Арцыбіскупу Кандрусевічу пасля інфаркту зрабілі аперацыю на сэрцы


Каталіцкі арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч нядаўна выйшаў са шпіталя пасля перанесенага інфаркту і аперацыі на сэрцы. Пра гэта 23 траўня паведаміў Catholic.by.

Тадэвуш Кандрусевіч са святарамі ды вернікамі на Акрэсціна.
Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У сваю чаргу Katolik.life адзначае, што пра шпіталізацыю іерарха нічога не паведамлялася, не абвяшчалася і закліку пра малітву вернікаў за ягонае выздараўленне. Пры гэтым з 8 красавіка да 15 траўня адсутнічала інфармацыя пра служэнне арцыбіскупа.

Тадэвушу Кандрусевічу 78 гадоў. У лютым 2023 года ён перанёс аперацыю выдалення пухліны. А праз год трапіў у шпіталь з мігальнай арытміяй сэрца і праходзіў курс лячэння.

З 2007 да 2021 года Кандрусевіч узначальваў Менска-Магілёўскую мітраполію, з 2015 года – таксама і Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі. Ён крытыкаваў дзеянні ўладаў і сілавікоў пасля падзеяў жніўня 2020 года, прыходзіў з малітваю да муроў Акрэсціна. Пасля гэтага іерарха не пусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы пасля кароткай паездкі. Калі Кандрусевічу ўсё ж дазволілі перайсці мяжу, ён пайшоў у адстаўку.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў