навіны

Байдэн на развітанне збіраецца ўвесці санкцыі супраць РФ

Расейскі нафтавы танкер. Крыніца: hvylya.net
Расейскі нафтавы танкер. Крыніца: hvylya.net
podpis źródła zdjęcia

Джо Байдэн разглядае магчымасць увядзення новых маштабных санкцыяў супраць расейскага энергетычнага сектару ў апошнія тыдні свайго перабывання на пасадзе прэзідэнта ЗША. 

Пра гэта паведаміла газета «The Washington Post» 24 снежня са спасылкаю на чатыры крыніцы.

Паводле інфармацыі выдання, гэтыя санкцыі могуць зрабіцца інструментам для новай адміністрацыі Доналда Трампа, каб узмацніць ціск на Расею і атрымаць больш рычагоў уплыву ў перамовах з Уладзімірам Пуціным пра спыненне вайны ва Украіне.

Новыя захады могуць уключаць санкцыі супраць так званага ценявога флоту – міжнародных суднаў, што транспартуюць расейскую нафту ў абыход заходніх абмежаванняў, а таксама супраць экспартных кампаній, што дагэтуль пазбягалі санкцыяў. Акрамя таго, разглядаецца адмена ліцэнзіяў, што дазваляюць банкам апрацоўваць плацяжы за расейскія энерганосьбіты.

Паводле высокапастаўленых чыноўнікаў, гэтыя дзеянні могуць умацаваць пазіцыі Украіны ў абароне і садзейнічаць дасягненню справядлівага міру. Хоць эксперты папярэджваюць, што Расея будзе працягваць атрымліваць значныя даходы ад экспарту, новыя санкцыі здольныя істотна знізіць іх узровень цягам года.

Нагадаем, што 16 снежня Еўразвяз прыняў 15-ы пакет санкцыяў, у які былі ўлучаныя 54 асобы і 30 кампаніяў з Расеі, Кітаю і КНДР. Санкцыі былі скіраваныя ў тым ліку на так званы ценявы флот – танкеры, што перавозяць нафту з Расеі.

Паводле крыніцаў Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны, у «ценявы флот» Расеі ўваходзіць каля 238 караблёў. Гэта састарэлыя танкеры без належнага страхавання, што маюць заблытаную структуру ўласнасці, швартуюцца ў сяброўскіх РФ юрысдыкцыях і складаюць каля 17 % сусветнага флоту нафтавых танкераў. З іх дапамогаю Расеі ўдаецца абыходзіць санкцыі і зарабляць мільярды долараў на экспарце нафты. У чэрвені Еўразвяз ужо ўвёў санкцыі супраць 20 расейскіх караблёў. 

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10