У панядзелак 9 чэрвеня адміністрацыя Доналда Трампа загадала ўвесці марскую пяхоту ЗША ў Лос-Анджэлес і ўзмацніць рэйды супраць мігрантаў, што выклікала яшчэ большае абурэнне з боку вулічных пратэстоўцаў, піша «Reuters».
Пагроза нацыянальнага крызісу
Каля 700 марскіх пехацінцаў, якія базуюцца ў Паўднёвай Каліфорніі, меліся прыбыць у Лос-Анджэлес у панядзелак увечары або ў аўторак раніцай у межах федэральнай стратэгіі задушэння вулічных дэманстрацыяў.
Увядзенне ў Лос-Анджэлес жаўнераў Нацыянальнай гвардыі і марской пяхоты адбываецца, нягледзячы на пярэчанні кіраўніцтва штату і мясцовых органаў улады, якія не прасілі дапамогі.
Міністарка ўнутранай бяспекі ЗША Крысці Ноўм паабяцала правесці яшчэ больш аперацыяў у затрыманні падазраваных парушальнікаў іміграцыйнага заканадаўства.
Адміністрацыя Трампа назвала пратэсты незаконнымі і абвінаваціла партыю дэмакратаў у тым, што яны дазволілі беспарадкі і бароняць нелегальных мігрантаў. Вайсковыя і федэральныя аперацыі ў падтрыманні правапарадку яшчэ больш палярызавалі дзве асноўныя палітычныя партыі Амерыкі. Трамп, рэспубліканец, пагражаў арыштаваць кіраўніка Каліфорніі, дэмакрата Гэвіна Ньюсама.
У панядзелак Каліфорнія падала ў суд на адміністрацыю прэзідэнта ЗША, каб заблакаваць разгортванне Нацыянальнай гвардыі і марской пяхоты, сцвярджаючы, што гэта парушае федэральны закон і суверэнітэт штату. Кіраўнік Камітэту Сенату ў справе ўзброеных сілаў, дэмакрат, сенатар Джэк Рыд заявіў, што ён «сур'ёзна занепакоены» разгортваннем Трампам актыўнай марской пяхоты.
,,«Прэзідэнт сілай адхіляе паўнамоцтвы кіраўніка штату і мэра і выкарыстоўвае вайскоўцаў як палітычную зброю. Гэты беспрэцэдэнтны крок пагражае ператварыць напружаную сітуацыю ў нацыянальны крызіс, – сказаў Рыд. – З моманту заснавання нашай краіны амерыканскі народ цалкам выразна заяўляў: мы не хочам, каб вайскоўцы ажыццяўлялі праваахоўныя дзеянні на зямлі ЗША», – сказаў ён.
Крок да аўтарытарызму
У панядзелак позна ўвечары паліцыя пачала разганяць сотні дэманстрантаў, якія сабраліся каля федэральнага цэнтру ўтрымання мігрантаў у цэнтры Лос-Анджэлесу. Паліцыя паведаміла, што праводзяцца арышты. Сілы Нацыянальнай гвардыі ўтварылі жывую барыкаду, каб не дапусціць людзей да будынку. Затым па вуліцы рушыла фаланга паліцыі, адціскаючы людзей з месца здарэння.
Нягледзячы на тое, што вайсковыя сілы былі задзейнічаныя ўнутры краіны падчас буйных катастрофаў, такіх як ураган «Катрына» і тэракты 11 верасня 2001 года, войскі выкарыстоўваюцца ўнутры краіны падчас грамадзянскіх беспарадкаў надзвычай рэдка.
Апошні раз вайскоўцы падчас вулічных пратэстаў выкарыстоўваліся ў 1992 годзе, калі тагачасны кіраўнік Каліфорніі папрасіў прэзідэнта Джорджа Буша-старэйшага дапамагчы ў рэагаванні на беспарадкі ў Лос-Анджэлесе, што ўзніклі ў адказ на апраўданне паліцэйскіх, якія збілі чарнаскурага аўтамабіліста Родні Кінга.
Цяперашні кіраўнік Каліфорніі Ньюсам сцвярджае, што выклік Нацыянальнай гвардыі – гэта ягонае абавязанне, а дзеянні Трампа называе «відавочным крокам да аўтарытарызму».
,,«У нас не было праблемаў, пакуль не ўмяшаўся Трамп. Гэта сур’ёзнае парушэнне дзяржаўнага суверэнітэту – распальванне напружанасці і адток рэсурсаў адтуль, дзе яны сапраўды патрэбныя», – напісаў Ньюсам у сацыяльнай сетцы X.
За чатыры дні пратэстаў у Лос-Анджэлесе было арыштавана некалькі дзясяткаў чалавек. Паводле мясцовых навінавых агенцыяў, у панядзелак пратэсты таксама адбыліся як мінімум у дзевяці іншых гарадах ЗША, у тым ліку ў Нью-Ёрку, Філадэльфіі і Сан-Францыска.
«Чым больш яны пратэстуюць, тым больш жорстка будзем іх пераследаваць»
Міністэрства ўнутранай бяспекі заявіла, што за апошнія дні арыштоўвала па 2000 парушальнікаў іміграцыйнага заканадаўства ў дзень, што значна перавышае сярэднюю колькасць арыштаваных у 2024 годзе.
«Сёння мы правялі больш аперацыяў, чым пазаўчора, і заўтра мы зноў падвоім гэтыя намаганні, – сказала Ноўм у праграме «Hannity» на канале «Fox News». – Чым больш яны пратэстуюць і здзяйсняюць акты гвалту ў дачыненні работнікаў праваахоўных органаў, тым больш жорстка будзем іх пераследаваць».
Мэр Лос-Анджэлесу Кэрэн Бас выступіла супраць рэпрэсіяў, заявіўшы, што гэта «горад імігрантаў». Ноўм запярэчыла, што гэта горад не імігрантаў, а злачынцаў.
Пратэсты ў Лос-Анджэлесе ўспыхнулі ўвечары 6 чэрвеня пасля таго, як Іміграцыйная і мытная паліцыя (ICE) правяла ў горадзе рэйды. Частка пратэстоўцаў уздымае сцяг суседняй Мексікі. У пачатку супрацьстаяння некаторыя пратэстоўцы кідалі ў паліцыянтаў кавалкі бетону, у адказ паліцыя скарыстала слезацечны газ і святлошумавыя гранаты.
Вядома, што як мінімум два журналісты, якія асвятлялі пратэсты, былі параненыя гумовымі кулямі. Пацярпелі брытанскі фатограф Нік Стэрн і карэспандэнтка аўстралійскага «9News» Лорэн Тамасі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu