У непрызнаным Прыднястроўі працягваюць працу толькі прадпрыемствы, дзе вырабляюць харчы. Астатнія спыніліся праз адсутнасць газу. Улады рэгіёну папярэджваюць пра незваротныя змены ў выпадку, калі сыравіны не будзе доўга: прадпрыемствы проста не здолеюць аднавіць працу.
«Крызіс носіць настолькі цяжкі характар, што няма патрэбы пералічваць, якія прадпрыемствы спыніліся. Стаяць усе прамысловыя прадпрыемствы, за выняткам толькі тых, што прадукуюць харчы. Для іншых прадпрыемстваў, для прамысловага сектару няма энергетычнага рэсурсу», – заявіў кіраўнік Мінэканомразвіцця непрызнанага Прыднястроўя Сяргей Абалонік выданню «Новости Приднестровья».
Праз адсутнасць газу ў жылых дамах няма ацяплення, гарачай вады і ўласна газу. Цяпер улады рэгіёну назіраюць за тым, як жыхары павялічваюць спажыванне электраэнергіі. Праз некалькі дзён стане ясна, колькі электрычнасці патрабуе насельніцтва, тады, імаверна, штосьці вылучаць і для прамысловасці, сказаў чыноўнік:
,,«Што датычыць прамысловасці, то, паўтаруся, праблема носіць настолькі глабальны характар, што пры доўгім неўрэгуляванні мы атрымаем незваротныя змены, то бок прадпрыемствы страцяць магчымасці да запуску».
Расейскі газ называюць асноваю для эканомікі непрызнанага Прыднястроўя. Фактычна рэгіён атрымліваў паліва бясплатна: забіраў з транзітнай трубы. Рахункі за спажытую там сыравіну «Газпром» выстаўляў Малдове. Пры гэтым самыя спажыўцы ў Прыднястроўі за газ спраўна плацілі – гэта істотная частка прыбытку мясцовага бюджэту.
Палітолаг з Прыднястроўя Мікалай Кузьмін у каментары «Белсату» канстатаваў, што ўлады рэгіёну ўскладаюць адказнасць на ўсіх навокал:
«Лідар рэгіёну Вадзім Краснасельскі казаў пра тое, што адказнасць ляжыць і на Еўропе, і на Малдове, і на Расеі, і на Украіне. У апошнім сваім звароце ён сказаў, што Прыднястроўе аказалася закладнікам сітуацыі, то бок наўпроставых абвінавачванняў не было. Ён таксама заклікаў не канцэнтравацца на прычынах і неяк даць рады з наступствамі».
Пры гэтым жыхары Прыднястроўя вінавацяць у тым ліку ўлады рэгіёну:
,,«Людзі не заглыбляюцца ў тонкасці, яны не спрабуюць разумець заканчэння транзітнага кантракту паміж Расеяй і Украінай або юрыдычныя тонкасці ўзаемінаў „Moldovagaz“ і „Газпрома“ ў пытанні запазычанасці. Людзі вінавацяць, натуральна, тых, хто бліжэй. Пад раздачу трапляюць і прыднястроўскія ўлады».
Без расейскага газу рэгіён проста не вытрымае, папярэджвае аналітык:
«Для Прыднястроўя бясплатны газ – надзвычай важная штука. Людзі плацілі за газ, аднак Прыднястроўе за яго не плаціла. І гэтыя грошы таксама сілкуюць бюджэт рэгіёну. Калі не будзе гэтага сілкавання, то бюджэт зазнае вельмі буйныя праблемы».
Кузьмін пры гэтым не выключае, што Малдова ў гэтай сітуацыі паспрабуе актывізаваць рэінтэграцыю непрызнанай рэспублікі, хаця пакуль аніякіх прыкметаў не бачыць:
,,«Прыднястроўе аказалася ў становішчы, вельмі выгадным Малдове. Аднак пры гэтым нейкага руху, нейкай актывізацыі рэінтэграцыі я не бачу ані ў Малдове, ані ў Прыднястроўі. Прыднястроўе – у такім становішчы, што пры ўзмацненні крызісу будзе вымушанае пагаджацца на нейкія аднабаковыя дзеянні Малдовы».
Кішынэў мае і іншыя рычагі, можа абысціся без залішняга ціску, канстатуе суразмоўца «Белсату»: «Малдова можа зладзіць якую-кольвек PR-акцыю для прыднястроўцаў, надаць дапамогу».
З іншага боку, мяркуе Кузьмін, ва ўмовах гуманітарнай катастрофы, што набліжаецца, сілаю рэінтэграваць рэгіён будзе не зусім этычна:
«Калі сітуацыя будзе зусім сумная, то не ўсё можна будзе выгандляваць у такім дыялогу. Існуюць нейкія маральныя абмежавальнікі».
Сцяпан Кубік belsat.eu