З раніцы 7 кастрычніка ў Ізраілі праходзяць жалобныя цырымоніі. Людзі ўспамінаюць ахвяраў нападу «Хамасу» на Ізраіль роўна год таму. З таго дня сітуацыя на Блізкім Усходзе значна пагоршылася. «Белсат» узгадвае ключавыя падзеі за гэты час.
Раніцай 7 кастрычніка 2023 года на Ізраіль абрынуліся ракеты з сектару Газа, а пасля баевікі «Хамасу» ўварваліся на тэрыторыю Ізраілю, у тым ліку ў месцы, дзе праходзіў музычны фэст.
Паводле ізраільскіх звестак, у выніку атакі 7 кастрычніка было забіта блізу 1200 ізраільцянаў і замежнікаў, а блізу 250 закладнікаў былі вывезеныя ў Газу. Напад суправаджаўся жорсткімі катаваннямі і згвалтаваннямі. Здарэнне назвалі правалам ізраільскіх спецслужбаў.
Аднак ужо 8 кастрычніка Ізраіль пачаў ваенную аперацыю «Жалезныя мячы» і назваў тое, што адбываецца, вайной. Калі Ізраіль пачаў бамбаваць Газу, «Хамас» папярэдзіў, што будзе забіваць за гэта закладнікаў.
Неўзабаве міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт абвясціў наступ арміі абароны Ізраілю (Цагаль) на сектар Газа. У той жа час падключылася ліванская групоўка «Хізбула», якую падтрымлівае Іран; яна абстраляла ракетамі месцы, дзе былі ізраільскія вайскоўцы.
13 кастрычніка Цагаль заклікаў мірных жыхароў поўначы Газы, а гэта больш за 1 млн чалавек, эвакуявацца на поўдзень.
Поўнамаштабная наземная аперацыя Ізраілю ў Газе пачалася 27 кастрычніка. Гэта ператварыла наступствы нападу «Хамасу» ў самы буйны ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе за апошнія 50 гадоў.
Жыхары Газы сыходзілі на поўдзень, аднак пакінуць Газу не маглі: Егіпет не прапускаў палестынцаў. Тады ж у бок Ізраілю гучалі абвінавачанні ў стварэнні гуманітарнага крызісу і блакаванні гуманітарнай дапамогі. Ізраіль жа ўсклаў віну на ААН, сцвярджаючы, што гэтая арганізацыя дрэнна арганізавала перадачу ежы і вады ў Газу.
22 лістапада Ізраіль і «Хамас» абвясцілі пра замірэнне. Па яго выніках 105 ізраільскіх закладнікаў вярнуліся дадому ў рамках угоды з «Хамасам». Выкрадзеных абмянялі на 240 палестынскіх зняволеных, якія былі ў турмах Ізраілю. Аднак замірэнне працягвалася ўсяго да 1 снежня, пакуль з Газы ў бок Ізраілю зноў не паляцелі ракеты. Тады Ізраіль пачаў абстрэлы і поўдня Газы.
У пачатку снежня Ізраіль заявіў, што на поўначы Газы больш няма баевікоў «Хамасу». Падчас канфлікту Ізраіль выявіў пад Газай велізарную сетку тунэляў, якія вялі ў тым ліку да ізраільскай мяжы. Тунэлі былі настолькі вялікія, што там мог праехаць аўтамабіль.
Цягам усяго супрацьстаяння працягваліся ракетныя абстрэлы. У красавіку 2024 года Цагаль паведаміў, што за паўгода вайны з Газы па Ізраілі былі выпушчаныя каля 9100 ракетаў, з Лівану – каля 3100 ракетаў, з Сірыі – каля 35 ракетаў. А Ізраіль да таго часу ўдарыў ракетамі па 32 тысячах цэляў у Газе. Таксама былі ўдары па поўдні Лівану.

Яшчэ ў верасні 2023 года ААН заявіла, што 66 % збудаванняў у Газе былі пашкоджаныя. А ў жніўні 2024 года ААН распавяла, што за 10 месяцаў канфлікту загінулі 40 тысяч палестынцаў. Паведамленне было зробленае на аснове звестак Міністэрства здароўя Газы, якое кантралюецца «Хамасам». Ізраіль заклікае не верыць гэтай інфармацыі менавіта з увагі на несамастойнасць міністэрства.
Канфлікт разрастаецца
Улетку інтэнсіўнасць ізраільскіх дзеянняў у сектары Газа пачала зніжацца. Аднак з канца вясны больш прыкметную ролю ў канфлікце грае «Хізбула». У некаторыя дні групоўка біла па тэрыторыі Ізраілю сотнямі ракетаў. У выніку нападаў «Хізбулы» ў Ізраілі былі эвакуяваныя ад 60 да 100 тысяч чалавек.
Ізраільскія ўлады паставілі сабе задачу вярнуць жыхароў паўночных рэгіёнаў Ізраілю ў іхныя дамы. Гэта прадугледжвала больш актыўную барацьбу з «Хізбулой». 17 і 18 верасня ў Ліване пачалі масава выбухаць пэйджары і іншыя прылады сувязі, якімі карысталіся чальцы «Хізбулы». Мясцовыя ўлады паведамілі пра мінімум 37 загінулых і каля 3600 параненых. Апрача таго, у выніку паветраных нападаў на інфраструктуру «Хізбулы» ў Ліване 27 верасня былі забітыя лідар групоўкі Хасан Насрала і шэраг яе высокапастаўленых камандзіраў.
Ізраіль не спыніўся, і 1 кастрычніка салдаты Цагалю пры падтрыманні артылерыі і авіяцыі прыйшлі па «Хізбулу» ў Ліван. Ліванская армія пры гэтым адышла, каб не зрабіцца ўдзельніцаю канфлікту. Пакуль наземная аперацыя Ізраілю ў Ліване працягваецца. Цагаль абстрэльвае Бэйрут, а «Хізбула» – цэнтральныя рэгіёны Ізраілю. Да бамбавання Ізраілю таксама актыўна падключыўся Іран. Напрыклад, 1 кастрычніка было выпушчана каля 200 ракетаў.
Напярэдадні гадавіны тэракту «Хамасу» Ізраіль выпусціў ракеты па Газе і Бэйруце, а «Хізбула» – па ізраільскім горадзе Хайфа.
Такім чынам, да гадавіны нападу «Хамасу» Ізраіль падышоў з дзвюма наземнымі аперацыямі. Сілы груповак баевікоў былі моцна падарваныя, аднак супрацьстаянне працягваецца. На дадатак, дзеянні прэм'ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу сутыкаюцца з крытыкай як у Ізраілі, так і за мяжой. Унутры краіны людзі незадаволеныя тым, што каля 100 закладнікаў усё яшчэ не вызваленыя – у краіне нават праходзілі пратэсты. А за мяжой нават блізкі саюзнік Ізраілю, ЗША, выступае супраць пашырэння вайны.
Арсэн Рудэнка belsat.eu