якую Ізраіль сапраўды можа разлічваць. Тая падтрымае ўсе крокі, якія будзе рабіць Ізраіль», – мяркуе Фрыдман.

 

Да таго ж, на яго думку, перамога над Тэгеранам можа палепшыць унутрыпалітычнае становішча самога Нэтаньягу і «дазволіць яму ўвайсці ў гісторыю як пераможца Ірану, а не як чалавек, які адказны за жахлівыя падзеі 7 кастрычніка [2023 года]».

 

Мужчына наступае на пашкоджаны партрэт зрынутага прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада ў партовым горадзе Латакія на захадзе Сірыі. 15 снежня 2024 года. Фота: Ozan Kose / AFP / East News
Мужчына наступае на пашкоджаны партрэт зрынутага прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада ў партовым горадзе Латакія на захадзе Сірыі. 15 снежня 2024 года. Фота: Ozan Kose / AFP / East News

Расея зноў не зможа дапамагчы

 

Але як і ў выпадку з рэжымам у Дамаску, Крэмль наўрад ці здолее дапамагчы Тэгерану.

 

«Мне складана ўявіць, каб Расея заступілася за Іран, бо Расея цалкам захрасла ва Украіне, і яны ўсе свае рэсурсы марнуюць на вайну, і мне складана ўявіць, каб яны маглі дзесьці яшчэ задзейнічаць нейкія адчувальныя сілы. Менавіта таму яны і не выратавалі аль-Асада, хоць ён прасіў аб дапамозе», – кажа Левін.

 

На думку Фрыдмана, Украіне было б выгадна, калі б Расея ўласнымі войскамі або хаця сваімі рэсурсамі з Афрыкі ўцягнулася яшчэ і ў вайну на Блізкім Усходзе.

 

«Але Пуцін палічыў, што трэба дзейнічаць прагматычна, бо не факт, што атрымаецца дапамагча аль-Асаду, а можна яшчы завязнуць і страціць час і магчымасці в Украіне. Таму яны зрабілі выбар на карысць Украіны. Тое ж самае будзе з Іранам», – кажа гісторык.

 

У любым разе, як дадае Левін, любое аслабленне Ірана, нават не абавязкова падзенне рэжыму – гэта плюс для Украіны, бо гэта аслабляе аднаго з галоўных хаўруснікаў Расеі. «І чым больш гэтых хаўруснікаў высыпаецца з арбіты Масквы, тым лепш», – падкрэслівае ён.

 

Макар Мыш belsat.eu

 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10