У ноч на 16 снежня ізраільская армія нанесла некалькі ўдараў па складах ракетаў і зброі ў сірыйскім партовым горадзе Тартус, а таксама іншых правінцыях Сірыі. Удары наносяцца такой сілы, што ў наваколлі зарэгістраваныя сейсмічныя штуршкі.
Тартус месціцца недалёка ад мяжы Лівану і Сірыі, менавіта ў гэтым горадзе раней размяшчалася вайскова-марская база Расеі. Пра гэта паведаміла выданне «The Jerusalem Post» са спасылкай на арабскія медыі.
Акрамя таго, моцныя выбухі фіксуюцца ў Лятакіі, а таксама ў правінцыях Хама і Гомс. Для ўдараў Ізраіль выкарыстаў баявую авіяцыю.
Паводле Сірыйскай пляцоўкі назірання за правамі чалавека, гэтыя ўдары сталіся «наймагутнейшымі па прыбярэжным рэгіёне Сірыі» з 2012 года.
Пасля ўдараў у правінцыі быў зафіксаваны слабы землятрус магнітудаю 3, пра што паведаміла турэцкае Агенцтва ў справе надзвычайных сітуацыяў і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў (AFAD).
Ізраіль пакуль не каментаваў гэтых удараў.
Уначы ў суботу Ізраіль таксама нанёс удары па стратэгічных аб’ектах у іншых частках Сірыі, у тым ліку тунэлі, склады са зброяй і аэрапорты каля Дамаску.
Нагадаем, што 10 снежня Ізраіль нанёс каля 250 удараў па вайсковых аб’ектах у Сірыі і ўвёў войскі ў буферную зону. Гэтую аперацыю назвалі адною з найбуйнейшых у гісторыі ізраільскіх вайскова-паветраных сілаў. Удары наносіліся па вайсковых базах, паветрана-ракетных комплексах, вытворчых пляцоўках і складах ракетаў.
Пад удары трапілі сірыйскія аэрапорты і іх склады, эскадрыллі самалётаў, радары, вайсковыя сігнальныя станцыі ды мноства складоў зброі і боепрыпасаў у розных месцах, а таксама навукова-даследчыя цэнтры, што прывяло да поўнага знішчэння сістэмаў паветранай абароны і вываду гэтых аб’ектаў з ладу.
Меркавана, гэта рабілася, каб зацэментаваць суверэнітэт Ізраілю над Галянскімі вышынямі, акупаванымі ў 1967 годзе, адсоўваючы сірыйцаў яшчэ далей, а таксама каб знішчыць вайсковы патэнцыял Сірыі.
Раман Шавель belsat.eu