«J:МОРС» адсвяткуе 25-годдзе грандыёзным канцэртам у Варшаве


2 лістапада на адной з галоўных пляцовак Варшавы – у клубе «Stodola» – адбудзецца вялікі святочны канцэрт «J:МОРС», прымеркаваны да 25-годдзя гурта.

Гурт
«J: МОРС». Фота прадастаўленае арганізатарамі канцэрту.

«Юбілей “J:МОРС” адсвяткуем у добрым настроі. Гэта будзе адзіны вялікі электрычны канцэрт у гэтым годзе. Абавязкова будуць найлепшыя песні, новыя песні, цікавыя госці і прыемныя неспадзяванкі. Сардэчна запрашаю на нашае свята!» – паведамляе Уладзімір Пугач.

Гурт «J:МОРС» быў заснаваны ў канцы 1999 года сябрамі і студэнтамі ЕГУ Уладзімірам Пугачам і Арцёмам Лядоўскім. Сур’ёзны поспех да калектыву прыйшоў увесну 2003-га з песняй «Web-дизайн». Пасля гэтага было шмат хітоў, альбомаў, прэміяў, канцэртаў, тураў. А таксама незабыўных акцыяў: ад канцэрту ў аблоках да выступу на плошчы Пераменаў.

У 2020 годзе легендарны гурт падтрымаў пратэсты, таму музыкі былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. Трыгерам быў пачатак вайны ва Украіне. Не так даўно Уладзімір Пугач стварыў выдавецтва аўдыякніг «Litaralna» разам з польскім фондам «Życie». 18 красавіка Уладзімір адзначыў сваё 48-годдзе.

Цяпер калектыў базуецца ў Варшаве і працягвае сваю актыўную дзейнасць.

Дата: 2 лістапада 2024 года

Час: 19:00 дзверы, 20:00 пачатак

Месца: Варшава, клуб «Stodola»

Першая партыя квіткоў – 99 злотых. Набыць можна на сайце.

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў