Гродзенскага журналіста і сябра праўлення Саюза палякаў на Беларусі Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года – на беларускі Дзень Волі. З таго часу ён знаходзіцца за кратамі. На паказальным судовым працэсе ў пачатку 2023 года ўлады абвінавацілі яго ў «распальванні нянавісці», а яго дзейнасці – культываванню польскасці і публікацыям у СМІ – прыпісалі прыкметы «рэабілітацыі нацызму». Пачобута таксама абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў на шкоду Беларусі». Яго асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
2021
25 сакавіка 2021 года ў 8:15 у кватэру Пачобутаў у Гродне зайшла міліцыя. Пасля трохгадзіннага ператрусу супрацоўнікі спецслужбаў забралі журналіста. У той жа дзень былі затрыманыя мясцовыя лідары СПБ: Ірэна Бярнацкая з Ліды і Марыя Цішкоўская з Ваўкавыску, а таксама дырэктарка польскай школы ў Берасці Ганна Панішава.
Красавік. Затрыманым па «польскай справе» 2 красавіка выставілі абвінавачанне ў «распальванні варожасці паводле расавай, этнічнай або нацыянальнай прыналежнасці».
Май. Польскіх актывістаў перавялі ў следчы ізалятар у Жодзіне, паведаміла 18 мая Беларуская асацыяцыя журналістаў. Іх блізкія некалькі тыдняў не атрымлівалі лістоў з-за кратаў.
Чэрвень. Аксана Пачобут паведаміла ў Фэйсбуку, што ў Жодзінскім следчым ізалятары на яе мужа ціснуць пасля таго, як ён і кіраўніца непрызнанага уладай Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс адмовіліся пагадзіцца на вызваленне ў абмен на дэпартацыю ў Польшчу. Пра такую здзелку з Лукашэнкам дамовіўся былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Ёю скарысталіся іншыя затрыманыя па «польскай справе».
Ліпень. У Анджэя Пачобута скончыўся каранцін пасля заражэння Covid-19. З таго часу яго здароўе паступова пагаршалася. Першыя праз доўгі час лісты дайшлі да родных і блізкіх, у якіх ён пісаў пра тугу па роднай Гародні. Каб падтрымліваць фізічную форму, палітвязень спрабаваў кожны дзень па некалькі гадзін хадзіць па сваёй камеры даўжынёй у чатыры крокі.
Жнівень. Анджэй Пачобут узнагароджаны медалём «За свабоду слова». Нягледзячы на тое, што жонка палітвязня знаходзілася на той момант у Польшчы, яе не запрасілі на ўрачыстае мерапрыемства ў Еўрапейскі цэнтр салідарнасці. Узнагароду атрымаў журналіст Gazety Wyborczej Барташ Веліньскі.
Верасень. Прайшло паўгода ў няволі. Радыё Свабода апублікавала фрагмент ліста Анджэя.
Снежань. Анджэй Пачобут прызнаны журналістам года-2021 у конкурсе Grand Press.

2022
Сакавік. Пасля года ў СІЗА на волю выйшла старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.
Красавік. Telewizja Polska ўзнагародзіла палітвязня «Віктарам» у намінацыі «Журналіст года».
Май. На плошчы каля помніка кс. Ежы Папялушку ў Беластоку прайшла адкрытая выстава пад назвай «Зняволеныя за польскасць», прысвечаная Анджэю Пачобуту і Анжаліцы Борыс. Дагэтуль тут ладзяцца штомесячныя акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
3 мая Аксана Пачобут паведаміла, што яе мужа перавялі ў СІЗА № 1 Мінска (так званую «Валадарку»). Сям'я спадзявалася, што гэта крок да яго вызвалення.
Чэрвень. З нагоды Дня абароны дзяцей Яраслаў Пачобут напісаў свайму бацьку ліст. Цэнзура вярнула ліст адпраўніку. Прычына? Хлопчык пісаў бацьку па-польску.
Жнівень. Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што арыштаванага вінавацяць у «закліках да абмежавальных дзеянняў (знешніх санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (Беларусі)».
Кастрычнік. КДБ Беларусі ўнёс Анджэя Пачобута ў «спіс тэрарыстаў».
Лістапад. Суд па справе Анджэя Пачобута павінен быў пачацца 28 лістапада, але пасяджэнне не адбылося. Арыштаваны раней адправіў жонцы ліст, фрагмент якога яна апублікавала ў Фэйсбуку.
,,«Я думаю пра тых, хто сядзеў у гэтых сценах у 1940-1950-я гады і таксама чакаў суда. Ім было цяжэй, у тыя гады гэта было сапраўднае пекла. Іх прыклад дадае сілаў. Мы не выбіраем часы, у якія даводзіцца жыць, але выбіраем, як у гэтыя часы жывём. Вядома, я ніколі не думаў, што гісторыя раптам стане такой небяспечнай, але рэчаіснасць заўсёды здзіўляе. У гэтым яе прыгажосць», — напісаў ён.
2023
Студзень. Суд нарэшце пачаўся 16 студзеня. Тады паляку пагражала да 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Упершыню пасля арышту яго ўбачылі родныя – жонка і бацькі Ванда і Станіслаў.
Тады суддзя Дзмітрый Бубенчык закрыў пасяджэнне для старонніх асоб.
Люты. 8 лютага Гродзенскі абласны суд вынес прысуд: 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Анджэя Пачобута прызналі вінаватым у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў на шкоду Беларусі».
У адказ на прысуд кіраўнік польскага Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі 9 лютага пастанавіў закрыць польска-беларускі памежны пераход у Баброўніках. Улады Беларусі адказалі высылкай з краіны афіцэра сувязі памежнай аховы і двух консулаў. У рамках сіметрычнай меры ў адказ польскі бок закрыў для руху грузавікоў памежны пераход у Кукурыках.
Сакавік. Amnesty International Polska ўзнагародзіла Анджэя Пачобута прэміяй за непахіснасць у працы ў СМІ ў галіне правоў чалавека.
31 сакавіка Лукашэнка заявіў, што гатовы абмяняць журналіста на апазіцыянераў, якія жывуць у Польшчы, у тым ліку на Паўла Латушку.

Май. 25 мая Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў касацыйную скаргу па справе Андрэя Пачобута. У той жа дзень Польшча абмежавала рух грузавых аўтамабіляў, зарэгістраваных за межамі Еўрасаюза, праз памежны пераход Кукурыкі-Казловічы.
Чэрвень. Анджэя Пачобута перавялі з турмы ў Віцебску ў калонію ўзмоцненага рэжыму №1 Наваполацку. Абаронцу Пачобута, гродзенскага адваката Аляксандра Бірылава, пазбавілі ліцэнзіі.
Жнівень. Апошнія 30 дзён Анджэй Пачобут правёў у карцары, паведаміла 11 жніўня яго жонка Аксана. Гэта холад, антысанітарыя ў цеснай камеры, дзе нары без пасцелі апускаюцца толькі на ноч. Бліжэйшыя паўгода ён правядзе ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), што з'яўляецца строгім, але больш мяккім пакараннем, чым карцар.
Верасень. Таварыства імя Яна Карскага ўзнагародзіла Анджэя Пачобута медалём 75-годдзя місіі Яна Карскага. Узнагароду атрымаў брат лаўрэата Станіслаў Пачобут.
Кастрычнік. Анджэй Пачобут узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека імя Серхіу Віейра ды Мела.
Лістапад. Зняволены па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, ад яго няма лістоў ужо два тыдні, адвакат можа сустракацца з ім раз на месяц, паведаміў віцэ-старшыня СПБ Марэк Занеўскі.
Снежань. Палітвязню зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання. Яго пазбавілі магчымасці атрымліваць перадачы і бачыць сям'ю.

2024
Красавік. 16 красавіка Анджэю Пачобуту споўніўся 51 год. Гэта быў яго чацвёрты дзень нараджэння за кратамі.
Май. Журналіста зноў адправілі ў карцар, невядома на які тэрмін. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт СПБ Марэк Занеўскі.
Чэрвень. Былы вязень папраўчай калоніі № 1 Наваполацку распавёў Радыё Свабода пра ўмовы ўтрымання Анджэя Пачобута. Ён пацвердзіў, што паляка катуюць «інкамунікада» (пазбаўляюць сувязі са светам), а іншых зняволеных за кантакт з ім адпраўляюць у штрафны ізалятар.
Жнівень. Анжаліка Борыс заявіла газеце Rzeczpospolita, што Анджэй Пачобут гатовы пакінуць Беларусь пасля вызвалення, пра што ён нібыта паведаміў ёй асабіста ў красавіку. Яна перадала яго пазіцыю прэзідэнту Польшчы Анджэю Дудзе. Аднак польскі актывіст не выйшаў на волю ў рамках абмену палітвязняў на шпіёнаў паміж ЗША і Расеяй, які пазней пракаментаваў Анджэй Дуда. Паводле яго слоў, у польскіх уладаў было вельмі мала часу, каб адрэагаваць на запыт Вашынгтона, а спроба ўнесці ў спіс патрабаванняў Анджэя Пачобута магла заблакіраваць абмен.
Снежань. «Белсат» апублікаваў інтэрв’ю з вызваленым былым сукамернікам Анджэя Пачобута з калоніі № 1 Наваполацка. Паводле яго слоў, гродзенскі журналіст неаднаразова трапляў у карцар у тым ліку за адмову ад працы, якую не мог выконваць па стане здароўя і праз свае погляды. Былы вязень таксама пацвердзіў, што паляк неаднаразова адмаўляўся падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Паводле яго слоў, шматмесячнае пазбаўленне спатканняў, тэлефанаванняў і ліставання з роднымі негатыўна адбілася на здароўі Анджэя Пачобута.

2025
Студзень. 13 студзеня пасля брыфінгу з кіраўнікамі службаў Падляшскага ваяводства міністр Томаш Семоняк адзначыў, што адкрыццё памежных пераходаў з Беларуссю залежыць, у тым ліку, ад вызвалення Анджэя Пачобута і экстрадыцыі вінаватага ў гібелі жаўнера Матэвуша Сітэка. Аляксандр Лукашэнка адказаў на словы кіраўніка польскага МУС падчас перадвыбарчага наведвання мотавелазавода пад Мінскам. Паводле яго слоў, «палякі адмовіліся ад Пачобута».
«Што тычыцца Пачобута, то нават няма чаго сказаць. Шчыра вам, як чалавек інфармаваны, кажу: ад Пачобута адмовіліся. Палякі адмовіліся нават весці перамовы адносна Пачобута. Наколькі я ведаю, Пачобут нават не хоча туды ехаць. Вось і ўсё пытанне», — сказаў Лукашэнка.
Ужо на наступны дзень яго заяву пракаментаваў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Павел Вроньскі.
«Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што не ведае, што рабіць з Пачобутам, то я яму скажу, што рабіць. Перш за ўсё, ён павінен вызваліць яго з турмы. Анджэй Пачобут – горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаннем. Але ён павінен быць свабодным чалавекам у свабоднай краіне і жыць, дзе хоча».
Сакавік. Прайшлі чатыры гады з моманту арышту. Анджэй Пачобут застаецца ў ізаляцыі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.