навіны

Еўракамісія таксама абяцае санкцыі супраць «ценявога флоту» Расеі

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Еўрапейская камісія паабяцала ўвесці новыя санкцыі супраць «ценявога флоту» Расеі – танкераў, якія выкарыстоўваюцца для транспартавання расейскай нафты ў абыход заходніх санкцыяў.

Заява Еўракамісіі сталася адказам на інцыдэнты ў Балтыйскім моры, калі былі пашкоджаныя падводныя тэлекамунікацыйныя кабелі. Гэтак, 17–18 лістапада былі пашкоджаныя кабелі «BCS East-West Interlink» і «C-Lion1», пракладзеных адпаведна паміж Літвой і Швецыяй ды паміж Фінляндыяй і Нямеччынай. Як заяўлялася, наўмысна пашкодзіць кабелі магло кітайскае грузавое судна «Yi Peng 3», якое ішло з расейскага порту Усць-Луга ў егіпецкі Порт-Саід.

25 снежня была пашкоджаная праца сілавога кабелю «Estlink 2» паміж Фінляндыяй і Эстоніяй. У гэтым падазраецца танкер «Eagle S» пад сцягам Астравоў Кука, які накіроўваўся з Санкт-Пецярбургу ў Егіпет.

«Мы рашуча асуджаем любое наўмыснае разбурэнне крытычнай інфраструктуры Еўропы. Падазраванае судна ёсць часткай ценявога флоту Расеі, які пагражае бяспецы і навакольнаму асяроддзю, адначасова фінансуючы вайсковы бюджэт Расеі. Мы прапаноўваем далейшыя захады, улучна з санкцыямі, накіраванымі на гэты флот.

У адказ на гэтыя інцыдэнты мы ўзмацняем намаганні для абароны падводных кабеляў, улучна з палепшаным абменам інфармацыяй, новымі тэхналогіямі выяўлення, а таксама магчымасцямі падводнага рамонту і міжнароднай супрацай», – гаворыцца ў заяве Еўракамісіі.

Пытанне санкцыяў у дачыненні «ценявога флоту» РФ разглядае і Адміністрацыя Джо Байдэна ў ЗША ў апошнія дні ягонага прэзідэнцтва. Як заяўляецца, яны дапамогуць будучай адміністрацыі Доналда Трампа мець больш рычагоў у перамовах з Уладзімірам Пуціным наконт спынення вайны супраць Украіны.

Паводле крыніцаў Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны, у «ценявы флот» Расеі ўваходзіць каля 238 караблёў. Гэта састарэлыя танкеры без належнага страхавання, што маюць заблытаную структуру ўласнасці, швартуюцца ў сяброўскіх РФ юрысдыкцыях і складаюць каля 17 % сусветнага флоту нафтавых танкераў. З іх дапамогаю Расеі ўдаецца абыходзіць санкцыі і зарабляць на экспарце нафты мільярды долараў. У чэрвені Еўразвяз ужо ўвёў санкцыі супраць 20 расейскіх караблёў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10