Меркаваннi

Жаданне пайсці насустрач «несяброўскім краінам»

Свежая бульба, ілюстрацыйны здымак. Фота: unsplash.com
Свежая бульба, ілюстрацыйны здымак. Фота: unsplash.com
podpis źródła zdjęcia

Калі 22 траўня Еўрапейскі Звяз увёў чарговы пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, рэакцыя ягонай прапагандысцкай машыны сталася даволі нечаканай. Замест таго, каб зноў абвінавачваць «калектыўны Захад» у «незаконных абмежаваннях, скіраваных на падрыў суверэнітэту Рэспублікі Беларусь», а ў той жа самы момант з другога боку заяўляць, што «дзякуючы санкцыям беларуская эканоміка пазбавілася залежнасці ад імпарту з несяброўскіх краінаў і толькі вырасла на гэтым фоне», чыноўнікі афіцыйнага Менску абралі іншую тактыку.

Чытайце таксама:
Ураджай бульбы. Карэлічы, Беларусь. 23 верасня 2017 года. Фота: П'ер Кром / Getty Images

Кейс для падручніка, або «Ды што ж вы робіце?!»

Варта адзначыць, што новыя абмежавальныя захады Еўразвязу – гэта ў першую чаргу забарончыя мыты на прадукцыю аграгаспадаркі ды ўгнаенні з Беларусі і Расеі. На аграпрадукцыю тарыфы могуць дасягаць 50 %, а для ўгнаенняў яны ўвогуле могуць вырасці да 450 еўраў на тону за 3 гады (з цяперашніх каля 20 еўраў) пасля ўвядзення гэтага рэгулявання. Менавіта таму такія мыты і завуцца забарончымі – каб увозіць тавары, на якія яны накладаюцца, было проста нявыгадна.

І вось на фоне такой інфармацыі 27 траўня ў тэлеграм-канале пад назвай «Правительство Беларуси» з’яўляецца заява пра публікацыю пастановы гэтак званага Савету міністраў № 287, у якой гаворыцца, што «ў адказ Урад зняў забарону на ўвоз і рэалізацыю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь бульбы, цыбулі рэпчатай, капусты свежай белакачаннай, яблыкаў, якія паходзяць з несяброўскіх краінаў, уключна з дзяржавамі – чальцамі ЕЗ».

Так-так, вы ўсё прачыталі правільна. Рэжым Лукашэнкі дазволіў ізноў увозіць у Беларусь чатыры віды прадуктаў і абгрунтоўвае гэта выключна жаданнем пайсці насустрач «несяброўскім краінам». Вось цытата з узгаданай вышэй заявы: «Беларусь чарговы раз дэманструе адкрытасць, міралюбнасць, прынцып добрасуседства і на аналогію з пастановаю аб бязвізавым заездзе ў нашую краіну грамадзянаў шэрагу дзяржаваў, у тым ліку краінаў ЕЗ, аслабляе абмежаванні, уведзеныя ў дачыненні сельскагаспадарчай прадукцыі з несяброўскіх краінаў».

Недзе мы ўжо чулі такія заявы пра «жэсты добрай волі», вам не здаецца? А пералік тых самых прадуктаў не пакідае сумневу: сітуацыя ў асобных галінах аграгаспадаркі ў Беларусі рэальна пакідае жадаць лепшага. І праблемы з наяўнасцю на прылаўках бульбы (цэны на якую выраслі больш як удвая) і цыбулі – не проста выпадковасць. І менавіта дзеля выратавання айчыннага рынку ад харчовага крызісу чыноўнікі рэжыму пастанавілі, як кажуць у іхных колах, даць заднюю – часткова зняць уведзеныя раней абмежаванні супраць краінаў Еўразвязу. Каб як мінімум капуста ды яблыкі не паўтарылі досвед галоўнага караняплоду нашага рэгіёну са знікненнем з продажу і вяртаннем праз пэўны час у разы даражэйшым.

Агулам, гэты крок вельмі добра паказвае эфектыўнасць дзеянняў лукашэнкаўскай наменклатуры ў эканоміцы. Выходзіць, што гэтыя «контрсанкцыі» афіцыйнага Менску аказаліся самай сапраўднай ілюстрацыяй да прымаўкі «назло маме адмарожу вушы». Дыктатура настолькі далёка зайшла ў сваіх эканамічных эксперыментах, што і вушы ў выглядзе беларускай гаспадаркі сталіся адмарожанымі, і «маму» раззлаваць не атрымалася. Бо сэнс жа быў у тым, каб паказаць клятым заходнікам «кузькіну маць»: ану пабачым, як вы там абыдзецеся без нашых рынкаў! У выніку ЕЗ неяк даў рады, а вось рэжыму Лукашэнкі даводзіцца прыдумляць прапагандысцкія піруэты, каб патлумачыць аўдыторыі гэткі рэзкі разварот у сваёй палітыцы.

Што праўда, Еўрапейскі Звяз Лукашэнку не мама, таму і перажываць за адмарожаныя вушы неслухмянага хлопчыка (а тым больш прыкладаць нейкія намаганні да ягонага вяртання ў здаровы стан) дакладна не будзе. Няхай гэтым пераймаецца ягоны «старэйшы брат» у Крамлі, да якога так любіць апеляваць дыктатар у Менску. Дарэчы, Пуцін з нагоды гэтай сітуацыі жартаваў: «Бульба ў Беларусі скончылася, што гэта такое?!» Беларускі эканамічны цуд, Уладзімір Уладзіміравіч! Гэта менавіта ён.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10