У ноч на 14 чэрвеня ў Калінінградзе адбыўся выбух на прамысловай электрападстанцыі. Дыверсія была зладжана агентамі Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны.
У выніку атакі быў цалкам спынены доступ да электразабеспячэння для шэрагу аб’ектаў, у тым ліку тых, што належаць расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу і Узброеным сілам РФ, якія размяшчаліся ў зоне правядзенна аперацыі.
Паводле крыніц украінскага выдання РБК-Україна ў Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны, дыверсію здзейснілі каля 4-й гадзіны раніцы. Страты для Расеі ад гэтай аперацыі ацэньваюцца амаль у 5 мільёнаў долараў.
«Мы яшчэ раз нагадваем, што Расея больш не мае тылу ні на ўсходзе, ні на захадзе, ні ў любым пункце планеты. Усё расейскае, задзейнічанае ў вайне супраць Украіны, будзе гарэць, тануць і знішчацца незалежна ад яго ўзроўню абароны або месца размяшчэння», – падкрэсліў выданню суразмоўца ў ГУР.
Калінінградская вобласць не мае агульнай мяжы з асноўнай тэрыторыяй Расеі і акружаная краінамі NATO – Польшчай і Літвой. З поўначы і захаду рэгіён мяжуе з Балтыйскім морам. Гэта не першы інцыдэнт у рэгіёне: у красавіку 2024 года на ваенна-марской базе ў Балтыйску гарэў расейскі ракетны карабель «Серпухаў».
Раман Шавель belsat.eu