навіны

Ізаляваць і пакараць «сабачку Пуціна». Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю пра Беларусь і Лукашэнку

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пленарнае пасяджэнне Еўрапейскага парламента ў Страсбургу, Францыя. 17 верасня 2024 года. Фота: Frederick Florin / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пленарнае пасяджэнне Еўрапейскага парламента ў Страсбургу, Францыя. 17 верасня 2024 года. Фота: Frederick Florin / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Еўрапейскі парламент 19 верасня прыняў рэзалюцыю аб цяжкім становішчы палітвязняў у Беларусі. Дэпутаты заклікалі вызваліць іх, увесці новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама выказалі занепакоенасць лёсам эміграваўшых беларусаў.

Рэзалюцыя была прынятая 549 галасамі за, 21 еўрадэпутат прагаласаваў супраць, 37 устрымаліся. Свае праекты рэзалюцыяў адносна сітуацыі ў Беларусі падрыхтавалі шэсць фракцыяў Еўрапарламенту — «Левыя», «Зялёныя — Еўрапейскі вольны альянс», «Абнавіць Еўропу» (Renew), «Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты» (ЕКР), «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў» (ПАСД) і «Еўрапейская народная партыя» (ЕНП). Але ў выніку быў падрыхтаваны супольны дакументы.

 

Чаго патрабуе рэзалюцыя

 

У рэзалюцыі адзначаецца, што з 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае сістэматычна рэпрэсаваць палітычных актывістаў, грамадзянскую супольнасць, медыі, прафсаюзы і любых дысідэнтаў і іх абаронцаў, і пры гэтым «Лукашэнка аб’явіў аб сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года на сёмы тэрмін».

 

Еўрапарламент патрабуе, каб беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных і адвольна затрыманых асоб. Асабліва выказваецца занепакоенасць лёсам Марыі Калеснікавай, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Максіма Знака, Віктара Бабарыкі, Ігара Лосіка, Паліны Шарэнду-Панасюк, Паўла Севярынца, Аляксандра Ярашука, Мікіты Залатарова і Яны Пінчук, шмат хто з якіх «месяцамі ці гадамі ўтрымліваюцца ў зняволенні без сувязі з вонкавым светам, адчуваюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, як Марыя Калеснікава і Анджэй Пачобут, і падвяргаюцца ізаляцыі, жорсткаму абыходжанню і катаванням».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Сяргей Ціханоўскі і Мікола Статкевіч бачныя ў клетцы падсудных падчас вынясення прысуду па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў і парушэнні грамадскага парадку. Гомель, Беларусь. 14 снежня 2021 года. Фота: Sergei Kholodilin / BELTA / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Сяргей Ціханоўскі і Мікола Статкевіч бачныя ў клетцы падсудных падчас вынясення прысуду па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў і парушэнні грамадскага парадку. Гомель, Беларусь. 14 снежня 2021 года. Фота: Sergei Kholodilin / BELTA / AFP / East News

Еўрапарламент таксама выказвае шкадаванне, што беларускія палітвязні не былі ўключаныя ў нядаўні абмен палітычных зняволеных і заходніх грамадзянаў з Расеяй і Беларуссю і заклікае да актывізацыі намаганняў для іх вызвалення.

 

ЕП заклікае ЕЗ і яго дзяржавы-чальцы падтрымаць палітычных зняволеных і іх сем’і, «патрабуючы пры кожнай магчымасці іх неадкладнага вызвалення», а таксама спрашчаць працэдуры атрымання віз і часовых дакументаў для тых, хто бяжыць з Беларусі. Праект рэзалюцыі заклікае пашырыць і ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да асобаў і арганізацыяў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, «працаваць над прыцягненнем рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за яго злачынствы і ўжываць прынцып універсальнай юрысдыкцыі».

 

У рэзалюцыі падкрэсліваецца занепакоенасць «у дачыненні да 300 000 беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля 2020 года і сутыкаюцца з палітычнымі пераследамі за мяжой». Таксама адзначаюцца злоўжыванні ордарамі на арышт Інтэрпола для экстрадыцыі палітычных апанентаў рэжыму з краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ, а Сербію заклікаюць устрымацца ад экстрадыцыі беларускага журналіста Андрэя Гнёта.

 

«Мы шчыра ўдзячныя Еўрапейскаму парламенту за прыняцце рэзалюцыі, якая падкрэслівае цяжкае становішча палітвязняў у Беларусі. Гэта ясны сігнал рэжыму Лукашэнкі, што міжнародная супольнасць не заплюшчвае вочы на рэпрэсіі, катаванні і несправядлівыя суды. Асабліва важна, што ў рэзалюцыі згадваюцца імёны тых, хто стаў сімваламі гэтай барацьбы: Алесь Бяляцкі, Ігар Лосік, Марыя Калеснікава і многія іншыя. Усе яны павінны быць неадкладна вызваленыя, а рэпрэсіі спыненыя», — заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, як паведамілі «Белсату» ў ейнай прэс-службе.

 

Што казалі еўрадэпутаты

 

Выступаючы 18 верасня падчас абмеркавання праекту рэзалюцыі Стэла Кірыякідэс, еўракамісарка ў пытаннях аховы здароўя, адзначыла, што за апошнія месяцы і тыдні ў Беларусі былі вызваленыя некаторыя палітвязні. Тым не менш, дадала яна, у краіне «надалей утрымліваюцца больш як 1300 палітвязняў, многія з іх знаходзяцца ў ізалятары тыднямі, месяцамі і нават гадамі».

 

Адзначаючы неабходнасць падтрымання сем’яў палітвязняў і рэабілітацыі тых, хто вызваліўся, еўракамісарка падкрэсліла важнасць прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях:

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўракамісарка ў пытаннях аховы здароўя Стэла Кірыякідэс выступае падчас пленарнага пасяджэння Еўрапарламенту. Брусель, Бельгія. 19 студзеня 2021 года. Фота: Pool / Reuters / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўракамісарка ў пытаннях аховы здароўя Стэла Кірыякідэс выступае падчас пленарнага пасяджэння Еўрапарламенту. Брусель, Бельгія. 19 студзеня 2021 года. Фота: Pool / Reuters / Forum

«Мы гатовыя працягваць прымаць абмежавальныя меры ў дачыненні да вінаватых у парушэннях правоў чалавека. Суддзі, пракуроры, начальнікі калоніяў і супрацоўнікі спецслужбаў рэжыму, хачу запэўніць вас, што ЕС быў і будзе ўзначальваць намаганні па падтрымцы палітвязняў і прыцягненні да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека».

 

Адказнасць за Украіну і мігрантаў

 

Падчас абмеркавання таксама ўздымалася тэма неабходнасці прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да большай адказнасці за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны.

 

«Не забывайма, што ўварванне ва Украіну пачалося таксама з Беларусі. Расейскія войскі ўсё яшчэ знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Яны ўсё яшчэ атрымліваюць дапамогу ад Лукашэнкі, ад ягонага ўраду. Не забывайма, што інфармацыйную вайну, якую Расея вядзе супраць Еўропы і супраць усіх усходніх краінаў, падтрымлівае і Беларусь», — сказаў еўрадэпутат Дан Барна (Renew) з Румыніі.

 

«Сабачкам Пуціна» і «баязліўцам» назваў Лукашэнку нідэрландскі еўрадэпутат Тэйс Ройтэн (ПАСД), падкрэсліўшы, што беларускія палітвязні наадварот «застаюцца мужнымі, поўнымі надзеі і нязломленымі».

 

«Мы павінны яшчэ больш ізаляваць рэжым Лукашэнкі, адлюстраваць санкцыі супраць Расеі і Беларусі і працягваць працу ў падтрымку свабодных людзей Беларусі», — сказаў ён.

 

«Сабачкам расейскага рэжыму» назваў улады Беларусі і Франсішку Асіш, партугальскі еўрадэпутат з ПАСД. Ён падкрэсліў, што лукашэнкаўскі рэжым з’яўляецца «пастаянным цэнтрам парушэнняў правоў чалавека і геапалітычнай нестабільнасці», у прыватнасці, выкарыстоўваючы мігрантаў ціску на Польшчу.

 

«Нам трэба заняць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Гэта ўключае ў сябе ўжыванне санкцыяў да асобаў і органаў, адказных за сістэматычнае парушэнне правоў чалавека», — сказаў Асіш.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мурал з выявамі шасці вядомых беларускіх палітвязняў: нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, праваабаронцы Насты Лойкі, заснавальніка крамы Symbal.bу Паўла Белавуса, кіраўніка партыі «‎Народная грамада» Мікалая Статкевіч, журналісткі Кацярыны Андрэевай, а таксама Дар'і Лосік, адкрылі ў дворыку ‎Беларускага дому ў Варшаве, Польшча. 25 ліпеня 2023 года. Фота: Kuba Stezycki / Reuters / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мурал з выявамі шасці вядомых беларускіх палітвязняў: нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, праваабаронцы Насты Лойкі, заснавальніка крамы Symbal.bу Паўла Белавуса, кіраўніка партыі «‎Народная грамада» Мікалая Статкевіч, журналісткі Кацярыны Андрэевай, а таксама Дар'і Лосік, адкрылі ў дворыку ‎Беларускага дому ў Варшаве, Польшча. 25 ліпеня 2023 года. Фота: Kuba Stezycki / Reuters / Forum

Сандра Калніетэ (ЕНП) з Латвіі падкрэсліла, што ўсе фінансава-эканамічныя санкцыі, скіраваныя супраць Расеі, павінны быць уведзеныя і супраць Беларусі. Яна таксама заклікала «міжнародную супольнасць памятаць падчас чарговага раўнду перамоваў з Крамлём аб абмене заходніх і расейскіх палітвязняў на пуцінскіх забойцаў і шпіёнаў, што змагары за свабоду, якія заслугоўваюць вызвалення, пакутуюць і ў беларускіх турмах».

Не падманвацца вызваленнем некаторых палітвязняў

Еўраэпутаты з Польшчы, незалежна ад партыяў, да якіх яны належаць, выказвалі вялікую заклапочанасць лёсам журналіста і дзеяча польскай дыяспары Анджэя Пачобута.

«Беларускі рэжым знішчае польскую культурную спадчыну. Разбурае польскія могілкі. І, нарэшце, знішчае людзей, нязручных уладзе. Анджэя Пачобута пасадзілі ў беларускую турму. Ён змагаецца за сваё жыццё і не здаецца. Мы ніколі не здамося ў нашай барацьбе за яго вызваленне», — сказаў Аркад’юш Мулярчык (ЕКР) з Польшчы.

Нямецкі еўрадэпутат ад «Зялёных» Сяргей Лагадзінскі выказаў няўпэўненасць у тым, ці жывая Марыя Калеснікава, якая доўгі час знаходзіцца ў рэжыме палітычнай ізаляцыі:

«Пра яе становішча ніхто не ведае. Хутчэй за ўсё, яна хворая, але, магчыма, яшчэ жывая. Напэўна, не дакладна».

Літоўскі еўрадэпутат Віценіс Андрукайціс (ПАСД) заклікаў абдумаць магчымасць гуманітарных абменаў палітвязняў, бо «правесці абмен палоннымі здольныя нават ваюючыя краіны».

Лагадзінскі таксама падкрэсліў неабходнасць выправіць сітуацыю, калі Захад не абменьвае беларускіх палітвязняў, хоць робіць гэта ў дачыненні да расейскіх. Апроч таго, ён звярнуў увагу на тое, каб «зрабіць усё магчымае, каб задаволіць патрэбы» беларускай палітычнай дыяспары ў Еўразвязе, «зрабіць магчымым і бяспечным для іх знаходжанне тут і атрыманне дакументаў, часовых пашпартоў для тых, каму ўласная краіна адмаўляе ва ўласных пашпартах».

«Вы павінны вызваліць гэтых палітвязняў. Калі вы гэта не зробіце, мы гарантуем, што вас будуць судзіць у Гаагскім трыбунале», — падкрэсліла Малгажата Гасеўска з Польшчы (ЕКР).

Еўрадэпутатка ад «Левых» з Францыі Рыма Хасан адзначыла, што вызваленне некаторых палітвязняў адбылося, верагодна, толькі з нагоды будучых выбараў, тады «як тысячы чальцоў прафсаюзаў і палітычнай апазіцыі ўсё яшчэ за кратамі». Яна заклікала не заплюшчваць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і ўвесці новыя санкцыі за гэта.

«Не падманвацца» нядаўнімі вызваленнямі палітвязняў, калі яшчэ больш як 1300 асобаў знаходзяцца ў беларускіх вязніцах, заклікала і еўрадэпутатка са Славаччыны Мірыям Лексман (ЕНП), чый «добры сябра» Павел Севярынец таксама ўтрымліваецца ў турме.

«Нас не павінна падмануць цяперашняя тактыка рэжыму — вызваліць некаторых, я падкрэсліваю, палітвязняў і арыштаваць іх зноў. У падкантрольнай Лукашэнку краіне нічога не змянілася. Мы павінны цвёрда патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў, многія з якіх знаходзяцца ў вельмі кепскім стане здароўя. Пакуль для ўтрымання ўлады выкарыстоўваюцца рэпрэсіі і лаяльны да дыктатара КДБ, мы не можам спыніць узмацненне ціску на Менск. Цвёрдая рашучасць узмацніць ціск праз санкцыі, адзіная пазіцыя і падтрыманне дэмакратычных сілаў у Беларусі — гэта тое, што мы павінны працягваць рабіць. Гэта шлях да іншай будучыні, Беларусі», — сказаў Пятрас Аўштравічус (Renew) з Літвы.

Санкцыі, яшчэ больш санкцыяў і суд

Дайнюс Жалімас (Renew) з Літвы падкрэсліў, што даўно вядомыя імёны тых, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць беларускай грамадзянскай супольнасці, «і хто іх гаспадар», але ўніверсальная юрысдыкцыя ў дачыненні іх практычна не ўжываецца. Толькі ў Літве пачатая адна справа, «аднак пакуль не названыя падазраваныя і не выдадзеныя ордары на арышт». Жалімас заклікаў максімальна ўжываць прынцып універсальнай юрысдыкцыі, перадаць сітуацыю ў Беларусі, наколькі гэта магчыма, на разгляд Міжнароднага крымінальнага суду, а таксама разгледзець пытанне стварэння адмысловага трыбуналу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус з Літвы. 19 лютага 2019 года. Фота: Martynas16 / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус з Літвы. 19 лютага 2019 года. Фота: Martynas16 / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

«Толькі поўная ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі можа прымусіць яго вызваліць вязняў сумлення. Таму трэба дамагацца больш жорсткіх санкцыяў на ўзроўні Еўразвязу, значна больш сур’ёзнага ціску», — сказаў еўрадэпутат ад «Зялёных» Марціньш Стакіс, супраць якога як былога мэра сталіцы Латвіі ў Беларусі заведзеная крымінальная справа.

Польская еўрадэпутатка Анна Залеўска з ЕКР выказала незадаволенасць «словамі, словамі, яшчэ словамі»: «У нашым распараджэнні шмат інструментаў. Пра што нам працягваць размову? Больш актаў ізаляцыі, больш актаў пакарання».

«Як ЕЗ, мы не можам бяздзейна глядзець на тое, як камуністычная Расія абараняе сваю сферу інтарэсаў або тэрыторыю, якую яна лічыць сферай сваіх інтарэсаў. Мы хочам вольнай і незалежнай Беларусі. Таму ў сваёй рэзалюцыі мы заклікаем увесці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі», — сказаў польскі еўрадэпутат Міхал Кабоска (Renew).

Пра неабходнасць пераследу Лукашэнкі на міжнародным узроўні заявіў яшчэ адзін польскі еўрадэпутат Мар’юш Каміньскі (ЕКР), назваўшы яго «бандытам, які ўтрымаўся ва ўладзе дзякуючы грубай сіле і падтрымцы Крамля».

«ЕЗ павінен выкарыстаць усе свае паўнамоцтвы, каб аказаць ціск на беларускі рэжым і забяспечыць вызваленне палітвязняў. Аляксандр Лукашэнка і яго злачынцы павінны паўстаць перад міжнародным крымінальным судом», — адзначыў ягоны калега і аднапартыец Міхал Дворчык.

Не абмяжоўвацца сімвалізмам і дапамагаць мігрантам

Не абмяжоўвацца сімвалічным падтрыманнем беларускіх палітвязняў заклікаў Ондржэй Коларж, еўрадэпутат з Чэхіі (ЕНП). Працягваць падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці, медыяў, дэмакратычных сілаў і палітвязняў заклікаў Гельмут Брандштэтэр (Renew) з Аўстрыі, які падкрэсліў, што «беларусы — гэта еўрапейцы».

«Лукашэнка не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам. Усе гэта ведаюць. Напэўна, ён і сам гэта ведае», — дадаў Брандштэтэр.

Чэшская еўрадэпутака Маркета Грэгорава («Зялёныя) заявіла, што Еўразвяз мусіў бы спрасціць працэс атрымання віду на жыхарства для людзей, якія ратуюцца ад палітычнага пераследу ў Беларусі, «а тыя краіны, якія ўвогуле перасталі даваць візы, могуць апамятацца». Таксама, на яе думку, неабходна ўвесці моцныя «санкцыі ў тыя сферы, якія наносяць шкоду Лукашэнку і ягоным набліжаным». Але на гэта Еўразвязу «не хапае смеласці», сказала яна.

«Калі вы назіраеце, як гарыць дом вашага суседа, не здзіўляйцеся, калі агонь перакінецца на ваш дом», — заявіла Грэгорава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з асуджаным у Беларусі актывістам у Анджэем Пачобутам на плошчы Адама Міцкевіча ў Познані, Польшча. 2 снежня 2023 года. Фота: Mikolaj Kamienski / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з асуджаным у Беларусі актывістам у Анджэем Пачобутам на плошчы Адама Міцкевіча ў Познані, Польшча. 2 снежня 2023 года. Фота: Mikolaj Kamienski / Forum

Не забывацца «на бяду беларускага народу», нягледзячы на войны ва Украіне і Блізкім Усходзе, заклікаў аўстрыйскі еўрадэпутат Рэйнгальд Лапатка (ЕНП).

Уздымалася падчас абмеркаванне і пытанне абыходжання з асобамі, асуджанымі ў Беларусі да смяротнага пакарання. А таксама гучала крытыка праекту рэзалюцыі. Выказаў яе нямецкі еўрадэпутат з ультраправай «Еўропы суверэнных нацыяў» Томаш Фроліх. Ён заявіў, што рэпрэсіі ў Беларусі сталіся вынікам таго, што Еўразвяз «натхніў» беларусаў на паўстанне, а рабіць гэта, паводле яго, было не варта.

Шмат еўрадэпутаў заканчвалі свае выступы беларускім нацыянальным лозунгам «Жыве Беларусь!»

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10