Рэпартаж

«Не губляйце веры, не губляйце надзеі!» Беларусы Варшавы зладзілі святочнае шэсце напярэдадні Дня Волі

Беларусы ў Варшаве выйшлі на акцыю з нагоды святкавання Дня Волі
Беларусы ў Варшаве выйшлі на акцыю з нагоды святкавання Дня Волі. Варшава, Польшча. 23 сакавіка 2025 года.Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Каля тысячы беларусаў пранеслі 23 сакавіка цэнтральнымі вуліцамі Варшавы 330-метровы бел-чырвона-белы сцяг падчас шэсця, прымеркаванага да Дня Волі. «Я перакананы, што неўзабаве мы пранясём гэты сцяг галоўным праспектам беларускай сталіцы», – казаў падчас мітынгу палітык Павел Латушка. «Белсат» узяў удзел у маршы. 

Святкаванне Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Навошта патрэбны Дзень Волі? Сем размоваў з беларусамі

Гісторыі

«Калі мы ішлі сёння вуліцамі польскай сталіцы і неслі больш чым 300-метровы нацыянальны сцяг, камусьці можа падалося, што гэта цяжкая ноша. Але гэта не тая ноша, якую ўзялі на сябе нашыя продкі – паўстанцы Кастуся Каліноўскага, айцы-заснавальнікі БНР ці тыя, хто яшчэ ў 1980-х выходзіў на акцыі, каб змагацца за незалежную Беларусі. Калі мы неслі гэта сцяг, мне падумалася, і я перакананы ў гэтым, што неўзабаве мы пранясём гэты сцяг галоўным праспектам і беларускай сталіцы», – казаў ужо на Замкавай плошчы намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Удзельнікі шэсця, прысвечанага Дню Волі, прайшлі варшаўскімі вуліцамі Новы свет і Кракаўскае прадмесце прыблізна 2,5 км. Паводле сёлетняй традыцыі марш стартаваў на плошчы Трох крыжоў, дзе перад касцёлам святога Аляксандра адбыўся мітынг.

«Беларусы, не згубіце сваіх крылаў!»


У Варшаве сонечна (плюс 12), але ветрана. Вецер – сябра сцягоў і вораг мікрафонаў. Але словаў на вецер у гэты дзень ніхто кідаць не збіраецца. Мікрафоны даюць сабе рады – усім добра чуваць прамоўцаў. Вядоўца імпрэзы Вітаўт Сіўчык (разам з ім працуе журналістка Марына Савіцкая) заўважае, што ветру баяцца не варта – «гэта вецер свабоды».

«Ну так. Баяцца трэба іншага, вецер – дробязь», – кажа на гэта чалавек у чорнай балаклаве, які стаіць побач з намі і трымае вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Большая частка тых, хто сабраўся на плошчы, хавае свае твары за маскамі і капюшонамі, хтосьці прыйшоў у сонцаахоўных акулярах.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Слова бярэ каталіцкі святар Вячаслаў Барок. Ён кажа пра Дзень Волі як пра галоўнае для нас свята, «свята для тых, хто цэніць свабоду і любіць свабоду».

«Шаноўныя беларусы, мне вельмі прыемна быць сярод вас. Вашая прысутнасць сведчыць таксама аб тым, што ў вашых сэрцах няма страху. І гэта нягледзячы на тое, што ў дзяржбяспекі злачыннай сістэмы Беларусі куды больш супрацоўнікаў, чым нас тут. Але гэта няважна. Важна тое, што мы тут ёсць. Мы, беларусы, ёсць!» – прамаўляе ксёндз Вячаслаў Барок.

Святар гаворыць пра тое, што «шлях змагання за вольную Беларусь прасякнуты крывёю», і беларусы павінныя захоўваць памяць пра пакутнікаў і змагароў. І заставацца беларусамі нават у эміграцыі – размаўляць на матчынай мове. Не станавіцца ні рускімі, ні палякамі.

,,

«Беларусы, не згубіце сваіх крылаў! Няхай баяцца тыя, хто выбраў цёмны бок, а мы выбралі бок дабра, бок святла. І за намі – перамога!» – заклікае святар.


«Рана ці позна, нялюдскі рэжым Лукашэнкі сканае»


Непадалёку заўважаем пару маладых людзей, якія трымаюць у руках плакат з біблейскай цытатай «Той, хто чыніць беззаконне, не ўспадкуе царства Божага» і заклікам да Лукашэнкі пакаяцца. Так і напісана: «Лукашэнка, пакайся!». Такое магчыма ўвогуле? Каб пакаяўся?

«Тое, што немагчыма чалавеку, магчыма Богу. Нашая задача – данесці да яго, то бок да Лукашэнкі, што ягоны канец усё-такі блізкі. І ён як прыйшоў на гэты свет голы, так і сыдзе адсюль голым. Усе свае палацы і золата пакіне тут, на зямлі. І што будзе потым? Таму заклікаем яго пакаяцца перад Хрыстом…» – адказвае нам малады чалавек з плакатам у руках.

«Яны прыкрываюцца Богам і кажуць, што знаходзяцца пад божай абаронай, але гэта не так. Насамрэч яны дыскрэдытуюць Хрыста», – дадае дзяўчына, якая стаіць побач з хлопцам.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Між тым прысутныя вітаюць гучнымі воплескамі легенду польскай Салідарнасці і былога палітвязня журналіста Адама Міхніка. Падчас выступу той цытуе польскага пісьменніка і кінарэжысёра Тадэвуша Канвіцкага, які назваў аднойчы Беларусь Добраруссю, бо гэта краіна «добрых людзей».

«Сёння Беларусь вярнула сваю тоеснасць. І ніхто на свеце ўжо не скажа, што Беларусь – гэта Лукашэнка. Усе ведаюць, што Беларусь – гэта вольнасць, годнасць, гонар уласнай традыцыяй і памкненнем да свабоды», – кажа Адам Міхнік.

«Рана ці позна, гэты нялюдскі рэжым Лукашэнкі сканае, так як сканаў рэжым дыктатуры ў Сірыі, так, як заўжды канаюць дыктатуры – пад ціскам чалавечай свабоды і годнасці», – дадае выступоўца.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Кожны з нас і ёсць Беларусь»


Перад выступоўцамі развяваюцца бел-чырвона-белыя сцягі. Вецер. Хтосьці ўздымае сцяг колераў вясёлкі. Там-сям – украінская сімволіка. Падыходзім да жанчыны з жоўта-блакітным сцягам. І – абдымаемся. Гэта – украінка Валерыя Сігова, жонка беларускага актора Ігара Сігова. Ігар – побач, усміхаецца нам.

«Ой, Украіне сёння вельмі трэба падтрыманне, як і беларусам. І вельмі важна, каб мы зараз падтрымлівалі адзін аднаго. Трэба паказаць, што мы не адны ў нашай барацьбе, што мы – разам. А калі мы разам – мы сіла! Таму нельга здавацца!» – дзеліцца думкамі Валерыя.

Між тым, выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету Беларусі
Павел Баркоўскі называе сабраных на плошчы «сапраўднымі героямі» (бо не пабаяліся запалохванняў «сілавікоў» і прыйшлі адзначыць свята).

Павел Баркоўскі выступае ля мікрафону на святкаванні Дня Волі. Фота: Белсат
Павел Баркоўскі выступае ля мікрафону на святкаванні Дня Волі. Фота: Белсат

«Нашыя высілкі, высілкі кожнага з нас маюць плён, маюць значэнне. І фактычна кожны з нас і ёсць Беларусь, кожны з нас робіць і стварае зараз Беларусь», – гаворыць Павел Баркоўскі і заклікае ўдзельнікаў падхапіць 330-метровы сцяг і пачаць шэсце.


«Любіце беларускае!»


Падчас руху гучаць традыцыйныя лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Слава Украіне!», «Свабоду палітвязням!», «Верым, можам, пераможам!», «Менск, Варшава – агульная справа». Рэй у галаве калоны вядзе маленькая Наста – дачка былой палітзняволенай Антаніны Канавалавай, якая першая выкрыквае слоганы. Калона падхоплівае.

Марш агучваюць дудары з гурту «Паўталера» (на Замкавай плошчы яны дадуць канцэрт) і музыкі з праекту
Аляксея Шкурапацкага.

Крочым ужо па Кракаўскім прадмесці, побач – польскі паліцыянт. Раптам яго спыняе бабуля, пытаецца па-польску: «А што ж тут такое дзеецца?». «Гэта нейкае свята беларускае, вызваленне Беларусі, напэўна», – адказвае службовец. «Можа, і мае рацыю, – думаем мы. – Вызваленне. Ці шлях да яго…».

Мінакі спыняюцца і робяць сэлфі з БЧБ-калонай на тле.

Некаторыя плакаты таксама зробленыя па-польску. Чытаем з аднаго: «У Беларусі палітычныя вязні сталіся нявольнікамі». Жанчына, якая нясе плакат, гутарыць са сваім спадарожнікам па-польску. Мужчына трымае ў руках плакат з надпісам: «Лукашэнка – цыганскі заяц». Людзі чытаюць і смяюцца.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Беларуска нясе невялікі плакат з надпісам «Кахайце беларускае!». Гэта беларуская рэжысёрка і незалежная квір-актывістка Паша Джэжора.

«Заклікаю кахаць беларускае, бо ў эміграцыі некаторыя абіраюць кахаць і любіць нешта іншае і чужое, таму што на радзіму немагчыма прыехаць. Але лічу нам трэба працягваць кахаць адзін аднаго, любіць адзін аднаго і змагацца за сваю краіну. Бо нянавісць мінае», – пасміхаецца дзяўчына.


«Не давайце ім забывацца!»


Пад самым каралеўскім палацам на Замкавай плошчы беларусы ў намёце пякуць дранікі і частуюць удзельнікаў шэсця. Гэта – нешта новае. Водар дому і радзімы ў самым сэрцы Варшавы. У многіх, не толькі ў беларусаў, цякуць слінкі.

Перад сабранымі на Замкавай плошчы выступае сябра Рады БНР
Аляксей Дзікавіцкі. Заклікае удзельнікаў паглядзець на сябе, навокал і на мора сцягоў.

«І скажыце: ну хто можа скрасці ў нас нашае нацыянальнае свята? Хто можа скрасці у нас нашыя сімвалы? Хто можа? Ды проста ніхто! Ніхто не можа забраць у нас нашую надзею і веру! Нашую мару», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

Аляксей Дзікавіцкі прамаўляе ля мікрафону на святкаванні Дня Волі. Фота: Белсат
Аляксей Дзікавіцкі прамаўляе ля мікрафону на святкаванні Дня Волі. Фота: Белсат

Ён агучвае таксама зварот і віншаванні старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

«Абавязкам кожнага беларуса ёсць сёння зберагчы незалежнасць краіны. Нягледзячы на падзеі 2020 года і нашую дзейнасць, сусветныя СМІ ўсё часцей забываюць пра нашае існаванне. Дарагія мае суродзічы, не давайце ім забывацца!.. Прыйшоў час адчуць, як ніколі, нашую прыналежнасць да нашай зямлі і наш абавязак» – заклікае Івонка Сурвіла ў звароце да беларусаў.

Кропку ў імпрэзе ставіць палітык Павел Латушка, пачатак прамовы якога мы ўжо цытавалі на пачатку тэксту. Напрыканцы мітынгу Латушка звяртаецца да беларусаў у Беларусі.

«Я хацеў бы звярнуцца да беларусаў у Беларусі. Не губляйце веры, не губляйце надзеі! 25 сакавіка накрыйце белым абрусам ваш стол, пакладзіце беларускі ручнік, купіце беларускія кветкі або проста пакладзіце руку на сэрца і скажыце: «Жыве Беларусь!». Можа, нават не ў голас, а пра сябе. Скажыце! Бо яна жыве! Жыве ў маім сэрцы, і я бачу, што яна жыве ў сэрцах кожнага з вас», – казаў Павел Латушка, і ягоныя словы грамада вітала цёплымі воплескамі. Гэта быў хіба самы кранальны момант імпрэзы.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

У межах імпрэзы на Замкавай плошчы адбылося таксама ўзнагароджанне медалямі Аб'яднанага пераходнага кабінету выбітных дзеячаў, якія зрабілі значны ўнёсак на карысць нашай радзімы. Медаль імя Францыска Скарыны ўручылі мовазнаўцы, грамадскай і культурнай дзяячцы Ніне Баршчэўскай. Медалямі «За плённую працу на карысць Беларусі» былі адзначаныя польскі гісторык Анджэй Рахуба, гісторык права Анджэй Закшэўскі, палітолаг і праваабаронца Павел Казанэцкі.

Зміцер Міраш
belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10