навіны

«Вызваліць Бяляцкага, вызваліць усіх». Як свет рэагуе на прысуд вясноўцам

«Свабоду Вясне». Выява: The Observatory / Twitter
«Свабоду Вясне». Выява: The Observatory / Twitter
podpis źródła zdjęcia

«Раней толькі двойчы здаралася, каб Нобэлеўскую прэмію міру давалі асобе ў няволі».

Суд Ленінскага раёну Менску «праславіўся» на ўсю планету: пра вырак у справе «Вясны» пішуць ад Арабскіх Эміратаў да Японіі. Не кожнае дзесяцігоддзе судзяць лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.
«Свабоду Вясне». Выява: The Observatory / Twitter
«Свабоду Вясне». Выява: The Observatory / Twitter
«Прысуд для вясноўцаў – бесчалавечны, жорсткі, але прадказальны. Гэта помста за нязломнасць. Помста за салідарнасць. Гэта і плявок у твар міжнароднай праваабарончай супольнасці», – напісала абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская.
Яна дадала, што праз Алеся Бяляцкага «Беларусь вяртаецца ў парадак дня», «дзякуючы яму гавораць пра іншых палітвязняў». Ціханоўская лічыць гэта «вялікай ахвярай, на якую ён пайшоў дзеля ўсіх нас».
Ціханоўская выдала асобнае відэа па-англійску – і паабяцала, што беларусы зробяць «усё магчымае, каб вызваліць нашых герояў і вызваліць нас усіх ад жаху, які ніколі не мусіць паўтарыцца».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заклікаў да ўвядзення жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і сінхранізацыі іх з санкцыямі супраць Расеі, судовага пераследу прадстаўнікоў рэжыму ў межах універсальнай юрысдыкцыі і стварэння міжнароднага трыбуналу, высылання дыпламатаў і міжнароднай ізаляцыі рэжыму, закрыцця пунктаў пропуску на межах з краінамі Еўразвязу для грузаў, але не для асобаў.
«Важна, каб еўрапейцы не толькі выказвалі сваё шкадаванне наконт гэтага, але і прынялі ўсе магчымыя меры са свайго боку для вызвалення як Алеся Бяляцкага, так і ўсіх беларускіх палітвязняў», – сказаў Латушка.
«Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, якія атрымалі сусветнае прызнанне, — вось красамоўная ілюстрацыя характару беларускага правасуддзя, што адправіла за краты толькі цягам апошніх двух гадоў больш за паўтары тысячы палітвязняў», – пракаментаваў суд праваабарончы цэнтр «Вясна».
Сем беларускіх праваабарончых арганізацыяў падпісалі ліст у падтрыманне «Вясны» і супраць судовага пераследу вясноўцаў.
«Праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі сёння ўвасабляе сабой усю грамадзянскую супольнасць Беларусі, якая не хоча мірыцца з несправядлівасцю і парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, знішчэннем беларускай культуры, – напісала старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай у супольнай заяве з Міжнародным ПЭНам.
Пра вырак выказаліся і многія іншыя беларускія арганізацыі і вядомыя беларусы. А «Press Club Belarus» згадаў цытаты самога Бяляцкага з нядаўна выдадзенай кнігі.
Да выраку была вялікая ўвага і за мяжою, у тым ліку на ўзроўні Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
«Адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы і іншыя парушэнні гарантыяў справядлівага судовага разбору прывялі да крымінальнага пераследу, асуджэння і пакарання праваабаронцаў у Беларусі за іхную законную праваабарончую дзейнасць», – заявіла прадстаўніца Управы вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека Равіна Шамдасані.
«Палітычна матываваныя прысуды Бяляцкаму і актывістам «Вясны» – гэта абраза правасуддзя. Я заклікаю іх вызваліць. Еўрапарламент падтрымлівае вольную Беларусь», – напісала прэзідэнтка Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля.
«Спроба заглушыць іх праваліцца. Мы панясём іхныя галасы», – паабяцала прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязву ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль згадаў словы самога Бяляцкага: «Так здараецца, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, найчасцей яе пазбаўленыя». Тыя ж словы цытаваў Нобэлеўскі камітэт.
Разам з Бяляцкім быў асуджаны Валянцін Стэфановіч, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
«Невінаватыя людзі трапляюць у турму, бо яны адмовіліся адступіць, пайсці на кампраміс са сваімі каштоўнасцямі і сваёй працай», – пракаментавала прэзідэнтка FIDH Аліс Мохўэ.
Вырак пракаментавалі і многія палітыкі ды дзяржаўныя ўстановы.
«Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць яго замаўчаць, але Алесь Бяляцкі не саступіў ні кроку ў сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі», – напісаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.
«Менскі рэжым гвалтам і турмой змагаецца з грамадзянскай супольнасцю. Гэта такая ж штодзённая ганьба, як і падтрыманне Лукашэнкам пуцінскай вайны», – заявіла міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.
Вырак асудзілі таксама МЗС Літвы і Францыі, прэм’ер-міністр Латвіі, міністры замежных справаў Эстоніі і Швецыі, амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі… Прысудам абурылася нават амбасадарка Ірландыі ў Літве:
Еўрапарламентар з Нідэрландаў Тэйс Рэтэн назваў суд «фальшывым і ганебным», а таксама апублікаваў ранейшае відэа, на якім з трыбуны Еўрапарламенту казаў пра Бяляцкага як пра «абсалютны маяк правоў чалавека» і свайго сябра, а таксама заклікаў сінхранізаваць санкцыі супраць Крамля і рэжыму Лукашэнкі.
Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка ж пракаментаваў сцісла: «Гэта палітычны прысуд! Алесь Бяляцкі мусіць быць на волі!».
Пра вырак пісала безліч замежных выданняў.
Агенцтва «Reuters» адзначыла, што прысуды вясноўцам выклікалі абурэнне, і асобна пераказала біяграфію Бяляцкага.
«The New York Times» і «The Washington Post», BBC і «The Guardian», «France24» і «Le Monde», «Der Tagesspiegel» і «Zeit», «Anadolu» і «Al Jazeera» – практычна ўсе буйныя медыі іншых краінаў паведамілі пра прысуды. Навіна дайшла ў СМІ Арабскіх Эміратаў, Індыі, Японіі, Канады, Мексікі …
«Лукашэнка, які кіруе былой савецкай краінай жалезнай рукой з 1994 года, распачаў жорсткі разгон пратэстоўцаў, самы маштабны ў гісторыі краіны. Больш за 35 тысяч асобаў былі арыштаваныя, тысячы збітыя паліцыяй», – піша «Time».
«Дыктатарскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае палітычны пераслед у Беларусі. Станам на 3 сакавіка палітвязнямі ў краіне прызнаныя 1458 асобаў», – адзначае «Укрінформ».
«Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма палітвязняў», – каментуе прысуд рэдактар расейскай службы BBC Стыў Розэнбэрг.
«Раней у гісторыі толькі двойчы здаралася сітуацыя, калі Нобэлеўскую прэмію міру давалі асобе ў няволі», – нагадвае «Rzeczpospolita».
А расейская «Новая Газета. Европа» выдае маніфест «Вызваліць Бяляцкага – вызваліць усіх» ад беларускай журналісткі Ірыны Халіп, у якім прысуд Бяляцкаму называецца «выпрабаваннем для ўсяго цывілізаванага свету» і згадваецца, як Чырвоны Крыж у час Першай сусветнай вайны вызваляў з расейскага палону лаўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне медыцыны аўстрыйца Робэрта Барані, як ізноў трапіла за краты бірманская лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Аўн Сан Суў Чы і як не дачакаўся волі кітайскі лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лю Сяў Бо.
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10