навіны

У Беларусі хутка пачнецца сезон палявання на мядзведзяў, рысі на чарзе

Буры мядзведзь. Фота: planetabelarus.by
Буры мядзведзь. Фота: planetabelarus.by
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі змяніліся падыходы да аховы дзікіх жывёл: бурага мядзведзя і рысь выключылі з катэгорыі відаў, што знаходзяцца пад найбольшай аховай. Услед за гэтым дазволена паляванне на гэтыя віды – у вызначаныя перыяды і толькі ў некаторых рэгіёнах краіны.

Чытайце таксама:
Зубры на месцы зімовага падкорму. Фота: npbp.by

У Беларусі дазволілі адстрэльваць болей зуброў і мядзведзяў – унеслі змены ў Чырвоную кнігу

Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, паляванне на мядзведзя будзе дазволена з 1 ліпеня да 31 снежня, а на рысь – з 1 кастрычніка да 31 студзеня, прыкмеціла выданне радыё «Свабода». Аднак паляванне на гэтых жывёл будзе магчымым толькі ў пэўных раёнах. У Віцебскай вобласці гэта Віцебскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Аршанскі, Сянненскі і Ушацкі раёны. У Менскай – Барысаўскі і Лагойскі.

Як растлумачыў намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага свету Сцяпан Гузней, паляванне будзе магчымым пры наяўнасці пэўнай мінімальнай шчыльнасці папуляцыі – не менш за 0,6 асобіны на тысячу гектараў. Акрамя таго, у раёне палявання павінна быць прынамсі адна самка мядзведзя з маладняком. Адстрэл будзе абмежаваны – не больш за 10% ад агульнай колькасці папуляцыі.

Паводле прадстаўніка інспекцыі, пры падрыхтоўцы дакументаў і рэгламентацыі парадку палявання беларускія спецыялісты арыентаваліся на расейскую практыку.

Асновай для гэтых зменаў стала пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя № 10 ад 14 сакавіка 2025 года, якая рэгулюе ўключэнне жывёлаў у Чырвоную кнігу. Паводле яе, бурага мядзведзя перавялі з І (найвышэйшай) катэгорыі аховы ў ІV (найменш ахоўную), рысь – з ІІ таксама ў ІV. Такія крокі патлумачылі павелічэннем іх папуляцыі. Акрамя таго, паводле гэтых змен, зубр, які раней меў ІІІ, атрымаў IV катэгорыю.

Нагадаем, што размовы пра тое, каб выключыць 12 відаў жывёлаў, а таксама знізіць ахоўны статус для зубра, рысі, мядзведзя і барсука, вядуцца ўжо даўно. У пачатку 2024 года міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Худык сцвярджаў, што змены навукова абгрунтаваныя і звязаныя з прагрэсам у галіне захавання біяразнастайнасці.

Вядома таксама, што ініцыятыву актыўна лабіяваў Ігар Шуневіч – былы кіраўнік МУС, цяпер – кіраўнік Таварыства паляўнічых і рыбаловаў, які прапаноўваў выключыць з кнігі мядзведзяў і зуброў, матывуючы гэта іх небяспекай, але навукоўцы з гэтым не згодныя. Паводле эколага Паліны Бурко, за такой прапановай магло стаяць жаданне зарабіць, бо паляванне на зуброў для замежнікаў каштавала на той час да 22 тысяч рублёў.

У той жа час нагадаем, што ў чэрвені 2025 года было шмат паведамленняў пра актывізацыю мядзведзяў на Гарадзеншчыне. Пра гэта папярэджвала Міністэрства лясной гаспадаркі. Эколагі звязваюць гэта з высяканнем лясоў: мядзведзі вымушаныя шукаць сабе ежу і новае месца.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10