навіны

«Reuters»: Дамінаванне Расеі на газавым рынку Еўразвязу заканчваецца

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sputnik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sputnik
podpis źródła zdjęcia

Расейскі «Газпром» пачаў скарачэнне паставак прыроднага газу ў Еўропу праз Украіну. З 1 студзеня яны маюць спыніцца цалкам. Гэта ўсё пакладзе канец дамінаванню Расеі на газавым рынку Еўразвязу, што пачалося яшчэ пры СССР.

Як паведамляе «Reuters», «Газпром» заявіў, што паставіць 31 снежня 37,2 млн кубаметраў газу праз Украіну супраць 42,4 млн ранейшага аб'ёму. Пазней аператар транзіту газу Украіны заявіў, што Расея не намінавала ніякіх плыняў газу на 1 студзеня праз украінскі трубаправод у Еўропу.

Пастаўкі расейскага газу ў Еўропу праз Украіну маюць спыніцца ў першы дзень 2025 года, што «пакладзе канец працяглага перыяду дамінавання Масквы на еўрапейскім газавым рынку», адзначае выданне.

Найстарэйшы маршрут экспарту газу з Расеі ў Еўропу – трубаправод, пабудаваны яшчэ ў савецкія часы, – мусіць закрыцца, бо сканчаецца пяцігадовае транзітнае пагадненне паміж Расеяй і Украінаю.

Еўрапейскі Звяз рэзка скараціў сваю залежнасць ад расейскага газу пасля пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022 года, знайшоўшы альтэрнатыўныя крыніцы. Астатнія пакупнікі расейскага газу, такія як Вугоршчына, Славаччына і Аўстрыя, арганізавалі альтэрнатыўныя пастаўкі з Расеі, у тым ліку праз Чорнае мора. У выніку гэтага аналітыкі прадбачаць мінімальны ўплыў спынення паставак газу на еўрапейскі рынак. Тым не менш, спыненне паставак праз Украіну будзе сур’ёзным ударам для Малдовы, адзначае «Reuters».

,,

«Спыненне плыні газу будзе мець значна большае геапалітычнае значэнне. Масква страціла дамінантную долю паставак газу ў краіны Еўрапейскага Звязу, саступіўшы яе такім канкурэнтам, як ЗША, Катар і Нарвегія, пасля ўварвання ва Украіну, што заахвоціла ЕЗ скараціць сваю залежнасць ад расейскага газу», – падкрэслівае выданне.


Тым часам расейскі «Газпром» у 2023 годзе ўпершыню з 1999-га зафіксаваў страты – у памеры 7 мільярдаў долараў. «Reuters» адзначае, што доля Расеі на газавым рынку Еўразвязу на піку складала каля 35 %, «але вайна ва Украіне практычна разваліла гэты бізнес».

Нагадаем, што адміністрацыя Джо Байдэна ў ЗША ў апошнія дні ягонага прэзідэнцтва, а таксама Еўракамісія разглядаюць магчымасць увядзення санкцыяў супраць «ценявога флоту» Расеі – танкераў, што выкарыстоўваюцца для транспартавання расейскай нафты ў абыход заходніх санкцыяў.

Паводле крыніцаў Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны, у «ценявы флот» Расеі ўваходзіць каля 238 караблёў. Гэта састарэлыя танкеры без належнага страхавання, што маюць заблытаную структуру ўласнасці, швартуюцца ў сяброўскіх РФ юрысдыкцыях і складаюць каля 17 % сусветнага флоту нафтавых танкераў. З іх дапамогаю Расеі ўдаецца абыходзіць санкцыі і зарабляць на экспарце нафты мільярды долараў. У чэрвені Еўразвяз ужо ўвёў санкцыі супраць 20 расейскіх караблёў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10