«Сігнал Лукашэнку і Пуціну». Каму разам з Бяляцкім далі Нобэлеўскую прэмію міру
07.10.2022, 19:47
Лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года. Выява: The Nobel Prize / Twitter
podpis źródła zdjęcia
Расказваем, што такое «Мемориал» і «Центр громадянських свобод»
Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе ўганаравалі аднаго чалавека і дзве ўстановы: зняволенага кіраўніка беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага, расейскую праваабарончую арганізацыя «Мемарыял» і ўкраінскі «Центр громадянських свобод».
Лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года. Выява: The Nobel Prize / Twitter
Нават калі імя Алеся Бяляцкага да сённяшняга дня чулі не ўсе беларусы, то што такое «Вясна», на жаль, ведаюць многія. Праваабарончы цэнтр 26 гадоў падтрымліваў палітычных зняволеных і змагаўся з палітычнымі рэпрэсіямі, а за апошнія два з паловай гады праз рэпрэсіі прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў эфіры «Белсату» казаў: уганараванне Бяляцкага Нобэлеўскай прэміяй важна і таму, што Бяляцкі ўсё жыццё змагаецца за правы беларусаў, і таму, што дзякуючы гэтаму пра Беларусь і беларускіх зняволеных прыгадае ўвесь свет.
,,
«Зразумела, што гэта моцны сігнал дыктатару Лукашэнку, таксама гэта сігнал і Пуціну, калі мы паглядзім шырэй на тое, хто атрымаў гэтую ўзнагароду», – заўважыў Латушка.
«Дзве праваабарончыя арганізацыі, расейская і ўкраінская, і беларускі праваабаронца, які кіруе самай вядомай, самай заслужанай праваабарончай арганізацыяй, – пералічвае ён. – Так што гэта перадусім сігнал дыктатарам, што свет не забывае пра Беларусь, пра палітзняволеных, не забывае пра тую частку расейскага грамадства, якая змагаецца з сістэмай у Расеі. І гэта таксама сігнал для ўкраінскага народу».
Латушка згадаў, што ў яго ад раніцы разрываліся тэлефоны, адначасова чатыры замежныя агенцтвы і тэлеканалы прасілі пракаментаваць уганараванне Бяляцкага Нобэлеўскай прэміяй. Таму прэмія, кажа ён, гэта і інструмент уплыву: сітуацыю ў Беларусі адсунула на другі план жахлівая вайна ва Украіне, а беларускія ўлады карыстаюцца гэтым, каб узмацніць рэпрэсіі.
Некаторых украінцаў абурыла, што прэмію далі адразу ўкраінскай і расейскай арганізацыі, а таксама беларусу. Напрыклад, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк заявіў у Twitter, што прэмію разам атрымалі «прадстаўнікі дзвюх краінаў, што напалі на трэцюю».
,,
«Ні расейскія, ні беларускія арганізацыі не змаглі арганізаваць супраціў гэтай вайне», – напісаў Падаляк.
Латушка згадаў гэты твіт і сказаў, што разумее такія выказванні: украінцам сапраўды вельмі баліць, яны маюць права казаць пра гэта. Але ёсць беларусы, якія церпяць у тым ліку за тое, што падтрымліваюць Украіну, і ёсць беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны. Пра гэта, кажа Латушка, варта даносіць інфармацыю. А Нобэлеўская прэмія дае, кажа ён, сігнал грамадствам: «Матывуйцеся, трэба рабіць яшчэ больш, трэба дапамагаць, каб вызваляць палітзняволеных».
«Мемориал» утварыўся ў СССР у 1987 годзе на базе гісторыка-асветніцкай секцыі клубу «Демократическая перестройка»: палітыка галоснасці ў канцы 80-х дала магчымасць абмяркоўваць савецкія рэпрэсіі. Першым старшынёй арганізацыі стаў савецкі фізік, дысідэнт і праваабаронца Андрэй Сахараў. Даволі хутка «Мемориал» стаў сеткай незалежных арганізацыяў спачатку ў гарадах СССР, а потым і розных краінаў свету, перарос у рух «Международный Мемориал».
Адной з першых ідэяў «Мемориала» стаў збор сродкаў на помнік рэпрэсаваным – у 1990-м такі сапраўды паставілі насупраць будынку КДБ у Маскве. Ад 1988 года «Мемориал» ладзіў мітынгі памяці ахвяраў савецкага тэрору.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё Салавецкага каменя. Масква, СССР. 30 кастрычніка 1990 года. (Фота: Дмитрий Борко / memo.ru)
«Мемориал» неўзабаве вырашыў займацца праваабарончай дзейнасцю, бо, як згадваюць актывісты, «стала зразумела, што нас у роўнай ступені цікавяць масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека ў мінулым і сучаснасці», а сучасныя парушэнні правоў яны разглядалі «ў непарыўнай сувязі з мінулым». У 1993 годзе быў афіцыйна зарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Мемориал».
«Международный Мемориал» стаў выдаваць газеты і кнігі, дакументаваў войны ў Чачэніі, дапамагаў расейцам бараніць свае правы праз міжнародныя механізмы, прыдумаў новыя акцыі ў памяць аб рэпрэсаваных (як то «Последний адрес» і «Возвращение имён»), выяўляў месцы пахаванняў ахвяраў тэрору ў савецкі час і судзіўся за іх рэабілітацыю, а таксама кансультаваў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
З прыходам Уладзіміра Пуціна да ўлады ў Расеі «Мемориал» сутыкнуўся з перашкодамі ў дзейнасці, штрафамі, арыштамі сваіх чальцоў, прызнаннем «замежнымі агентамі». Супрацоўніца «Мемориала» ў Грозным Наталля Эстэмірава была забітая пасля канфлікту з кіраўніцтвам Чачэніі, а забойства не было расследавана належным чынам. У снежні 2021 года ў Расеі ліквідавалі юрыдычныя асобы «Международного Мемориала» і праваабарончага цэнтру «Мемориал».
Што такое «Центр громадянських свобод»
«Центр громадянських свобод» заснавалі ў 2007 годзе як транснацыянальны рэсурсны цэнтр падтрымкі праваабарончых арганізацыяў дзевяці постсавецкіх краінаў. Цэнтр ладзіў моладзевыя праваабарончыя школы і міжнародныя канферэнцыі, заснаваў «Кааліцыю супраць нянавісці», «Кааліцыю абароны фундаментальных свабодаў у Еўразіі» і іншыя, удзельнічаў у назіранні за парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі ў 2010 годзе і ў працы ініцыятывы «Євромайдан SOS» у 2013-м, заснаваў групу грамадскага назірання за праваахоўнікамі і сілавікамі OZON, ладзіў праваабарончыя клубы ў розных рэгіёнах Украіны, заснаваў некалькі прэміяў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя супраць пагрому цыганскага табару. Кіеў, Украіна. 27 красавіка 2018 года. (Фота: ccl.org.ua)
З 2014 года і да пачатку нападу Расеі на Украіну «Центр громадянських свобод» удзельнічаў у мабільных маніторынгавых місіях у Крыме і Данбасе, перадаваў у Міжнародны крымінальны суд сведчанні пра злачынствы рэжыму Віктара Януковіча, дакументаваў злачынствы ў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», вёў кампаніі за вызваленне вязняў-украінцаў у Расеі. У 2020 годзе Цэнтр ініцыяваў міжнародную акцыю салідарнасці з Беларуссю #BelarusWatch. Ад 2021 года Цэнтр каардынуе працу міжнароднай Платформы грамадзянскай салідарнасці («Civic Solidarity Platform»). Ад 2022 года Цэнтр далучыўся да грамадзянскай ініцыятывы «Трыбунал для Пуціна».