Перад Вялікаднем беларусы паехалі з Польшчы на радзіму і захраслі ў чэргах на мяжы, на адзіным адкрытым пункце пропуску ў Тэрэспалі. Калапс там здараецца рэгулярна, збольшага на святы. У Польшчы кажуць, што з задавальненнем адкрылі б яшчэ пераходы, аднак гэта можа адбыцца толькі тады, калі цяперашнія ўлады ў Менску «зменяць палітыку» ў дачыненні Варшавы. Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў сказаў «Белсату», што Польшча саступіць не можа, бо ў Менску гэта ўспрымуць як слабасць.
Вялізная чарга ўтварылася ў чацвер, 17 красавіка, калі беларусы рванулі з Польшчы на радзіму перад велікоднымі выходнымі. У Telegram-чатах сведчылі, што час чакання ў Тэрэспалі дасягаў 22 гадзінаў.
Вялікія чэргі з'явіліся і на пераходах на межы Беларусі з Літвою.
Сёння, як сведчаць польскія памежнікі, рух у бок нашай краіны свабодны як для легкавікоў, гэтак і для аўтобусаў. У чатах таксама пішуць, што ў Тэрэспалі пуста, паводле адной з справаздачаў, на мінанне мяжы спатрэбіліся толькі 4 гадзіны.
Зрэшты, падарожнікі наракаюць на марудную працу беларускіх службоўцаў:
«Сёння такая дзённая змена ў беларусаў, што яны стварылі б чаргу, нават калі аўтаў не было б».
«Беларускі двор забіты пад завязку».
«Амаль праз адну машыну – вагі і рэнтген. Змена сёння „агонь“, канечне».
Калапс на пунктах пропуску на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ здараецца рэгулярна, збольшага перад вакацыямі ці даўгімі выходнымі, калі беларусы едуць на радзіму, а таксама пасля, калі вяртаюцца ў Еўразвяз. Імаверна, пасля Вялікадня чэргі зноў з'явяцца на мяжы, толькі ў іншым кірунку: на выездзе з Беларусі.
«Мы б хацелі, каб пераходы былі адкрытыя»
19 красавіка міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы, каардынатар спецслужбаў Томаш Семоняк наведаў пункт пропуску ў Баброўніках (з беларускага боку – Бераставіца). Гэты пераход не працуе з лютага 2023 года, калі быў агучаны прысуд актывісту польскай меншасці, журналісту Анджэю Пачобуту.
Як заявіў Семоняк, без змены палітыкі цяперашніх уладаў у Менску адкрыцця памежных пунктаў чакаць не варта:
,,«Пакуль Беларусь будзе паводзіцца так у дачыненні польскай дзяржавы, я не бачу, што нешта можа тут змяніцца. Мы хацелі б, каб пераходы былі адкрытыя, каб яны нармальна функцыянавалі».
Чыноўнік звязаў адкрыццё дадатковых памежных пунктаў з спыненнем міграцыйнага ціску і вызваленнем Пачобута ды нагадаў пра нядаўні выпадак з агрэсіяй невядомага ў вайсковай уніформе супраць польскіх памежнікаў:
«Калі Беларусь захоча змяніць сваю палітыку, то, вядома ж, мы будзем выступаць за нармалізацыю стасункаў. Пакуль Беларусь не зменіць палітыкі, мы будзем цвёрда абараняць нашую мяжу, і бяспека будзе прыярытэтам».
З польскага боку за адкрыццё памежных пераходаў з Беларуссю выступаюць прадпрымальнікі, якія панеслі страты з спыненнем руху.
Семоняк запэўніў, што гэтая праблема – «прадмет сталай заклапочанасці» ўладаў.
У той жа час уладаў Беларусі пасажырскае спалучэнне з Польшчаю і вялікія чэргі на адзіным пункце пропуску не бянтэжаць. У студзені Аляксандр Лукашэнка казаў:
«Ды хоць усе няхай закрыюць. Мы ж туды не ездзім, мы туды нічога не возім».
«Саступкі Польшчы былі б успрынятыя як слабасць»
«Пакуль нічога не змянілася ў беларуска-польскіх стасунках стратэгічна, то і не варта чакаць нейкіх зменаў у канкрэтнай памежнай праблеме. Пакуль у польскага боку няма ніякіх прычынаў мяняць памежную палітыку», – кажа палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.
Паводле яго, вызваленне Пачобута сталася б сімвалічным актам, што сведчыў бы пра добрую волю Менску:
,,«Варшава разумела б, што Менск пастанавіў пайсці насустрач, што Менск зацікаўлены ў нейкім паляпшэнні. Гэта той самы вельмі важны сімвалічны акт, што ў палітыцы часам мае вельмі вялікае значэнне».
Цыганкоў канстатаваў, што Польшча зацікаўленая ў адкрыцці пераходаў – дзеля сваіх бізнесоўцаў, якія зарабляюць на прымежным руху. І беларусы не пакутавалі б у чэргах. Аднак без крокаў Менску насустрач Варшава на гэта не пойдзе.
«Гэта лукашэнкаўскі рэжым успрыняў бы як праяву слабасці, як пэўную здачу сваіх пазіцыяў, як адступленне ад сваіх патрабаванняў, і гэта, на думку Варшавы, не прынесла б ніякіх карысных вынікаў», – падсумаваў аналітык.
Сцяпан Кубік, Руслан Ігнатовіч belsat.eu