навіны

Больш за 100 нобэлеўскіх лаўрэатаў заклікалі вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага

Адкрыццё муралу з партрэтам Алеся Бяляцкага ля амбасады Беларусі. Вільня, Літва. 21 снежня 2022 года. (Фота: Белсат)
Адкрыццё муралу з партрэтам Алеся Бяляцкага ля амбасады Беларусі. Вільня, Літва. 21 снежня 2022 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

«Сімвал надзеі і натхнення для праваабаронцаў усяго свету, і ён варты пашаны»

Міжнародны ПЭН апублікаваў ліст салідарнасці з праваабаронцам, лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім. Падпісанты – 103 нобэлеўскіх лаўрэата – назвалі яго сімвалам надзеі і натхнення для праваабаронцаў усяго свету.
Адкрыццё муралу з партрэтам Алеся Бяляцкага ля амбасады Беларусі. Вільня, Літва. 21 снежня 2022 года. (Фота: Белсат)
Адкрыццё муралу з партрэтам Алеся Бяляцкага ля амбасады Беларусі. Вільня, Літва. 21 снежня 2022 года. (Фота: Белсат)
«Алесь Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Ён наважыўся заклікаць Аляксандра Лукашэнку да адказу за ягонае бязлітаснае, няспыннае і сістэматычнае задушэнне незалежных галасоў. За гэта ён плаціць дорага: дзесяццю гадамі зняволення паводле надуманых падставаў», – гаворыцца ў лісце салідарнасці.
Аўтары нагадалі, што ў леташнім снежні праваабаронцу не дазволілі выступіць з прамоваю на цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру ў Осла:


,,

«Алесь Бяляцкі – сімвал надзеі і натхнення для праваабаронцаў усяго свету, і ён варты пашаны. Замест гэтага ён апынуўся за кратамі разам з пяццю сябрамі праваабарончага цэнтру «Вясна», заснаванага ім, каб падтрымаць тых, каго прыгнятаюць і пераследуюць беларускія ўлады».


Падпісанты таксама падтрымалі іншых праваабаронцаў «Вясны» – Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка – і заклікалі скасаваць прысуды і зняць усе абвінавачванні.


,,

«Мы салідарныя са шматлікімі пісьменнікамі, журналістамі, дзеячамі культуры, праваабаронцамі і грамадзянамі Беларусі, якія адбываюць доўгія турэмныя тэрміны за тое, што яны мірна выказвалі сваё меркаванне і казалі ўладзе праўду», – адзначаецца ў звароце.


Акрамя таго, выказанае падтрыманне беларускаму народу, які працягвае змагацца за свае правы.
«Кажучы словамі Алеся Бяляцкага, мы таксама верым, бо ведаем, што пасля зімы заўжды наступае вясна», – гэтак заканчваецца ліст.
Зварот падпісалі 103 нобэлеўскіх лаўрэата, у тым ліку пісьменніцы Святлана Алексіевіч, Вольга Такарчук, Ані Эрно, лаўрэаты прэміі міру Дзмітрый Муратаў, Марыя Рэса, Хуан Мануэль Сантас, Шырын Эбадзі.
Сёння беларусы адзначаюць Дзень салідарнасці з палітвязнямі. Акцыі запланаваныя ў шмат якіх гарадах у 19 краінах свету.
Сяргей Крот belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10