Са снежня 2023 года сядзіба Беларускага дому на вуліцы Крынічнай у Варшаве застаецца без дзяржаўнага фінансавання, неабходнага для ўтрымання будынку і прылеглай тэрыторыі. У 2025-м Беларускі дом ужо шосты месяц жыве ў доўг. «Усе кірункі дзейнасці пакуль існуюць і арганізацыя функцыянуе, але гэта не значыць, што так будзе працягвацца надалей», – кажа кіраўнік Алесь Зарэмбюк. У размове з «Белсатам» ён апавядае, дзе шукае сродкі на аплату рахункаў, і ці магчыма такое, што беларусы назаўжды страцяць вілу Ротштэйнаў.
Са старшынём фонду «Беларускі дом у Варшаве» Алесем Зарэмбюком размаўляем на фоне трох сцягоў – бел-чырвона-белага беларускага, сіняга палотнішча Еўразвязу і польскага дзяржаўнага сцяга – у адным з памяшканняў сядзібы арганізацыі на Крынічнай 6. Гаспадар частуе нас духмяным амерыкана і гасцінна ўсміхаецца. Пакуль дзелімся ўражаннямі аб прэзідэнцкай кампаніі ў Польшчы (зразумела, у беларускім кантэксце), пад нагамі майго калегі-фатографа парыпвае паркет. Кіраўнік фонду ўважліва падбірае словы і на самым пачатку гаворыць пра «змену палітычных трэндаў і настрояў у польскім грамадстве».
Беларускі дом у Варшаве. Сітуацыя крытычная?
Алесь Зарэмбюк: – Такія сітуацыі, як знікненне Анжалікі Мельнікавай ці пашпарт прыкрыцця, выяўлены нядаўна ў так званага беларускага фатографа ў Варшаве, ды шэраг іншых гісторыяў ніяк не спрыяюць пазітыўнаму ўспрыманню нас як супольнасці беларусаў у польскім грамадстве. Як не спрыяюць і лукашэнкаўскія гібрыдныя аперацыі на беларуска-польскай мяжы або катаванні Анджэя Пачобута, Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязняў.
,,Мы ж чуем, што ў медыях польскія эксперты, апавядаючы пра гэта, ужываюць спалучэнне «беларускі рэжым», а не «лукашэнкаўскі рэжым». Хоць мы разумеем, што большасць нашага грамадства пяць гадоў таму была дакладна супраць дыктатуры і што дыктатар не ёсць легітымным прадстаўніком беларускага народу.
Зрэшты, аж з 1996 года… Але ж гэта не змяняе рэчаіснасці: Аляксандр Лукашэнка працягвае кіраваць беларускаю дзяржавай як самапрызначаны манарх, усё функцыянуе з ягоных загадаў, і гэта таксама не спрыяе нам, беларусам, і тут у Польшчы, і тым больш – у Беларусі. Кажу пра зачыненыя памежныя пераходы і візавыя праблемы для ўезду беларусаў у аб’яднаную Еўропу.
А лукашэнкаўскай агентуры, я думаю, у Польшчы процьма. Не маю доказаў, апрача апублікаваных у СМІ фактаў. Але, як падаецца, тут нашмат больш розных «фатографаў» ды іншых да канца не высветленых сітуацыяў, якія могуць нам дацца ў знакі. Апошнія гады мы шматкроць чулі пра тое, што Беларускі дом – закрытая арганізацыя.

«Белсат»: – Але ж да вас сапраўды цяжка прабіцца. Брамы зачыненыя, званка я не знайшоў. Каб папярэдне не спісаліся, мы б да вас не трапілі.
– Ну вось. Да нас нельга проста так увайсці, папярэдне не дамовіўшыся, не патэлефанаваўшы. Нумар, дарэчы, пазначаны тоўстым шрыфтам на ўваходнай брамцы. Такі рэжым функцыянавання звязаны найперш з унутранаю бяспекаю Беларускага дому і з фільтрацыяй агентаў і правакатараў.
У 2021 і 2022 гадах былі некалькі сур’ёзных спробаў узламаць маю электронную пошту і і-мэйлы іншых работнікаў. Дзякаваць Богу, ім не ўдалося. Супраць нас чыніліся розныя правакацыі. І мы не зусім гатовыя адкрыць усе дзверы, каб сюды без адпаведнай праверкі заходзіў кожны хто хоча. Парадак павінен быць. Як я ўжо і казаў, дзеля бяспекі. У нас правіла: адразу правяраем чалавека, ці не мае ён, напрыклад, пашпарта прыкрыцця. Правяраем у тым ліку журналістаў.
– Мяне праверылі?
– Зразумела ж (смяецца). Заўжды варта правяраць... Мне часам кажуць, што я параноік. Але, ведаеце, у нашай сітуацыі лепш быць параноікам. У нас тут камеры вісяць, і мы бачым: час ад часу ідуць нейкія дзіўныя людзі побач з будынкам – робяць нетыповыя здымкі. Ёсць такое. Прычым пастаянна. Здавалася б, навошта такая пільнасць. Але ў выніку ў нас ніколі не было онлайн-эфіраў з начальнікам следчага ўпраўлення КДБ Бычакам і ніхто з нашай каманды не знікаў у Лондане. Таму нашая стратэгія апраўдвае сябе. Мы маем дачыненне з крывавым рэжымам, таму павінны трымацца пратаколаў бяспекі на самым сурʼёзным узроўні.

– У 2023 годзе каля будынку стаялі людзі з зялёна-чырвонымі сцягамі і заклікалі польскія ўлады закрыць Беларускі дом у Варшаве, а вас і Латушку – дэпартаваць у Беларусь. У пачатку 2024-га вы апавялі медыям, што фонд перастаў атрымліваць дапамогу ў фінансаванні з боку польскай дзяржавы. У 2025 годзе журналіст Ігар Кулей апублікаваў допіс, у якім перасцярог, што гэты будынак «з касмічным патэнцыялам заўтра могуць забраць». Атрымліваецца, тыя людзі з зялёна-чырвонымі сцягамі амаль што дамагліся свайго?
– Як бачыце – не. Беларускі дом актыўна функцыянуе і не збаўляе тэмпаў. Але гэта не значыць, што яно так будзе працягвацца і надалей. Зразумела, што часы і агульная сітуацыя змяняюцца. Але мы ўжо 19-ы месяц не маем сродкаў на функцыянаванне гэтага будынку. І дасюль не ведаем, чаму так атрымліваецца…
Раней тут, на першым паверсе, быў цэнтр гуманітарнай дапамогі палку імя Каліноўскага. Я часам чую закіды, што тут усё для грантаў і за гранты. Ведаеце, калі б усё было «за гранты і для грантаў», то цэнтру падтрымання ПКК тут не было б ніколі. Ды і Беларускага дому не было б. Мы адзіная арганізацыя, якая перажыла амаль без фінансавання няпростыя 2017–2020 гады.
Функцыянаванне цэнтру падтрымання палка Каліноўскага адштурхоўвае спонсарскія інстытуцыі, ніхто не хоча рызыкаваць і фінансаваць такую дзейнасць, хоць яна вельмі актуальная і неабходная. І донарам цяжка патлумачыць, што такі цэнтр займаецца не мілітарнаю дзейнасцю, а гуманітарнаю. Гэта кардынальна розныя рэчы. Тым не менш людзі не любяць паглыбляцца ў дэталі – усё або чорнае, або белае. Як на польскіх выбарах, з якіх мы пачалі: вайна страхаў. Але гэта не нашая справа. Нашая справа – гэта незалежнасць і дыктатура ў Беларусі, палітвязні ў Беларусі і беларускія ініцыятывы, падтрыманне падпольных НДА ў краіне і прафесіяналізацыя беларускай блогасферы. Бо калі перамены адбудуцца, то адбудуцца яны, я перакананы, не ў Вільні і не ў Варшаве, не ў Бруселі, а ў Горадні, Гомлі, Стоўбцах, Мастах, Кобрыне і іншых беларускіх гарадах.

Ці беларуская супольнасць у стане ўтрымаць будынак Беларускага дому
– Алесю, вы кажаце пра «сродкі на функцыянаванне будынку». Ці можна ўдакладніць, на што канкрэтна гэтыя сродкі меліся быць прызначаныя?
– Гэта сродкі на аплату камунальных паслуг: ацяпленне, вада, электраэнергія, вываз смецця. Плюс гадавая страхоўка, бо будынак нятанны, і гадавы падатак. Пра гэтыя рэчы кажам. Да снежня 2023-га выдаткі фінансаваліся з бюджэту польскага МЗС. Гэтак павінна было дзеяць і ў мінулым годзе, але ў верасні 2024-га нас паінфармавалі, што, на жаль, прынята адмоўнае рашэнне.
– З якой прычыны?
– Прычынаў не тлумачылі. Але я не хачу, каб гэта прагучала так, што мы тут скардзімся на «дрэнную Польшчу».
,,Наадварот, хачу зазначыць, што Польшча – краіна, якая найбольш дапамагае беларусам, нягледзячы на ўсе праблемы, якія мы маем цяпер. Так, няма візаў для актывістаў у Беларусі, рашэнні аб міжнароднай ахове сталі выдаваць павольней, але зразумела чаму: палякі больш глыбока правяраюць людзей, каб сюды не пранікла лукашэнкаўская агентура… Але Польшча была, ёсць і, я спадзяюся, будзе галоўным партнёрам дэмакратычнай Беларусі. Без падтрымання Польшчы цяжка будзе вырваць Беларусь з кіпцюроў расейскага арла.
Проста, магчыма, дзесьці, на нейкім этапе нехта з чыноўнікаў прыняў такое рашэнне, паклаў, можа быць, такі дакумент на стол свайму кіраўніцтву. А можа быць, проста вырашылі: добра, мы далі ім будынак, а зараз паглядзім, ці беларуская супольнасць у стане будзе яго ўтрымаць.
– Беларуская супольнасць у стане яго ўтрымаць? Пра якую суму вядзецца?
– Мінулы год мы закрылі. Было некалькі варыянтаў, але мы яго закрылі за кошт донарскай дапамогі. Не, не польскай. Скажам так, заходняй. Гэта таксама паказвае, што дэмакратычная і незалежная Беларусь цікавая не толькі Польшчы, але і іншым краінам Захаду.
– А што ў гэтым годзе?
– У гэтым ужо шосты месяц жывём у доўг. Дарэчы, што датычыць допісу Ігара Кулея, то мы сустрэліся яшчэ да публікацыі тэксту, і я яму апавёў пра сітуацыю. Мы проста дзяліліся ідэямі, як можна манетызаваць частку будынку, каб захаваць яго для беларускіх арганізацыяў, ініцыятываў, падтрымання палітычных вязняў, імпрэзаў, курсаў – усяго таго, што тут робіцца…
– Перабʼю, выбачайце. Усё ж якая сума неабходная для аплаты штомесячных рахункаў?
– Каля 15 тысячаў злотых [больш за 3500 еўраў. – Заўвага рэд.] за месяц. Улетку менш, узімку больш. Але ў сярэднім прыкладна столькі выходзіць.
Ці могуць забраць сядзібу Беларускага дому на Крынічнай 6
– Вы кажаце, што 5 месяцаў ужо не плацілі. Будынак сапраўды могуць «заўтра забраць», як піша Кулей?
– Пазыка ёсць. Калі хтосьці не плаціць па рахунках, то раней ці пазней да яго прыходзяць адпаведныя людзі і кажуць: або вы плаціце, або мы апячатваем усё і будзем думаць, што рабіць з будынкам далей. Але пакуль што гэта не той варыянт. Допіс Ігара Кулея дапамог нам актуалізаваць праблему, бо да гэтага мы асабліва нікому пра гэта не казалі, каб не сеяць панікі. Пасля публікацыі атрымалі вельмі шмат пазітыўных прыватных каментароў і сігналаў пра магчымую падтрымку, калі раптам што. Можна, зразумела, задаць пытанне: чаму не абвясцілі збор сярод беларусаў, калі такая сітуацыя?..
– Праўда: чаму?
– Ведаеце, збор можна было абвясціць без усякіх праблемаў. Мы маем цудоўны і даволі паспяховы досвед і збіралі вельмі сурʼёзныя грошы. Можна зрабіць гэта ў тым ліку не толькі сярод беларускай супольнасці, але падключыць і польскае грамадства, якое заўжды было салідарнае з намі. Але мы вырашылі, што… Зараз растлумачу.
Мы штодзень працуем з палітвязнямі. Трэці год запар рэалізуем супольна з чэшскім урадам і пяць мінулых гадоў супольна з польскім МЗС праект падтрымкі палітвязняў. У асноўным – фінансавай, але ёсць і іншыя кірункі: курсы польскай мовы, юрыдычныя кансультацыі, псіхалагічная і інтэграцыйная падтрымка, шматкірункавая праца з дзеткамі рэпрэсаваных. І я перакананы, што грошы найперш трэба збіраць для людзей, якія за беларускую свабоду, дэмакратыю, незалежнасць правялі ў пакутах два, тры, чатыры ці больш гадоў. У тым ліку жанчыны, дзяўчаты. Вы ж былі ў нас на мінулым тыдні на прэс-канферэнцыі з палітвязнямі і чулі, пра якія жахі яны апавядаюць… І таму ў такія моманты абвяшчаць збор на будынак было б неяк нават не зусім этычна, я думаю. Пойдзем на гэта толькі ў скрайнім выпадку.

«Трэба думаць, як можна зарабляць самім»
– Ці звярталіся па дапамогу да Святланы Ціханоўскай, якая ў 2020 годзе якраз і атрымлівала з рук тагачаснага польскага прэм'ера Матэўша Маравецкага ключы ад будынку?
– Мы ўдзячныя за падтрыманне Офісу Святланы Ціханоўскай. Спадарыня Святлана выступала падчас імпрэзаў у Беларускім доме шмат разоў, і з Кабінету нам адразу патэлефанавалі пасля публікацыі Кулея. Званіў Аляксандр Дабравольскі. Пасля Франак Вячорка зладзіў сустрэчу ў Варшаве з прадстаўнікамі беларускіх НДА. Мы абмяркоўвалі варыянты развіцця падзеяў. З боку Офісу Святланы Ціханоўскай ёсць разуменне, што такія арганізацыі і пляцоўкі павінны існаваць, развівацца і функцыянаваць.
На жаль, мы ўжо маем шэраг арганізацыяў, якія страцілі будынкі, дзе размяшчаліся. Як прыклад – «Free Belarus Center». Ёсць агульнае разуменне, што сітуацыя для беларускай супольнасці будзе пагаршацца. Маю на ўвазе скарачэнне заходняга фінансавання. Таму нам трэба думаць, як можна зарабляць самім – праз адукацыю, праз курсы і гэтак далей.
У гэтым плане досвед Беларускага дому станоўчы.
,,Мы адзіная беларуская арганізацыя ў выгнанні, якая пасля 2010-га перажыла ўсе складаныя часы і функцыянуе ўжо амаль 15 гадоў, з верасня 2011-га. Мы вытрымалі дзякуючы валанцёрам, дзякуючы працы «pro publico bono» [дзейнасць дзеля грамадскага дабра. – Заўвага рэд.] і дзякуючы таму, што маем беларускі стрыжань, мацнейшы за ўсё іншае.
З 2017-га да 2020 года мы перажывалі цяжкі час, кожны год былі фактычна на мяжы закрыцця. Гэта я да таго, што сёння трэба рыхтавацца ў тым ліку і да такога часу. Ведаеце, беларуская справа жыла і будзе жыць, пакуль мы будзем актыўныя, працавітыя і скаардынаваныя. Пакуль будзем дзеяць, нягледзячы на тое, што нам пастаянна ставяць палкі ў калёсы і спрабуюць пасварыць нас. Але ж мы маем ужо тоўстую скуру на гэта.
– Прагучала слова «манетызацыя» і тэза пра неабходнасць зарабляць самім. Калі гаворым пра Беларускі дом, то ці ёсць нейкія ідэі?
– Ёсць ідэі, паглядзім, ці яны рэалізуюцца. Разглядаем варыянты, каб прыцягнуць сюды нейкія іншыя грамадскія структуры, бізнес. Думаем над рознымі варыянтамі. Магчыма, камусьці спадабаецца нашая цудоўная пляцоўка каля будынку – для правядзення захадаў. Тут спакойна, ёсць паркінг. Магчыма, камусьці трэба зладзіць бізнес-трэнінг у закрытым памяшканні з выкарыстаннем нашай інфраструктуры. Я кажу найперш пра арганізацыі і фірмы. Гэта можа быць беларускі бізнес, можа быць польскі ці французскі, італьянскі ці нямецкі. Але за грошы, якія мы ад іх атрымаем, мы маглі б утрымліваць гэты будынак і працягваць грамадскую дзейнасць для дэмакратычнай Беларусі.
Вы ў суботу ці нядзелю сюды не зойдзеце, бо тут дзеткі займаюцца ў кожным кутку і на кожным паверсе. І вось у гэтым нуль манетызацыі. Мы так уладкаваныя і пабудаваныя: немагчыма нават уявіць, каб мы бралі грошы з бацькоў рэпрэсаваных, якія апынуліся на чужыне не з уласнай волі, за тое, што іхныя дзеткі прыходзяць сюды на тэатральныя, кулінарныя, танцавальныя ці іншыя адукацыйныя заняткі.

«Шукаем варыянты. Заклікаю найперш падтрымліваць палітвязняў»
– Памяшканні, у якіх раней размяшчаўся Цэнтр гуманітарнай дапамогі палку Каліноўскага, таксама не пустуюць?
– Не, не пустуюць. У адным з пакояў здымаюць відэа. У іншых праводзяцца імпрэзы на 10–20 асобаў, ёсць беларуская бібліятэка. Усё працуе. Што да цэнтру, то ён працаваў тут да чэрвеня 2024 года. Мы былі вымушаныя закрыць яго, бо мелі перасцярогі, што яго функцыянаванне будзе перашкодаю для фінансавання ўсяго будынку. На жаль, закрыццё не дапамагло. Але ж і канкрэтнага адказу, ці гэта было прычынай, каб спыніць фінансаванне будынку на Крынічнай 6, мы не маем…
– А былі сігналы з польскага боку?
– Не, гэта, хутчэй, былі чуткі і інфармацыя ад зычліўцаў, што цэнтр можа ўспрымацца негатыўна. Але, ведаеце, у гэтым цэнтры была і амбасадарка ЗША ў Беларусі, і папярэдняя амбасадарка Канады ў Польшчы і Беларусі, іншыя прадстаўнікі дыпламатычных місіяў… Мы даўно займаемся грамадскаю дзейнасцю і ведаем, што гуманітарныя рэчы, нават звязаныя з вайною, як шаломы, камізэлькі, медычнае абсталяванне, машыны, усё адно будуць гуляць супраць нас, бо будуць успрымацца як мілітарныя. Але тым не менш мы гэта рабілі і абсалютна не шкадуем, што тут быў цэнтр гуманітарнай падтрымкі ПКК. Там унізе, на першым паверсе. Я пакажу…
– Цікава будзе пабачыць, але віла Ротштэйнаў, у якой размяшчаецца Беларускі дом, мае каля 600 квадратных метраў…
– Так, каля 600, троху менш. З улікам кацельні ўнізе, якая займае дастаткова вялікую плошчу. Вы хіба заўважылі: будынак выглядае даволі масіўным звонку, але ўсярэдзіне выклікае ўражанне кампактнага. Мы цяпер у пакоі для перамоваў на другім паверсе, тут яшчэ агульная зала і кухня. На першым паверсе – 5 пакояў і кацельня. На трэцім паверсе таксама пяць пакояў, невялікі склад, гаўбец і тэраса.
Будынак гэты – помнік архітэктуры, гістарычна-культурная каштоўнасць. Тут шмат аўтэнтычных рэчаў, якія захаваліся з перадваеннага часу (1938). Калі ў 2020 годзе будынак перадалі нам, быў план зрабіць сур'ёзны грамадскі і культурніцкі беларускі цэнтр, прыстасаваны да патрэбаў людзей з інваліднасцю. На жаль, праект не быў зрэалізаваны – пачалася вайна ва Украіне. Нам нават казалі: чакайце, не засяляйцеся, зробім генеральны рамонт – тады ўедзеце. Але я думаю, добра, што мы адразу сюды прыехалі і пачалі дзеяць. Інакш магло быць запозна…
– Вы сказалі, што не будзеце пакуль абвяшчаць збору. Якім чынам беларуская супольнасць у эміграцыі можа падтрымаць Беларускі дом у Варшаве?
– Я думаю, мы будзем шукаць варыянты, каб захаваць Беларускі дом без фінансавай падтрымкі беларускай супольнасці. Але я заклікаю ўсіх падтрымліваць палітычных вязняў і іхныя семʼі. Гэта сёння для нас прыярытэт. Гэтых людзей трэба падтрымаць і зрабіць усё магчымае, каб яны сталі на ногі ў тых краінах, куды вымушаныя былі выехаць пасля турмы, і тым больш падтрымаць тых, хто цяпер у турмах. Перадаваць грошы іхным сем’ям.
Але калі сітуацыя будзе крытычнай ці вельмі крытычнай, я думаю, мы абвесцім збор на нейкай міжнароднай ці польскай краўдфандынгавай платформе, каб да гэтага далучыліся не толькі беларусы, але і ўсе тыя, для каго важна, каб Беларусь, беларуская справа і Беларускі дом працягвалі жыць. Бо нават калі заўтра падзе лукашызм, у што я, на вялікі жаль, не веру, такая інстытуцыя, як Беларускі дом, будзе ўсё роўна дэмакратычнай беларускай дзяржаве тут патрэбная. Каб пераймаць заходні досвед, каб будаваць масты паміж Еўразвязам, Польшчай, нашымі іншымі еўрапейскімі суседзямі і больш далёкімі краінамі ЕЗ – Францыяй, Швецыяй, Нідэрландамі, Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй. Каб Беларусь была сапраўды еўрапейскай і незалежнай. Не сярэднявечнаю краінаю «русского мира», а еўрапейскай, незалежнай, сучаснай і мадэрнаю дзяржаваю.
– Беларускі дом працягвае жыць, кажаце. І будзе жыць на Крынічнай 6 у Варшаве яшчэ колькі гадоў?
– Столькі, колькі гэта будзе патрэбна Беларусі. Калі нам перадавалі будынак, ішлося пра 15 гадоў, гэта значыць, да сярэдзіны 2030-х мы плануем працаваць адсюль.
– Ставім кропку, дзякуем!
Зміцер Міраш belsat.eu