навіны

«Ды хоць усе хай зачыняць». Лукашэнку не бянтэжаць праблемы беларусаў на мяжы з Польшчаю

Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня 2025 г. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня 2025 г. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня падчас наведвання Менскага гарадскога тэхнапарку, падобна, распачаў завочную дыскусію з міністрам унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томашам Семонякам, які патрабаваў вызвалення зняволенага ў Беларусі журналіста і аднаго з лідараў польскай дыяспары Анджэя Пачобута.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што польскія ўлады нібы «адмовіліся весці нават размовы наконт [Анджэя] Пачобута», дый сам палітвязень «не хоча туды ехаць». Ён дадаў, што Пачобут – беларускі грамадзянін і за «ўчыненыя злачынствы» адказаў паводле закону.

,,

«Далей будзем глядзець. Паверце, на Пачобуце свет не сышоўся», – дадаў палітык.


Таксама Лукашэнка выказаўся адносна закрытых памежных пунктаў пропуску на мяжы з Польшчаю і мігрантаў, якія спрабуюць туды трапіць праз беларускую тэрыторыю:

«Ды хоць усе няхай зачыняць. Мы ж туды не ездзім, мы туды нічога не возім. Што, мотавелазавод возіць туды прадаваць прадукцыю? Не. Яны ж санкцыі супраць нас увялі. Увялі – добра. Ну мы і не змагаемся супраць той міграцыі і людзей, якія там хочуць жыць і якія туды ідуць. Я ўжо тысячу разоў пра гэта казаў: з пятлёю на шыі я не буду іх абараняць. Гэта значыць, яны накінулі на мой народ санкцыі, а я іх мушу абараняць?»

А заявы польскіх уладаў, паводле Лукашэнкі, «гэта звычайная балбатня і скокі пад амерыканцаў».

Падчас прэс-канферэнцыі ў Беластоку 13 студзеня міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк зазначыў, што польскі бок вельмі хацеў бы, каб памежныя пераходы з Беларуссю былі адкрытыя, аднак «няма ніякіх прыкметаў, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні».

Прычына такога стану – на беларускім боку, заявіў міністр і нагадаў, што журналіст Пачобут дагэтуль застаецца за кратамі. Ягонае вызваленне раней ставілася ўмоваю для адкрыцця памежных пераходаў.

,,

«Заявы пра ягонае магчымае вызваленне не пацвердзіліся фактамі. Аніякай супрацы з беларускага боку не назіраецца і ў дачыненні інфармацыі пра забойства польскага салдата летась [жаўнер Матэўш Сітэк загінуў у выніку ранення нажом, нанесенага мігрантам. – Рэд.]», – сказаў Семоняк.


Аўтобусная чарга на выезд у Польшчу. Берасце, Беларусь. 11 студзеня 2025 года. Фота: granica_bypl / Telegram
Час чакання ў чарзе на выезд у Польшчу перавысіў чацвёра содняў навіны

Кіраўнік польскага МУС таксама падкрэсліў, што дагэтуль не развязаны міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы і сітуацыя «не пакідае сумневаў у тым, што менавіта беларускія службы арганізуюць і спрыяюць гэтай гібрыднай агрэсіі».

«Пакуль не будзе добрай волі з беларускага боку, з нашага боку проста няма магчымасці для нейкіх дзеянняў. Кожнае з дзеянняў, што я ўзгадаў, мы ўспрымаем як дзеянне супраць Польшчы», – заявіў Семоняк.

На беларуска-польскай мяжы на цяперашні момант працуюць два пункты пропуску: «Берасце – Тэрэспаль» і «Казловічы – Кукурыкі», прычым пасажырскі транспарт прымае толькі першы з іх. Там рэгулярна збіраюцца вялізныя чэргі з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гэтак, станам на 13 студзеня сёлета, у Берасці ў чарзе стаялі амаль 2000 легкавікоў. Час чакання перавысіў чатыры дні. Але Лукашэнка 16 студзеня заявіў, што яго гэта не хвалюе.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10