Ізраіль знішчыў найбольш важныя вайсковыя аб’екты ў Сірыі. Пра гэта паведамляюць як ізраільскія, гэтак і сірыйскія медыі.
Ізраільскія ВПС нанеслі больш як 250 удараў па вайсковых аб’ектах у Сірыі. Гэтую аперацыю называюць адной з найбуйнейшых у гісторыі ізраільскіх вайскова-паветраных сілаў. Удары наносіліся па вайсковых базах, паветрана-ракетных комплексах, вытворчых пляцоўках і складах ракетаў, паведамляе «Настоящее время» са спасылкаю на вайсковае радыё «Галей Цагаль».
Сірыйскае выданне SOHR адзначае, што пад удары трапілі сірыйскія аэрапорты і іх склады, эскадрыллі самалётаў, радары, вайсковыя сігнальныя станцыі і мноства складоў зброі і боепрыпасаў у розных месцах, а таксама навукова-даследчыя цэнтры, што прывяло да поўнага знішчэння сістэмаў супрацьпаветранай абароны і вываду гэтых аб’ектаў з ладу.
,,«Гэта адбываецца ў межах знішчэння пакінутай зброі на складах і ў вайсковых частках, што кантраляваліся сіламі былога рэжыму», – паведамляе SOHR.
Таксама паведамляецца, што войскі Цагаль зайшлі ў сірыйскую частку буфернай зоны на Галанскіх вышынях, створанай па выніках вайны 1973 года. Занятыя гарады эль-Кунэйтра, эль-Баас і эль-Хамідыя. Ёсць паведамленні пра заход ізраільскіх войскаў і за межы буфернай зоны, гэта значыць на тэрыторыю астатняй Сірыі.
Навошта гэта Ізраілю
Як адзначае ў сваім тэлеграм-канале «Пески Аравии» Ілія Куса, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, сваймі дзеяннямі Ізраіль «спрабуе развязаць тры тактычныя задачы, карыстаючыся момантам адсутнасці ў Дамаску ўлады»:
- Зацэментаваць суверэнітэт Ізраіля над Галанскімі вышынямі, акупаванымі ў 1967 годзе, адсоўваючы сірыйцаў яшчэ далей.
- Знішчыць вайсковы патэнцыял Сірыі на выпадак, калі з новаю ўладаю будуць складаныя стасункі.
- Адсекчы поўдзень Лівану ад Сірыі для ўзмацнення кантролю за кантрабанднымі плынямі для «Хізбулы».
Тым не менш, на думку Кусы, Ізраіль такімі дзеямі настройвае супраць сябе як мінімум частку сірыйскай апазіцыі, якая будзе фармаваць новую ўладу. Таксама, паводле яго, гэта будзе гуляць на карысць Ірану і па-антыізраільску настроеных баевікоў.
«Калі Ізраіль плануе мець пад бокам менш праблемнага суседа, які знармалізуе з ім стасункі і нават саступіць Галанскія вышыні, то ўвод войскаў можа падарваць гэтыя намаганні ці, як мінімум, ускладніць перамовы. З іншага боку, палітычнае кіраўніцтва Ізраіля можа і не думаць пра гэта, а падыходзіць да сітуацыі толькі з гледзішча бяспекі і экспансіі», – мяркуе Куса.
Ад моманту перавароту 1970 года ўладу ў Сірыі ўтрымлівала дынастыя аль-Асадаў. На выбарах 2021 года Башара аль-Асада, паводле афіцыйных звестак, падтрымалі 95 % удзельнікаў галасавання. Але ў выніку распачатага 27 лістапада 2024 года наступу сірыйскай апазіцыі рэжым Асада 8 снежня быў зрынуты. Сам аль-Асад прыляцеў у Расею.
Якуб Хруст belsat.eu