навіны

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцыяў супраць «ценявога флоту» Расеі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Джо Байдэн выходзіць з прамовай у Ружовым садзе Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 26 лістапада 2024 года. Фота: Ben Curtis / AP Photo / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Джо Байдэн выходзіць з прамовай у Ружовым садзе Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 26 лістапада 2024 года. Фота: Ben Curtis / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Апошнія тыдні сваёй працы на пасадзе прэзідэнта ЗША Джо Байдэн разглядае магчымасць увядзення новых маштабных санкцыяў супраць энергетычнага сектару Расеі.

Газета «The Washington Post» паведаміла пра гэта са спасылкай на чатырох чыноўнікаў, знаёмых з пытаннем.


Новыя санкцыі могуць даць новай адміністрацыі Доналда Трампа больш рычагоў у перамовах з Уладзімірам Пуціным наконт спынення вайны супраць Украіны, адзначаюць крыніцы.


Асноўная ідэя гэтых санкцыяў у тым, каб нанесці ўдар па так званым «ценявым флоце» міжнародных суднаў, што транспартуюць расейскую нафту ў краіны за межамі заходняга блоку, а таксама па расейскіх экспарцёрах нафты, якія раней не траплялі пад санкцыі.


Са словаў крыніцаў, сярод іншых варыянтаў разглядаецца скасаванне ліцэнзіяў, што дазваляюць банкам праводзіць аперацыі, звязаныя з расейскім энергетычным сектарам. Калі гэтыя крокі будуць зрэалізаваныя, яны могуць сфармаваць эканамічную і замежнапалітычную спадчыну Байдэна перад інаўгурацыяй Трампа.


«Мэтай новых буйных санкцыйных захадаў мае быць скарачэнне даходаў Расеі ад экспарту на двухзначныя паказнікі цягам шасці дванаццаці месяцаў», – заявіў Пітэр Гэрэл, былы старэйшы дырэктар у міжнароднай эканоміцы ў адміністрацыі Байдэна.


Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Байдэна на ўмовах ананімнасці патлумачыў, што гэтыя крокі неабходныя для надання Украіне «лепшай магчымасці» для абароны і вядзення перамоваў пра мір на справядлівых умовах.


21 лістапада Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць «Газпромбанку» – аднаго з нямногіх буйных расейскіх банкаў, што раней не траплялі ў санкцыйны спіс, – каб абмежаваць здольнасць Крамля фінансаваць ваенныя дзеянні.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10