Чацвёрты раз запар і сёмы раз сумарна Алесь Бяляцкі сустракае дзень народзінаў у няволі. «Белсат» расказвае, што вядома пра стан лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, якога ўлады Беларусі залічылі ў «экстрэмісты».
Хто такі Бяляцкі
Пра гэта ёсць цэлая кніга, якая так і завецца: «Алесь Бяляцкі». У ёй сабраныя тэксты з ягоных ранейшых кнігаў, прамоваў і інтэрв’ю, а таксама выказванні паплечнікаў і сяброў зняволенага нобэлеўскага лаўрэата: Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Арлова, Паўла Сапелкі, Стэфана Эрыксана і іншых. Карацейшую версію біяграфіі можна прачытаць на сайце FreeAles.org. Калі зусім сцісла, біяграфія такая.
Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 года ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёну Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі з Беларусі на заробкі. Калі яму было тры гады, сям’я вярнулася ў Беларусь, у Светлагорск. Вучыўся будучы нобэлеўскі лаўрэат на гістарычна-філалагічным факультэце Гомельскага ўніверсітэту. Адслужыў у войску, быў механікам-кіроўцам браніраванага цягача ў артылерыйскім знішчальным супрацьтанкавым батальёне. Пасля паступіў у Менску ў аспірантуру, займаўся навуковай, літаратурнай і грамадскай дзейнасцю.
Яшчэ ў 1981 годзе Бяляцкі далучыўся да групы «Незалежнасць», узяўся за стварэнне групаў, у тым ліку абсалютна легальных, але пры гэтым вёў і падпольную нелегальную працу, займаўся самавыдавецтвам. У 1986 годзе Бяляцкі быў адным з стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым быў абраны старшынёю гэтай арганізацыі (1986–1989). У 1988 годзе выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралог Беларусі», быў сябрам і намеснікам старшыні арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», заяўляльнікам адной з першых масавых акцыяў «Дзяды».

У 1989 годзе Алесь Бяляцкі стаў дырэктарам менскага Літаратурнага музею Максіма Багдановіча. З 1991 да 1996 года ён быў дэпутатам Менскага гарадскога савету, абранага на альтэрнатыўнай аснове. Калі ў 1991 годзе там разглядалі пытанне нацыянальнай сімволікі, ён загадзя прынёс бела-чырвона-белы сцяг – і праз некалькі хвілінаў пасля ўхвалення сцяг ужо лунаў над Менгарвыканкамам.
У сярэдзіне 1990-х Бяляцкі рабіўся заяўнікам шматлікіх масавых акцыяў у Менску. У выпадку разгонаў і затрыманняў суд не мог судзіць яго як дэпутата без дазволу гарсавету. Частка працаўнікоў музею пачала адрасна дапамагаць арыштаваным актывістам і іхным сваякам. Неўзабаве нарадзілася ідэя праваабарончага цэнтру «Вясна». Яго кіраўніком стаўся Алесь Бяляцкі. Легальна «Вясна» праіснавала да 2003 года, але, нягледзячы на забароны, дзейнічае дагэтуль.
За актыўную пазіцыю і праваабарончую дзейнасць Алеся Бяляцкага судзілі больш за 20 разоў: спачатку ў БССР, а потым і ў сучаснай Беларусі. У 2011 годзе будучага нобэлеўскага лаўрэата затрымалі, калі Літва і Польшча на запыт беларускіх уладаў перадалі ім інфармацыю пра банкаўскія рахункі беларусаў, у тым ліку Бяляцкага. Ён віну не прызнаў, патлумачыўшы, што сродкі з рахунку выкарыстоўваліся для дапамогі беларусам, якія траплялі пад рэпрэсіі. Бяляцкі правёў у няволі амаль тры гады, па вызваленні працягнуў кіраваць «Вясной» і дапамагаць рэпрэсаваным.

Лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру асудзілі за «кантрабанду» і «фінансаванне парушэння парадку»
Бяляцкага зноў затрымалі 14 ліпеня 2021 года падчас «зачысткі» грамадскіх арганізацыяў. Абвінавацілі ў «кантрабандзе наяўных грашовых сродкаў арганізаванаю групаю» і «фінансаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».
3 сакавіка 2023 года Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў калоніі і далі штраф 185 тысячаў беларускіх рублёў. Тады ж асудзілі ягоных паплечнікаў: суддзя Марына Запаснік прызначыла Валянціну Стэфановічу 9 гадоў, Уладзіміру Лабковічу 7 гадоў пазбаўлення волі, абодвум штрафы 111 тысячаў.
У апошнім слове Бяляцкі заклікаў спыніць грамадзянскую вайну ў Беларусі. Ён не прызнаў віны, а пра матэрыялы справы казаў, што «следства выконвала пастаўленую перад імі задачу: зняволіць праваабаронцаў «Вясны» любым коштам, знішчыць «Вясну» і спыніць нашую працу».

Спыніць працу «Вясны» не ўдалося, але Бяляцкі ўжо больш за тысячу дзён у няволі. Пры тым судзілі яго ўжо ў статусе лаўрэата Нобэлеўскай прэміі.
10 снежня 2022 года Алеся Бяляцкага ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй міру. Разам з ім прэміяй былі адзначаныя расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» і ўкраінскі «Центр громадянських свобод».
Нобэлеўскую лекцыю ад імя Бяляцкага зачытала ягоная жонка Наталля Пінчук – яна пераказала, што муж паспеў сказаць ёй на спатканні ў няволі. На фоне поўнамаштабнай вайны ва Украіне, суагрэсарам у якой выступілі ўлады Беларусі, Бяляцкі казаў, што «перманентная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь не ў чыстым выглядзе ва ўсім рэгіёне». Падкрэсліваў, што ён праваабаронца і прыхільнік негвалтоўнага супраціву, ды добра разумее, што «дабро і праўда мусяць умець абараняць сябе». Але заклікаў да гуманнасці і міласэрнасці:
,,«Як магу трымаю мір у сваёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякераю у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы».
Вызваліць Бяляцкага заклікалі хто толькі мог: працоўная група Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Еўрапарламент, сотня нобэлеўскіх лаўрэатаў, безліч палітыкаў, нават пераможца «Еўрабачання».
Што вядома цяпер пра стан Бяляцкага
Няшмат. Вядома, што ў траўні 2023 года Бяляцкага этапавалі ў папраўчую калонію № 9 у Горках. Гэтая калонія мае дурную славу. Тут зняволеныя, асабліва паводле палітычных артыкулаў, зазнаюць сапраўдныя катаванні. Там з Бяляцкага «здзекуюцца, як і з усіх» – так «Белсату» расказваў адзін з нядаўна вызваленых з той калоніі. Маўляў, зніжак за знакамітасць не робяць:
«Я не ведаю, якога целаскладу ён быў раней, але цяпер ён, мякка кажучы, не ў целе, – распавядае суразмоўца. – У калоніі Алесь вядзе максімальна закрыты лад жыцця і імкнецца ні з кім не размаўляць. Хоць перасякаліся мы з ім пастаянна, звычайна толькі віталіся. Іншыя зняволеныя, хоць і ведаюць, што разам з імі сядзіць сусветна прызнаны нобэлеўскі лаўрэат, але з ім не кантактуюць. Ну, па-першае, ім няма пра што з ім гаварыць. Хто яны (забойцы, забулдыгі), а хто ён. Па-другое, за тое, што яны павітаюцца з Бяляцкім, у Горках могуць адправіць у ШІЗА. Супрацоўнікі з ім таксама практычна не маюць стасункаў. Адміністрацыя там баіцца сама сябе. Загаворыш з кімсьці і праявіш хоць рэшту чалавечнасці – здадуць свае ж.
Алесь працуе на дрэваапрацоўванні, і да яго ставяцца гэтак жа, як і да астатніх палітвязняў. Таксама „малююць“ парушэнні з галавы, гэтак жа адпраўляюць у ШІЗА, гэтак жа здзекуюцца. Мы гэта так разумелі: калі міліцыя вядзе нейкага зняволенага па тэрыторыі калоніі, а ў руках у яго торбачка, значыцца, вядуць у ПКТ або ШІЗА. Пры гэтым Алесь трымаецца вельмі годна. Ён дакладна не ўпаў духам і спрабуе трымацца ў фізічным плане. Прынамсі, візуальна не выглядае, каб яму было складана перасоўвацца».

Праз тысячу дзён няволі ў Бяляцкага пачало пагаршацца здароўе, у няволі ён не атрымлівае неабходных лекаў. У ліпені сталася вядома, што яго пазбавілі перадачаў і ён практычна не мае сувязі з вонкавым светам.
З таго часу праваабаронцы не атрымлівалі новых звестак пра здароўе нобэлеўскага лаўрэата.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская нагадала пра гэта на 57-й сесіі Рады правоў чалавека ААН:
«У Беларусі больш за 1400 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі. Гэта настаўнікі, лекары, журналісты, актывісты. Якое іхнае „злачынства“? Яны казалі праўду і марылі пра свабоду. Многія з іх утрымліваюцца ў рэжыме „інкамунікада“ – без права на кантакты з вонкавым светам. З маім мужам, Сяргеем, няма сувязі больш за год. Я не ведаю, ці жывы ён. Мы не маем навінаў ад Мікалая Статкевіча, Марыі Калеснікавай, Ігара Лосіка і многіх іншых. Нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі не атрымлівае неабходных лекаў. Гэта псіхалагічныя катаванні – не толькі для іх, але і для іхных сем’яў. Беларускія турмы – гэта смяротныя пасткі. З 2020 года пяць палітычных зняволеных ужо загінулі ў няволі, уключаючы Алеся Пушкіна і Вітольда Ашурка. Мы не можам чакаць новых смерцяў».
Яна заклікала ААН дзейнічаць: дамагацца спынення практыкі „інкамунікада“, доступу зняволеных да медычнай дапамогі і вызвалення палітычных зняволеных.
Алесь Наваборскі belsat.eu