навіны

«Не дамо сябе пахаваць»: у Беластоку прайшоў пратэст супраць закрыцця пераходаў з Беларуссю

Акцыя актывістаў Падляшша 29 сакавіка. Фота: Radio Białystok / Х
Акцыя актывістаў Падляшша 29 сакавіка. Фота: Radio Białystok / Х
podpis źródła zdjęcia

У Беластоку прайшоў пратэст мясцовых прадпрымальнікаў супраць закрыцця аўтамабільных памежных пераходаў з Беларуссю. Падчас іх вуліцамі пранеслі труны, што сімвалізуюць смерць эканомікі Падляшша. 

Акцыя прайшла ў суботу, 29 сакавіка, і была арганізаваная праз аб’яднанне прадпрымальнікаў «Аб’яднаны Усход», піша «Radio Maryja».

Каля сотні ўдзельнікаў выйшлі на вуліцы гораду, называючы сваю дэманстрацыю «пахавальным шэсцем» і «пахаваннем падляскай эканомікі». Яны неслі дзве сімвалічныя труны: адна была падпісаная як «падляская эканоміка», на другой змяшчаўся некралог з датаю 10 лютага 2023 года – днём закрыцця пераходу ў Баброўніках («Бераставіца – Баброўнікі»).

Пераход у Кузніцы («Брузги – Кузніца Беластоцкая») перастаў функцыянаваць яшчэ ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс, справакаваны лукашэнкаўскім бокам. Баброўнікі закрылі «з улікам важнага дзяржаўнага інтарэсу ў сферы бяспекі», калі ўлады Беларусі асудзілі Анджэя Пачобута.

Пры гэтым у Люблінскім ваяводстве дзее пераход у Тэрэспалі («Берасце – Тэрэспаль»).

Пратэстоўцы падкрэслівалі, што іх акцыя не мае палітычнага характару і не падтрымлівае ніякай партыі, а патрабаванні скіраваныя да дзейнага ўраду. Яны неслі транспаранты з лозунгамі: «Стоп урадавай блакадзе Падляшша», «Не дазволім уладзе нас закрыць, заліць бетонам і забыць», «Падляшша – не Польшча Б: беднасць, банкруцтва, беспрацоўе».

Адная з арганізатарак, Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўская, заяўляла, што акцыя – гэта пратэст супраць «бяздзейнасці польскага ўраду, прэм’ера і міністраў у пытаннях аднаўлення памежнага руху ў Падляскім ваяводстве». Яна кажа, што ўлады не аказваюць неабходнага падтрымання рэгіёну, які пацярпеў ад закрыцця мяжы. Грыгатовіч-Шумоўская падкрэслівала, што «геапалітыка сістэматычна знішчае наш рэгіён, закрываючы шляхі развіцця і пакідаючы нас на мяжы эканамічнай прорвы». 

,,

«Мы не дамо сябе пахаваць жыўцом (...), не складзём зброі, будзем змагацца за рэгіён да канца», – казала яна.


Паводле яе ацэнак, Падляшша ператварылася ў «зону канфліктаў, палітычны запаведнік для гульняў на нацыянальным узроўні, дзе найбольшыя страты нясуць прадпрымальнікі і жыхары». Пратэстоўцы звярталі ўвагу на «драматычнае» падзенне даходаў у сферы гандлю, паслуг, турызму і дрэваапрацоўчай галіны, а таксама рост беспрацоўя і выцек насельніцтва. Яны адзначалі, што ў Люблінскім ваяводстве сітуацыя значна лепшая, бо «лакальны бізнес там не душыць палітыка».

Падляскі ваявода Яцэк Бжазоўскі днямі заявіў, адзначае выданне, што «міжнародная сітуацыя настолькі складаная, што пакуль немагчыма сказаць, калі памежныя пераходы адновяць працу». Паводле яго, улады «прымаюць усе магчымыя захады», каб гэта здарылася як мага хутчэй. Ён нагадаў, што пастанову аб закрыцці прымаў яшчэ папярэдні ўрад. «Рэальнасць тады была зусім іншаю, чым у 2025 годзе, калі мы вымушаныя змагацца з новымі выклікамі», – сказаў Бжазоўскі.

Прадстаўнікі дзейнага ўраду таксама выказваліся наконт магчымасці адкрыцця межаў. У студзені міністр унутраных справаў Томаш Семоняк адзначаў: «Мы вельмі хацелі б, каб памежныя пераходы адкрыліся, але для гэтага пакуль няма падставаў», падкрэсліваючы, што «прычыны на баку Беларусі».

У лютым віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Владыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што разумее цяжкасці мясцовых прадпрымальнікаў і што «Шчыт Усход» можа стаць выхадам для развіцця бізнесу ў рэгіёне, адзначае выданне.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10